Выбрать главу

Прыкрасць смактала душу Бутоўкіна. Ён абураўся, але не выказваў свайго абурэння ні знешне, ні ўнутрана, не паддаваўся злосці. Толькі дакараў: маладая, прыгожая жанчына — і такая бессаромная ашуканка! У яго не ўкладвалася ў галаве: як можа спалучацца ў чалавеку прыгажосць аблічча і брыдкасць душы? Ён ведаў, разумеў, што так нярэдка бывае ў жыцці, ды сэрца не прызнавала такой дысгармоніі, не мірылася з гэтым.

Падсвядома імкнучыся ў нечым яшчэ апраўдаць Раманкоўскую, Дзмітрый няўпэўнена падумаў, што ў ёй, мажліва, сляпое шкадаванне да чалавека ўзяло верх над цвярозым сэнсам, а не наўмысна, не з карыслівай для Андрэя мэтаю яна так зрабіла. Тады ён прыгадаў вочную стаўку Сенажэнскага з жонкай. Як ірвалася, як стагнала Надзіна душа ад роспачы, жалю і болю! Дык жа сцярпела, усё перамагла жанчына, каб толькі не адступіцца ад праўды. Каб не страціць, можа, не столькі перад ім, службовай асобаю, колькі перад сабой і сваім мужам, самага дарагога, што дадзена чалавеку — сумлення. Згадку адразу скасавала яго апраметнае імкненне зрабіць Раманкоўскай скідку, і пасля гэтага ўся гутарка з ёю падалася яму зусім нікчэмнай і абразлівай. Глыбока ў душы варухнулася такая роспач, якая бывае ў чалавека, калі ён дужа спадзяваўся знайсці, а замест таго страціў.

За гэтым Дзмітрыя востра ўзяло іншае, зусім новае шкадаванне: як было хораша яму, калі слухаў гаворку Кірылы Восіпавіча пра здабыткі калгаснай працы і бачыў яго памаладзелы адухоўлены твар! Каб выціснуць з душы гняткое пачуццё страты, страшэнна захацелася пабачыць такою і яе, Раманкоўскую. Хоць напаследак, хоць на мінуту. А можа б, і яна — як Кірыла Восіпавіч, каб загаварыў з ёю пра тое ж, пра што з ім?.. Ён разумеў недарэчнасць гэтай дзіўнай спадзяванкі, але жаданне было настолькі ўпартае, што ніяк не мог з ім саўладаць. Яно моцна апанавала яго. Магчыма, ён бы яшчэ цвяроза стрымаў сябе, калі б адным часам не падумаў, што, мусіць, смешна выглядае ў гэтым няёмкім маўчанні, якое дужа зацягнулася. Сам не ведаў, як выпаліў:

— Ну, добра, пра тое хопіць. Расказалі б, можа, мне, калі маеце ахвоту, што-небудзь пра калгасныя справы. Якая сёлета ў калгасе збажына вырасла? Умалотная?

Рука Рамашюўскай замерла на блакітнай брошцы, вочы акругліліся, набылі светлаватае адценне.

— Пры чым тут збажына? — Яна пазірала на яго, як на дзівака, непаразумела і насмешліва.

— Ні пры чым, проста цікава. Хлеб жа ўсе ядзім.

Зрэнкі яе адразу звузіліся, сталі вострыя.

— А-а, уцяміла. Хочаце сказаць, што ён яшчэ і пшаніцы калгаснай мне адсыпаў, як вазіў на ток ад камбайна? Дык вось адкуль заязджаеце!

Дзмітрый збянтэжыўся. Ну трэба ж было яму ляпнуць глупства!.. Але пры гэтым яшчэ запытальна глянуў на жанчыну, нібы спадзяваўся пачуць ад яе, што яна пажартавала і так не думае, як сказала.

— Нічога падобнага я не меў у галаве. Адкуль вы ўзялі такое?

Марына паціснула плячамі:

— То дровы, то збажына…

Дзмітрыю страшэнна захацелася курыць. Ён пацягнуўся рукою ў кішэню па цыгарэты, але рука, крануўшы пальцамі пачак, так і засталася ў кішэні. Непрыстойна дыміць пры жанчыне, а пытаць у яе дазволу на гэта яму не дазваляў гонар.

— Адкажыце, Раманкоўская, яшчэ на адно пытанне, — загаварыў ён, пазбягаючы яе позірку.— Калі, ска-ам, з гэтага боку, ад канторы, ехаць да вашай хаты, то кудой трэба кіравацца?..

— Можна вуліцаю — я ў канцы Хітраўкі жыву, — а можна загуменнем, паўз сад. — У Марыніных вачах бліснулі іскры-смяшынкі. — Здагадваюся, таварыш лейтэнант, здагадваюся. Хочаце дазнацца, ці бачыў хто, як ён ехаў да мяне? Ехаў ён, хутчэй за ўсё, загуменнем. Па-мойму, няцяжка зразумець — далей ад людскога вока.

— Ну што ж, пытанняў больш няма. — Дзмітрый стомлена ўсміхнуўся блакітнымі вачамі: нарэшце ён зваліў з сябе вялікі цяжар, закончыўшы гэты нялёгкі, у многім недарэчны, бесталковы допыт. — Я вас не затрымліваю, Раманкоўская. — У роўным голасе чулася горыч.

Марына жвава ўзнялася з крэсла, далікатна беручыся пальцамі, паправіла абедзвюма рукамі на плячах — левай на левым, правай на правым — блузку, якая, з’ехаўшы крыху наперад, пабралася складкамі.

— То ўсяго вам добранькага, таварыш лейтэнант, шчаслівай дарогі вам. — Яна дробнай прыгожай ступою выйшла і адразу ж зноў адчыніла дзверы, усунула ў пакой галаву: — Дык глядзіце ўжо, прашу вас, каб жонка яго не дачулася. Дзіцёнак у іх. — Дзверы ціха, квола, як неапераны жаўтароты верабейка, ціўкнулі завесамі.

Дзмітрый закурыў. Пыхкнуў дымам раз, другі, уціснуў твар у далоні. Так і сядзеў нерухома, акурат заснуў, упёршыся локцямі ў стол. Галава ў далонях і ссутуленыя цвёрдыя плечы выразна віднеліся ў паўкружжы святла, акрэсленым лямпаю, што стаяла на нізкай шафе.