— Ну вось, і скончыліся твае страхі. Цяпер ты будзеш маім.
Валадковіч забыўся нават на тое, каб запярэчыць, што ён не ведае страху, ірвануўся ў ланцугах, каб абняць прыгажуню, яе косы ўпалі ўніз, самі распляліся чорнымі хвалямі, у іх мільганулі зялёныя стужкі... Ці сцябліны? Вусны наблізіліся да вуснаў... Якая яна халодная... Як зімовая вада. Вочы, у якія апантана зазіраў Валадковіч, пачалі глыбець, як віры, і ператварыліся ў прагалы... Цёмныя, як раскапаная магіла. Пах вярбены змяніўся пахам рачной цвілі... І рыцар нема закрычаў, бо гэта было страшней за смерць.
Тыя, хто прыйшоў расстрэльваць адчайнага шляхцюка, расказвалі, што ён чамусьці быў увесь мокры — нібыта на яго лінулі вадой з вядра... І нібыта ўзрадваўся прыходу катаў... І смяяўся, нават калі першая куля патрапіла ў ягоныя грудзі.
Ніякай жанчыны ў сутарэннях, дзе адбыўся патаемны і хуткі расстрэл, вядома, ніхто не ўбачыў. Пасля пачалі расказваць, што дух пана Міхала адправіўся на вышэйшы суд нераскаяным і не можа пакінуць зямлі... І ягоны прывід сумна паглядаў з вокнаў ратушы цягам стагоддзяў... І калі тую ратушу нашыя нашчадкі адбудуюць — ён зноў будзе там.
Пан Беларэцкі скончыў аповед і пацягнуўся да кубка з астылай гарбатай.
— Ну а зараз пан Андрусь стане нас запэўніваць, што дзяўчына, якая абразіла Валадковіча, была свіслацкай русалкай,— насмешна пракаментаваў Улад.
Фалькларыст паставіў кубак на стол і паважна адкінуўся ў крэсле.
— Каментаваць міфы як рэальныя падзеі нельга,— прамовіў ён павучальным тонам,— адзінае, у чым я перакананы, што ў аснове кожнага міфа, падання, легенды сапраўдныя падзеі, але часта скажоныя да непазнавальнасці, як адлюстраванне ў імклівым ручаі. Страшэнная трагедыя ператвараецца ў вясёлую казку пра Калабка. І, наадварот, за самымі таямнічымі і рамантычнымі легендамі хаваецца нешта будзённае і нават камічнае. Ведаеце, гэтак ідзеш па лясной сцежцы і бачыш проста перад вачыма дзівосныя каралі з напоўненых залатым святлом перлінаў... Аж сэрца зойме ад незямной прыгажосці. Прыгледзешся — а гэта звычайнае павуцінне, пакрытае расой... Ды яшчэ дохлая казюрка ў ім вісіць.
— Ну, наконт дохлай казюркі замест рамантычных караляў гэта мы ўсе спазналі...— прамармытаў Улад, і чуйнае вуха Зосі ўлавіла за няўцямнымі словамі таямніцу, як вопытная гаспадыня па першым вуркатанні вару пазнае, што гарбату трэба здымаць з агню.
— Уладзе, ану расказвай, што зараз успомніў! Мы ж дамаўляліся — ніхто не адмаўчыцца.
Малады чалавек паціснуў плячыма:
— Вы будзеце расчараваныя. Ні двубою за чароўную даму, ні сустрэчы з прывідам я не перажыў. Мая гісторыя, вядома, будзе тэатральная.
Гісторыя пра начны спектакль у Менскім тэатры
Здарылася гэта са мною, калі я яшчэ свята верыў у рамантыку і ў тое, што тэатр — сапраўдны храм. Я пасварыўся з бацькам і сышоў з дому. Два гады заняткаў у студыі давалі падставу верыць, што жыццё маё складзецца цікава і слаўна, не горш, чым у маленькага, аднойдзенага сапраўднымі бацькамі, лорда. Тады ў нашым гарадскім тэатры іграла антрэпрыза пана Г. Не самая горшая, як я пасля ўпэўніўся, але і нічым не лепшая за іншыя местачковыя трупы. Герой-палюбоўнік з увесьчасна напудраным тварам і завітымі, як у Антыноя, кудзеркамі (ён паласкаў горла мятнай мікстурай — дзеля прыемнага паху і мяккасці голасу); гераіня, падобная да высушанага аеру, у якім жыве крыклівая птушка бугай; субрэткі з вуснамі сардэчкам і марай пра шчодрага і непатрабавальнага купца першай гільдыі; комік з фіялетавым носам; сівагаловы «высакародны бацька» з надзвычайным уменнем лаяцца з дапамогай медыцынскіх тэрмінаў, кшталту «Ах ты клісцір няшчасны, трахеатамію тваю перытаніт»... Гэта быў свет штучны і прыўкрасны, грубы, прыніжаны — і высокі. Свет блазнаў і фігляраў, далучаны да вышэйшых ісцін. Касцюмы іспанскіх грандаў з грубага паркалю, упрыгожаныя распушанай вяроўкай і апырсканыя залатой фарбай... Кардонны месяц на прэнце і сасновая вада, якой палівалі сцэну перад кожным спектаклем, каб не ўздымаўся віхурай вечны пыл... Я блытаўся за кулісамі, стараючыся як найчасцей патрапіць на вочы рэжысёру, пану Рэўзару, мажному, як старасвецкі буфет, дзядзьку з неверагодна пышнымі вусамі і сінім аксамітным бантам замест гальштуку, і быў неверагодна шчаслівы, калі мне давяралі патанчыць у натоўпе нямецкіх сялянаў, што сустракалі свайго герцага з крыжовага паходу, альбо пастаяць з пыльным, як вясковая дарога ў сухмень, апахалам ля трона ўсходняга цара. Атрымліваў я такія капейкі, што каб не пусціў мяне таварышаваць Арцёмка Растаргуеў, артыст на другіх ролях і горкі прапойца, туліўся б я ў начлежцы ў Траецкім... Так, са шкляным богам здраджвалі пані Мельпамене многія ейныя служкі... Трупа страчвала чальцоў, як рота на поле бойкі. Тым больш час быў трывожны, пачыналася вайна, у горад увесь час сцягваліся вайсковыя часткі, што давала тэатру публіку, але не дадавала веры ў будучыню. Адсутнасць тае веры спраўджвалася знікненнем у горадзе цукру, солі і мукі. Нават свечкі стала не купіць... Некалькі артыстаў мабілізавалі... Мне было сямнаццаць, але выглядаў я на ладнага дзецюка. І мне паступова пачалі даручаць ролі са словамі. Што, акрым гонару, давала права на атрыманне дадатковага селядца ў пайку. Божа, як я ганарыўся і хваляваўся, як ночы цалюткія паўтараў ролю перад люстэркам... Асабліва мне падабалася іграць ролю вартавога ў «Гамлеце». Таго самага, які распавядае прынцу аб з’яўленні прывіда. На гэтым мой удзел у спектаклі не заканчваўся, я мяняў бутафорскую кірасу на камзол альбо расу і ператвараўся то ў прыдворнага на каралеўскім бале, то ў мніха, які ідзе за труной Афеліі, то ў воіна, які прыехаў з таямнічым Фартынбрасам... Адзін раз я нават быў самім гэтым Фартынбрасам, калі выканаўца ролі прыняў у антракце кактэйль, адным з састаўных якога была высокаякасная старадарожская самагонка. Вядома, я марыў пра славу... Ну не можа быць, каб ніхто не звярнуў увагу, як я раскаціста вымаўляю «р» у слове «пр-рашу» і горда закідваю галаву... І калі аднойчы мае марэнні спраўдзіліся, я нават не здзівіўся. Самавіты пан з чорнымі, завітымі ў колцы вусікамі, у такім элегантным шэрым касцюме ангельскага сукна, што, здавалася, сышоў з паштоўкі, пасля чарговага прадстаўлення перахапіў мяне за кулісамі з кампліментамі майму артыстычнаму тэмпераменту і тонкаму псіхалагічнаму малюнку ролі... Незнаёмец размаўляў па-руску з лёгкім акцэнтам. Чарнявы, тэмпераментны... Француз? Італьянец? Іспанец? Вядома, у душы я з усім, што прамаўляў мой гарачы прыхільнік, пагаджаўся, хаця дзесьці на ўскрайку свядомасці сядзеў, як ушчэнт збяднелы карчмар на ганку пустой карчмы, сумніў: ці праўда ў маім «пр-рашу...» вібрыравалі сусветныя эфіры? Але мы, нават пасталеўшы, ахвотней верым у прыемнае, чым ва ўласныя сумнівы.