Спачатку Дзмітрый наважыўся неадкладна паехаць у Калінінград. Далажыў пра гэта маёру Івашчанку. Ён гарачыўся, гаварыў такім тонам, што і сумнявацца не даваў — грошы ён пад зямлёй знойдзе, калі толькі яны там. Маёр, высокі, падцягнуты, стаяў каля кніжнай шафы, трымаў у руцэ невялікі том у цёмна-чырвонай вокладцы. Уважліва пазіраў на Дзмітрыя, слухаў. Дакорлівым маўчаннем сваім, вачамі сказаў: «Як жа ты не падумаў? Пакуль будзеш у дарозе, тэлеграф можа данесці на калінінградскі адрас трывожны сігнал. Шукай тады грошы, як маланку ў небе…» Дзмітрый асекся, яму нарэшце адкрылася цвярозая думка. Вінавата глянуў на маёра, але вачэй не адвёў, сказаў цвёрда:
— А-а, зразумеў… Хай вобыск зробяць работнікі мясцовай міліцыі. Толькі так.
Маёр паставіў кніжку на паліцу, адышоў ад шафы, сеў за стол.
— Добра, што зразумеў. Тады — хутчэй да пракурора. Атрымай санкцыю на вобыск і неадкладна перадай калінінградскім калегам па тэлетайпе сваю пастанову. Неадкладна…
Адбылося гэта ўчора пад вечар. Часу яшчэ мінула не многа — сёння рабочы дзень толькі пачаўся, а Дзмітрый ужо зачакаўся паведамлення з Калінінграда.
Прыгадваючы ўсё, што было звязана з вобыскам, ён увесь час шукаў адказу на тлумнае неадступнае пытанне: чаму Камароўскі так падкрэслена выстаўляў напаказ сваю пакрыўджанасць? I раптам папікнуў сябе, што ягоныя думкі скіраваліся ў адзін бок. Камароўскі, Камароўскі… А Сенажэнскі? Куды ён падзеўся?.. Згадка пра Сенажэнскага пацягнула за сабой думку, што цяпер, калі паслужлівая памяць зноў выставіла і яго, усё ў ліхаманкавых разважаннях пойдзе іншым ладам: яны набяруцца роўнасці. Сенажэнскі і Камароўскі — побач. Яны ўсімі, цяпер ужо вядомымі яму, асэнсаванымі ім фактамі будуць выкрываць адзін аднаго. А гэта якраз і трэба было яму. Ён будзе аналізаваць факты, супастаўляючы іх адзін з адным, і адкідаць тыя, якія не вытрымаюць логікі.
Дзмітрый пачаў перабіраць у памяці паказанні і тлумачэнні Сенажэнскага. Але, нягледзячы на ўпартыя, напружаныя памкненні, успаміны не даваліся яму, не ішлі. Палезла пабочнае: што думаў Андрэй, слухаючы яго далёка не далікатныя намёкі на датычнасць да абрабавання Камароўскага, якімі пачуццямі поўніўся ён пасля кожнага допыту? Было непрыемна, бо гэта паўставала як дакоры сумлення. Але ён нічога не глушыў і не зацямняў у сабе — хацелася быць сумленным перад сабою. Ён толькі гаварыў да сябе: прыслухоўвайся, думай. Пра такое трэба думаць следчаму.
На нейкі час Дзмітрый забыўся пра вобыск у Калінінградзе, і калі ў кабінет увайшла тэлетайпістка з паперай у руцэ, ён глянуў на яе, як бы спытаў позіркам: «3 чым завітала?»
— Тэлеграма з Калінінграда. — Тэлетайпістка падала яму паперу, крута, па-вайсковаму павярнулася і рушыла да дзвярэй.
Іншым разам Дзмітрый, мусіць, сказаў бы ёй што-небудзь прыемнае ці пажартаваў бы, а цяпер, падзякаваўшы наўздагон, адразу пабег вачамі па радках. На прадаўгаватым задумлівым твары яго не адбілася асаблівых прыкмет узрушанасці — хаваў яе, хаця ўнутры ён адразу ўсхваляваўся. Прачытаў: «…пры вобыску знойдзена ашчадная кніжка на імя Камароўскай Сцепаніды Карпаўны на суму чатыры тысячы рублёў. Кніжка забрана, на рахунак у ашчаднай касе накладзены арышт. Адпаведныя дакументы будуць высланы спецыяльнай поштай».
Чатыры тысячы рублёў… А ў Камароўскага?.. Па яго словах, рабаўнік адабраў тры тысячы. Адкуль жа тады ўзяліся астатнія грошы?.. Адразу ўзнік адказ: сэканоміў, зарабіў і сэканоміў. Чаму абавязкова думаць на горшае?.. Але гэта толькі на некалькі секунд. А-а, дык жа яшчэ тая ведамасць больш чым на тысячу рублёў, якою ён адчытаўся на выплату зарплаты выдуманым асобам… Дзмітрый крутнуў галавой, ад чаго хвалістая русявая шавялюра сыпка ўзварухнулася. «Вось, аказваецца, як яно, грамадзянін Камароўскі, тут сыходзіцца», — жорстка падумаў ён. У душы было пакутлівае адчуванне вінаватасці. Перад сваім адказным становішчам, перад самім сабой, перад кімсьці трэцім.
За акном шугаў вецер, біўся тугімі крыламі ў шыбы. У шкло гучна дзёўбалі рэдкія буйныя дажджынкі.
— Вось як сыходзіцца, — паўтарыў Дзмітрый уголас. Але ўжо без жорсткасці, працяжна і раздумліва.— А ты думаў — з плеч ды ў печ?..
Зазваніў тэлефон. Дзмітрый шпарка ўзяў трубку з патаемнай надзеяй, што гэты званок нясе яму штосьці вельмі патрэбнае — такое, што дасць належны ход далейшым падзеям. Хто звоніць? Можа, падпалкоўнік Баршчоўскі? Яму, прызнаўся сабе, вельмі захацелася, каб на тым канцы провада адгукнуўся Сямён Сяргеевіч. Ён жадаў, але адначасова і баяўся цяпер гаворкі з ім. Стаяў навыцяжку, як па стойцы смірна. Сказаў гучна, па-вайсковаму выразна: