— Дык выкрыкваў, значыць, Сенажэнскі?
— Ага, Сенажэнскі.
— Што ж, дзякуй табе, Грыша, за шчырасць. У жыцці, браце, трэба заўсёды глядзець праўдзе ў вочы — якая б яна ні была. Светлы той чалавек, які ўмее гэта рабіць.
Дзмітрый зусім не збіраўся павучаць хлапчука, гаварыць яму нейкія незвычайныя сур’ёзныя словы ці даваць настаўленні — само вырвалася. Але ён не шкадаваў, што так атрымалася: значыць, ад душы ішло. Ды і не пашкодзіць падшыванцу лішні раз нагадаць пра такое, пра што ў малалецці ён не дужа турбуецца і дбае. Хай паслухае пры выпадку… Ён зачытаў і даў падпісаць Грышу пратакол, ад удзячнасці, якую яму хацелася выявіць хоць бы як, на развітанне падаў яму руку.
Вольга Міхайлаўна як бы таксама была памкнулася на гэта, ды толькі сказала:
— Можаш ісці на ўрок.
Правяла вучня позіркам да парога і яшчэ глянула за ім у расчыненыя дзверы. Павярнулася да Дзмітрыя.
Дзмітрый і ёй даў падпісаць пратакол, зірнуўшы пры тым вінавата і быццам просячы прабачэння: нічога не зробіш, гэта не ад перастрахоўкі, а так працэдура патрабуе. Паклаў пратакол у папку, знарок дзелавіта спытаў:
— Як вы, Вольга Міхайлаўна, думаеце, можна яму верыць? Праўду ён сказаў? — Меў на ўвазе: хто ж лепш ведае вучня, чым яго настаўніца?
Яна паглядзела на яго доўгім позіркам, нібы вывучала. Як гэта робяць вясковыя жанчыны, сашчапіла рукі на грудзях, дакорліва паківала галавой: ці можна!..
— А вось паслухайце. Надоечы мне стала вядома, што некаторыя вучні майго класа кураць. — Мяккі голас яе як бы пагусцеў. — Падазрэнне ўпала і на Грышу. Я спытала ў яго, ці праўда гэта. Дык ён мне ведаеце што? «Вольга Міхайлаўна, ужо год як я кінуў курыць, яшчэ ў чацвёртым класе!» А вочы сінія-сінія, як вясновае неба, ніводнай хмурынкі ў іх.
Словы настаўніцы прагучалі для Дзмітрыя адным часам і як дакор і як прытоеная іронія: пытаеш, няўжо сам не бачыш? Ён, сумеўшыся, памаўчаў.
— То будзем, бадай, развітвацца, — сказаў, нарэшце, як з неахвотаю, як выціснуў з сябе. — Так вось мы і пазнаёміліся, Вольга Міхайлаўна… Раманкоўская… — Памкнуўшыся ўстаць, ён узяўся рукою за край стала і адразу адхапіў яе. Усе роўна як крянуўся гарачага. — Чакайце, а… Марына Раманкоўская не родзічка вам? — Утаропіўся на настаўніцу зніякавелым позіркам. — Прабачце, і вочы такія ж, і валасы!.. Як я адразу не здагадаўся? — Ад вялай усмешкі, якая спаўзла на яго твар, моршчыўся тонкі з гарбінкаю нос. — Скажы ж — няўважлівы які!.. — Дзмітрый пажартаваў, стараючыся трымацца як можна з годнасцю.
— Чаго вы — нібы разгубіліся? — Вольга Міхайлаўна пазірала пранікліва, скептычна ўсміхнулася.
— Бывае ж во — так нечакана зводзіць лёс людзей, — сказаў ён з намаганнем утрымаць у голасе вясёлы, бестурботны тон, а сам тым часам падумаў: «Калі ты яе сястра, дык якая ж ты сама! Ці не аднаго вы поля ягады?»
Утрапёная думка нарадзіла прадузятасць, душу скалануў подых халоднага, як сіберка, прыкрага недавер’я. Вастрэй стала брацца, тачыць нутро нядобрая насцярожанасць. Але ж ён паверыў хлапчуку не таму, што яна так сказала, а таму, што той быў шчыры. Дык з чым звязана гэтая насцярожанасць да яе?
— Вы правільна падумалі… — Вольга Міхайлаўна хацела даць зразумець: тое, што яна зараз скажа, не мае якога-небудзь асаблівага сэнсу. Яна падшуквала словы, якія б усё, што выклікала ў яго непаразуменне, адразу растлумачылі і паставілі на сваё месца. Не знайшла, тады, нібы з выклікам, нібы на штосьці рашыўшыся, сказала: — Сёстры мы, родныя сёстры.
Дзмітрый павёў вачамі па пакоі, не ведаючы, за што зачапіцца позіркам, спыніў яго на дзвярах. І сказаў весялей, з непадробнай бадзёрасцю, як знайшоўшы нарэшце збавенне:
— Загаварыліся мы, а тым часам справы чакаюць, і мяне, і вас. — Падняўся з крэсла, паставіў яго бліжэй да стала, дзе яму належала стаяць, калі ніхто на ім не сядзеў. — Да пабачэння, Вольга Міхайлаўна. — Сказаў і адвёў убок вочы. — Вялікае дзякуй вам за дапамогу, за ваш клопат.
Узяў шапку, пастаяў момант, усё роўна як спадзеючыся, што ўспомніць яшчэ нешта важнае, і, нічога больш не знайшоўшы, пайшоў.
Усю дарогу да горада Дзмітрый думаў не столькі пра Грышу Лабікава і яго паказанні, колькі пра настаўніцу. Мала што сёстры! Твары і вочы аднолькавыя, ды паводзіны ж розныя!..
3 абодвух бакоў дарогу роўнымі радамі прыгожа абступалі маладыя бярозкі. Іх высадзілі тут, на пад’ездзе да горада, недзе гадоў дзесяць таму назад. Тады гараджане чакалі на свой першы фестываль самадзейнай мастацкай творчасці гасцей з суседняга раёна. Мелася прыбыць многа народу, і гаспадары вырашылі ўпрыгожыць дарогу, па якой госці будуць ехаць. На нядзельнік высыпалі — як мурашкі. Быў там і Дзмітрый разам са сваім класам. Калі, вярнуўшыся з нядзельніка, садзіліся вячэраць, бацька паклаў яму на плячо руку, сказаў: «Во як дружным гуртам парупіўся народ, каб пабрацімаў сваіх прывеціць! Думай, сын, што гэта значыць, думай…» Бярозкі ўжо ўвайшлі ў сілу, набраліся маладога хараства. Раніцай, едучы ў Вялікія Баоовічы, Дзмітрый любаваўся імі. Яны заварожвалі яго, абуджалі ў ім узнёслае адчуванне спрадвечнай прыгажосці. Цяпер не было таго пачуцця ў душы.