Дзмітрый павольна, нібы нехаця, нібы вагаючыся чагосьці, павярнуў да яго галаву:
— Чуеце, Сенажэнскі? Што скажаце?
— Не хваліўся я ніколі такім! Не хваліўся! Слухай, малец, што ты вярзеш? Што? — Усёй сваёй гнуткай постаццю Андрэй падаўся наперад, аж сцяўся ўвесь, стуліўшы плечы.
Грыша разгублена заміргаў вачамі:
— Дзядзя, я не гавару на вас. Не вы, а Сенажэнскі. Твар яго пачырванеў, на ім адбілася трывожнае здзіўленне.
— Дык я ж, чуй, — Сенажэнскі! Што ты блытаеш, малец!
Дзмітрый, які збіраўся быў нешта запісаць, застыў. Рука яго з заціснутай у пальцах самапіскай павісла над чыстым аркушам. Не паверыў. Не хацеў, не мог паверыць. Паўзіраўшыся ў хлапчука, ён перавёў непаразумелы позірк на настаўніцу. Вольга Міхайлаўна ўскочыла з крэсла, якое суха, тужліва рыпнула, падышла да іх. Узрушаная тым, што пачула, яна недаверліва, са страхам і болем пазірала на вучня.
— Адкуль ты ведаеш, Грыша, што прозвішча таго п’янага, які крычаў каля магазіна, Сенажэнскі? — Дзмітрый усё трымаў руку з самапіскай над чыстым аркушам паперы. Ён углядаўся ў хлапчука так, быццам пазнаваў яго нанава, стараўся зразумець, што яшчэ яму на бяду выкіне гэты несамавіты, на першы погляд такі рахманы падшыванец.
Губы хлапчука здрыгануліся, нібы здушыўшы ў горле ўсхліп.
— Скажы праўду — адкуль?
— Ад дзядзькі Камароўскага.
Дзмітрый пачуў, як засмылела ў яго ў грудзях ад горычы. Так засмылела, што аж дыхаць стала цяжка. Навалілася — крыкнуць на хлапчука: «Ах ты смаркач, а дзе ў цябе свая галава была!» Намогся, адкінуў недарэчны парыў: не гарачыся. Толькі пастражэў, далучыўшы да сваёй няўедлівай абуранасці напорыстае імкненне пранікнуцца ў гэтую блытаніну глыбей, дайсці да ўсяго цвярозай думкаю.
— Як гэта было, Грыша? — Голас яго не змяніўся, гучаў па-ранейшаму роўна і з прыветлівасцю, хаця цяпер ужо і падробленай крыху.
— Мы ж побач жывём. Я пабачыў яго на вуліцы і расказаў, што чуў. Ён тады пачаў распытваць, ці ведаю я таго… А потым як вылаяўся! I гаворыць: «Гэта ж ён, Андрэй Сенажэнскі. Запамятай, гаворыць, прозвішча. Запамятаеш?» Я папытаўся: «Навошта?» Дык дзядзька Камароўскі сказаў мне: «Можа, хто спытае — назавеш». А вы спыталі… — Грыша расказваў, а вочы яго былі сінія-сінія, як вясновае неба.
Дзмітрый роспачна крутнуў галавою, проста так, без усякага спадзявання павёў позіркам па постаці хлапчука і раптам знямеў. На сіняй кашулі, што віднелася на грудзях з-пад расхрыстанага пінжака, пабачыў такі ж, які быў знойдзен на месцы абрабавання нарыхтоўшчыка, сіні гузік. Некалькі секунд ён сядзеў, не ведаючы, што гаварыць, пазіраў на гузік як зачараваны. У душы павольна і цяжка асядала пякучая прыкрасць, нібы ён пачынаў разумець, што зрабіў нешта брыдкае. Сухая гарачыня апякла шчокі.
— Ты, Грыша… — сказаў і разгублена змоўк, не ведаючы, што гаварыць далей. Думкі яго, ліхаманкава скачучы, збіліся ў кучу, зблыталіся, ён ніяк не мог разблытаць іх. Таропячыся перад сабою, гарачкава шукаў разгадкі новай акалічнасці з усемагутным гузікам. Нарэшце крыху зладзіў са сваёй разгубленасцю: — Ты лазіў калі-небудзь у калгасны сад?
Хлапчук зіркнуў на яго і схаваў пад густымі вейкамі вочы, апусціў галаву.
— Чаго маўчыш? Было — дык прызнайся, — загаварыла да яго настаўніца.— Ці баішся праўду сказаць? Але ж сам ведаеш, ілгаць сорамна.
— Лазіў? Можа, там дужа смачныя яблыкі?
Страсянуўшы бялявай чупрынай, Грыша падняў галаву.
— Яблыкі ў нас свае ёсць. А ў калгасным садзе за канавай ігрушы салодкія растуць.
XII
Прайшло нямногім больш за тыдзень з таго часу, як было ўчынена «Вяліка-Бабовіцкае злачынства», а Дзмітрыю здавалася, што расследаваннем ён займаецца ўжо даўным-даўно. Столькі зроблена за гэты час!
Дзмітрый быў у сваім кабінеце. Ён думаў, што вось неўзабаве тэлетайп прынясе адказ на тэлеграму, якую ён паслаў у Калінінград, і нікуды далёка адлучацца яму не варта. Сядзеў за сталом, перачытваў пратаколы допытаў, вывучаў яшчэ раз заключэнні экспертыз, супастаўляў, разважаў. Хаця ў кабінеце і не горача было, расшпіліў каўнер сарочкі, дастаў з кішэні насоўку і выцер моцную жылаватую шыю.
Перачытаўшы пратакол вобыску ў Камароўскага, Дзмітрый адкінуўся на спінку крэсла, і перад ім спакваля, здалеку, быццам аднекуль з іншага свету, адна за адной пачалі паўставаць карціны таго, што адбывалася тады ў хаце нарыхтоўшчыка.
Вобыск цягнуўся доўга. Узрушаны Камароўскі напачатку выказаў сваё абурэнне гнеўным воклічам: «Парадкі — мяне абабралі і мяне ж калоцяць!» Потым увесь час ён маўчаў. Адно знарок гучна кашляў, чым падкрэсліваў сваю крыўду ці што, магчыма, азначала: счакай вось ад вас, ад такіх неразумных начальнікаў, справядлівасці!» Садзіўся то на адно крэсла, то на другое і зіркаў калючымі злоснымі вачамі.