Выбрать главу

Маці завіхалася ў прыбудоўцы каля пліты, гатавала снеданне. Ён спаласнуў у тазе ногі, пратэпаў у свой пакой. Пераапрануўся ў цывільны касцюм. Форменнага міліцэйскага не надзеў, бо яму сёння мелася наведацца ў школу — дык каб не прыцягваць увагу малечы. Выйшаў на двор, сеў на лаўку пад кустом бэзу. Калянае, крыху ўсохлае пад канец лета лісце ледзь чутна шапацела над галавой. 3 агарода понізу блытаным клубком, як малады рой з вулля, выпырхнула шумная чародка вераб’ёў. Яны зрабілі віраж, усё роўна як іх віхор крутнуў, сыпануліся на ўтравянелы прыплотак і ўсчалі такі гармідар, што Дзмітрый усміхнуўся: не толькі людзям — ім таксама няма ўгамону. 3 мінуту паназіраў, як непаседы спрачаліся, штосьці горача даводзячы адно аднаму на сваёй птушынай мове. Вачам кінуўся забіяка ў карычневай манішцы. Ён то падскокваў на месцы, то трапятаў крыллем, нібы жэстыкуляваў, вёртка круціў галавою.

Дзмітрый паварушыўся, і вераб’і ўспырхнулі. Ён пашкадаваў, што яны паляцелі: так жа забаўна валтузіліся! Сарваў з галінкі ліст. Круціў яго ў пальцах, жартам да сябе падумаў: «Хопіць гультайнічаць, лейтэнант Бутоўкін, прыступай да работы, пачынай разважаць». А думка гэткая, хутчэй за ўсё, была і не зусім жартаўлівая. Апошнім часам ён усё больш умацоўваўся ў перакананні, што работа супрацоўніка крымінальнага вышуку — не толькі ў тым, каб праводзіць допыты, выяўляць факты, арганізоўваць аператыўныя мерапрыемствы. Яна таксама — і ў глыбокім аналітычным думанні, у пошуках версій і лагічных разважаннях.

Нельга сказаць, што гэтым жартам — прыступай да работы, пачынай разважаць — ён нейкім чынам падахвоціў сябе. Хутчэй за ўсё выказаў тое, што яму рупіла.

Тады, захоплены допытам Раманкоўскай, ён упусціў з-пад увагі тое, што расказаў яму Сенажэнскі пра выпіўку з Камароўскім. Яно проста адклалася ў свядомасці і заціхла. Але на другі дзень ён правёў паміж імі, Сенажэнскім і Камароўскім, вочную стаўку. I яна адкрыла новую, зусім нечаканую акалічнасць.

Спачатку Камароўскі, падкаціўшы вочы пад лоб, востра ўзіраўся ў Сенажэнскага. Напружаны выраз твару гаварыў, што ён нешта пакутліва, цяжка прыгадваў.

— Вы, Апанас Платонавіч, ведаеце грамадзяніна, які сядзіць насупраць вас? — спытаў у яго Дзмітрый.

— Дзіва што — ці ведаю! — Камароўскі прыўзняўся на крэсле і зноў сеў. — У Вялікіх Бабовічах яго кожны ведае… — Бляклыя, вадзяністыя вочы раптам вырачыліся, ён каўтануў сліну, перавёў дух для галоўнага: — Кожны… Пачакайце!.. — прагаварыў і не закончыў, захліпнуўся, давячыся словамі, што рваліся з горла. Сціснуў кулак, замахаў ім над галавою.

Дзмітрый устрывожыўся:

— Што вы хацелі сказаць, Апанас Платонавіч? Гаварыце.

— Пачакайце!.. Ды гэта ж ён!..

— Хто — ён?

— Таго-гэтага… ён мяне скалечыў! Ён, разбойнік!..

— Нешта я не разумею… Вы пазналі яго?

— Ага, пазнаў. — Кулак павольна апусціўся на калена, пальцы растапырыліся, грэбнулі штаніну.

Адзін міг у Дзмітрыя было такое адчуванне, што Камароўскі не гаварыў гэтых слоў, а яны прытрызніліся яму. Унутры ў яго імгненна быццам штосьці расшырылася, разбухла, і сэрцу стала цесна ў грудзях.

— Дык вы ж, казалі, і раней яго ведалі!..

— Ведаў. Андрэй Сенажэнскі з Малых Бабовічаў. Вёскі нашы побач.

— То чаму толькі цяпер сказалі, што абрабаваў ён? — Твар Дзмітрыя пашарэў, выцягнуўся, акруглы падбародак здрыгануўся.

Напружана доўжыліся трывожныя секунды. Сенажэнскі не паварухнуўся, нібы скамянеў, Вочы яго, пазіраючы на Камароўскага, як ашклянелі і нічога не бачылі перад сабой. Паназіраўшы за ім, Дзмітрый зноў звярнуўся да нарыхтоўшчыка,

— Дык чаму — толькі цяпер? Адказвайце, Апанас Платонавіч.

Погляд Камароўскага пачаў блукаць па кутках пакоя, быццам шукаў там якой падтрымкі. Спалоханыя вочы спадзяваліся знайсці якую-небудзь кропку, каб на ёй затрымацца і даць магчымасць засяродзіцца думцы.

— Даруйце мне, дурню, таварыш лейтэнант, баяўся.

— Чаго баяліся?

— Чаго? Памятаеце, я казаў, што спачатку страціў прытомнасць, а потым крыху ачомаўся. Дык хацеў адразу прызнацца, што добра бачыў нягодніка, але, сабе думаю, прызнаюся, а мне і скажуць: добра бачыў — значыць, пры сіле быў? Чаму не затрымаў яго, калі пры сіле быў? Гэта ты дзяржаўныя грошы так бярог? Значыць, і ты, таго-гэтага, вінаваты: спалохаўся і сам аддаў грошы. Скуру сваю ратаваў. Я, праўда, калі ён пачаў лазіць па кішэнях, схапіў яго за руку. Дык ён жа вунь які бык! — Камароўскі з апаскай зірнуў на Сенажэнскага, заёрзаў на крэсле. — Арыштуйце яго, таварыш лейтэнант, бо ён жа заб’е цяпер мяне і збяжыць.