XI
Пасля абеду, скоранька вярнуўшыся ў аддзел, Дзмітрый стаў парадкаваць паперы ў гладкай карычневай вокладцы з надпісам: «Крымінальная справа №… па абвінавачванню…» Склаў іх у тым парадку, у якім праводзіліся следчыя дзеянні, падшыў, пранумараваў. Пакуль аддаваўся гэтаму занятку, адчуў: нешта спадцішка пачало яго раздражняць. Ён падумаў з усмешкай: ператаміўся, ці што? Пацёр пальцамі лоб, засяродзіў дзелавіта твар.
Заставалася апошняе: напісаць на вокладцы пасля слоў «па абвінавачванню» — Сенажэнскага Андрэя Міканоравіча. Але Дзмітрый не спяшаўся браць самапіску на стале, быццам у душы баяўся, што з гэтым натрапіць на штосьці прыкрае. Стрымаў сябе, пачаў цвяроза разважаць. Хлапчук шчыры і сумленны, хлапчук не хлусіў… Паказанні яго — з якога боку ні глядзі на іх — доказ… I раптам — прабіўшыся скрозь няясную трывогу, у памяці паўстала тая дзіўная спрэчка з самім сабой. 3 яе лезла, церабілася штосьці такое, што было не высветлена, штосьці далікатнае і разам з тым вострае. Яно было мацней, мела больш сілы, чым яго цвярозае разважанне. «Ну, чартаўшчына ж нейкая, дый годзе».
Дзмітрый пахадзіў па пакоі, зноў сеў за стол. Пакпіў з сябе: «Мусіць, не давучыў цябе, Дзмітрый, дацэнт Пераходаў-Громаў у чымсьці…» Падумаў лёгка, аднак яно як бы і ўсур’ёз атрымалася. «А можа, і сапраўды не давучыў?..» Напружаным слыхам да самога сябе здалёк-здалёк ён улавіў, што яго такая безапеляцыйная перакананасць у віноўнасці Сенажэнскага пагражала таму, чаго ён прагнуў усёй сваёй істотаю — устанавіць праўду. Усведамленне гэтай небяспекі дало яму знак, што неадкладна трэба зноў ехаць у Вялікія Бабовічы. Трэба ўсё ж праверыць паказанні хлапчука.
Машына імчалася хутка, зрэдку падскоквала і трэслася на выбоінах. Роўна, манатонна гуў матор. Дзмітрый пазіраў удалечыню. Адтуль, з сіняватай лясной смугі, набягала стужка дарогі з маладым параснікам дрэў і кустоў узбоч, з узгоркамі і спускамі. Аднастайнасць пачала таміць вочы. Яны, паўпрыкрытыя пацяжэлымі павекамі, нібы глыбей увайшлі ў арбіты.
Праз мінуту дарога зусім знікла, наперадзе нічога не відаць было. Не, далёка-далёка, як схапіць зрокам, пабачыўся заліты сонцам луг. Ярка-зялёны хвалісты разліў… Там нехта лёдзь бачны лёгка ішоў па траве. Ну во, чаму — нехта? Настаўніца, ён добра яе пазнаў… Яго значныя, трывожныя клопаты адразу адступілі на задні план, тое, што адбылося на дарозе каля саду, здалося раптам далёкім і другарадным. Ён хацеў зразумець, што здарылася, і не мог.
А яна прыбліжалася, прыбліжалася… Пышныя каштанавыя валасы рассыпаліся на плячах… Машына гайданулася на калдобіне, Дзмітрый расплюшчыў вочы.
Наперадзе зазіхацела на перадвечаровым сонцы нешырокая пакручастая рэчка. Над ёю, не махаючы крыламі, нізка праляцеў бусел. Ён як ні крануўся макаўкі старой калматай бярозы, што ўчапілася карэннямі ў востры курганок на абрывістым беразе. Дзмітрый паглядзеў на бярозу, павёў вачамі бусла. Паважная птушка дала кругаля над дальняй поймаю, вярнулася назад. Ён увесь час неадрыўна сачыў за ёю, аднак адразу ўлавіў на сабе незразумелы, здзіўлены позірк шафёра. Павярнуўся, пабачыў у ім вострую ўвагу: ты ж такі гаваркі заўсёды, а тут — як размяк… Незадаволена сказаў да шафёра:
— Нешта мы сёння ціха едзем. Паўзём, як муха па смале. Так усе злачынцы ад нас паўцякаюць.
Машына ўзбіралася на ўзгорак.
У Вялікія Бабовічы прыехалі завідна. Але пакуль участковы інспектар Краўчук пазбіраў усіх, з кім трэба было весці гаворку, пачало змяркацца.
У настаўніцкай згушчаліся прыцемкі. Вольга Міхайлаўна ўключыла святло. Ад яркай успышкі Дзмітрый прыжмурыўся. Паглядзеў на Андрэя Сенажэнскага, на Грышу. Яны сядзелі тут жа, пры вялікім стале, што па-гаспадарску раскашаваўся пасярэдзіне пакоя. Вольга Міхайлаўна — там, дзе і раніцай, за сталом, які стаяў у кутку. Зацятая, стрыманая. Але знешні спакой яе не пасаваў з тым, што бачылася ў позірку. Вочы свяціліся трывогай і дакорам. Дзмітрый пазбягаў сустракацца вачамі з настаўніцай.
— Мы, Грыша, вырашылі прадоўжыць з табой сённяшнюю гаворку, так трэба, — загаварыў ён да хлапчука і ўсміхнуўся, падбадзёрваючы яго: ты не бойся, нічога страшнага для цябе не будзе! — Той раз ты сказаў нам, што нехта хваліўся, быццам п’е гарэлку за грошы Камароўскага. Хто гэта быў — ты ведаеш?
— Ага, ведаю. Я ж казаў вам. — Грыша трымаўся упэўнена, ураўнаважана, як і павінна быць, калі чалавек гаворыць праўду.
— Хто? Скажы яшчэ.
— Дзядзька Сенажэнскі.
Андрэй раз-пораз сутаргава сцінаў сківіцы. Шчокі яго ўвачавідкі пашарэлі, як іх прысыпала попелам.