Выбрать главу

— Больш у доме нікога няма?

Зося падскочыла да прыхадня, запунсавеўшы.

— Прывітанне, таварыш Аляксандр.

Госць ледзь заўважна кіўнуў галавою:

— Добры вечар, таварыш Зося. Ты тут... забаўляешся, гляджу.

Андрэй Беларэцкі раптам рассмяяўся. Нядобра рассмяяўся, суха.

— Малайчына, дзяўчынка. Будзеш камісаршай.

Зося з прыкрасцю азірнулася:

— Ну нашто вы так, пан Беларэцкі.

— А ў вас, пан, дарэчы, дакументы ёсцека? — зараз жа холадна адгукнуўся Аляксандр, і фалькларыст сцепануўся, як ступіўшы басанож у халодную ваду.

— Калі вам не брыдка — то пакажу свой пашпарт яшчэ з царскай Расеі,— Беларэцкі пакорпаўся ў кішэнях пінжака, і на свет паказалася пакамечаная паперка.

Але прыхадні нават не дакрануліся да яе.

Аляксандр абвёў светлымі вачыма пакой:

— У вас тут утульненька... Нават свечкі ёсць. Вунь колькі. А ў горадзе па картках свечкі атрымліваюць.

— Буржуі...— прабурчэў чалавек у салдацкім шынелі.— У іх тут немавед чаго прыхавана.

— Заўтра нацыяналізуем, апрыходуем,— раўнадушна прамовіў Аляксандр.

Зося кінула хуткі вінаваты позірк на сяброўку, але Дарота маўчала, нагнуўшы галаву.

— А вось ці ёсць тут прыналежныя да контррэвалюцыйнай арганізацыі сацыял-рэвалюцыянераў? — Госці шчыльней узяліся за ружжы, запанавала маўчанне.

Дарота ўскінула галаву:

— Тут няма палітыкаў. Мы проста... расказвалі казкі.

— Ну так,— пацвердзіла Зося,— пан Беларэцкі — прафесар, ён вывучае фальклор... Абрады ўсялякія, легенды. Песні народныя. Гэты хлопец, Ной — мастак, вельмі добры. Дарота — настаўніца, як і я, толькі я прыродазнаўчыя навукі выкладаю, а яна — мовы. А Улад — артыст...

— Артыст, кажаш? — Аляксандр кіўнуў галавой у бок Улада.— А хіба не ты казала, што ён эсэр?

— Няпраўда! — голас Зосі задрыжэў і зрабіўся танюткі, як апошні кужаль.— Як ты можаш, Саша... Я табе даверылася... Гэта ж між нас дваіх размова вялася. Расказвала жартуючы... я ж не думала... І не эсэр ён даўно... Так, дзівак, валацуга...

— А рэвалюцыя жартаў не любіць,— прыхадзень пачаў, здаецца, весяліцца.— Не сцы, Зойка, ворагаў трэ вынішчаць, тады і зажывем у ліманадзе,— і павярнуўся да Улада.— Ну, ты, рукі падымі...

Двое наставілі на Улада свае ружжы, бразнулі затворы, як магільныя лапаты аб вечка труны. Улад павольна ўзняў рукі. На яго бледных шчоках загарэліся чырвоныя плямы. На Зосю ён стараўся не глядзець. А тая адчайна крычала, тузаючы знаёмца за рукаў:

— Саша, Сашачка, ну зразумей жа... Гэта памылка. Гэта ўсё сябры. Беларусы. Таленавітыя, сумленныя... Рэспубліцы яны патрэбныя. Ну няхай яны... твае... апусцяць ружжы... Як жа мне далей жыць — з гэткім...

На апошніх словах голас дзяўчыны сарваўся на шэпт.

Аляксандр уладна абняў яе, страсянуў.

— Якая ты яшчэ... несвядомая. Ворага выкрыць — не сорам. Ворага выкрыць — пачэсна. А сведкі муляюць, гэта я разумею... Ну я ж сказаў, не сцы, дзеўка, я ўсё ўладжу. Сведкаў аніякіх не будзе.

І павярнуўся да знерухомелых людзей.

— Усім — на выхад!

— Дык човен толькі адзін, камандзір! — прахрыпеў прыхадзень у сялянскай світцы. Ягонае горла абкручваў брудны шалік, зроблены, падобна, з царкоўнае парчы.— У човен толькі пяцёра сядуць.

Аляксандр паціснуў плячыма:

— Значыць, астатнія самі паплывуць. Ну...

І імгненна, як палёт кажана, выхапіў з кішэні рэвальвер.

Зося паспрабавала адвесці ягоную руку:

— Сашачка, не трэба!

— З імі хочаш? Дурніца! Яны — буржуі. А ты — пралетарка. Выбірай, з рэвалюцыяй ты або не?

Зося разгублена маўчала, перарывіста ўсхліпваючы.

— Была адна гісторыя на беразе Свіслачы,— скрозь зубы прагаварыў Беларэцкі.— Пабіліся з-за красуні два шляхціцы... Сплываюць крывёю, адзін другому і кажа: «Што ж мы, абодва памром, а панне нашай самотнай жыць... Пайшлі, пакуль на нагах, да яе — няхай выбера, каму памерці. А другі перавяжа свае раны і спазнае шчасце». Прыйшлі да дому панны, барваю шлях паліваючы — а з яе акна трэці, шчаслівы, вылазіць... Карацей, памерлі ўсе,— не зусім лагічна завершыў расповед пан Андрэй.

— Шкада, я не намалюю цябе, Зося,— ціха прагаварыў Ной і ўсміхнуўся.— З-за мяне можаш не пакутваць сумленнем. Ты не вінаватая.

І ступіў да дзвярэй...

— Пачакай, Ной! — Зося намагалася супакоіцца.— Добра. Добра, Саша. Я ўсё зразумела. Так. Гэта гонар. Я не саромлюся сведкаў. Няхай яны застаюцца. Забяры толькі таго, хто вам патрэбны.

Аляксандр шырока ўсміхнуўся:

— Падобна, нам патрэбныя ўсе. Нешта надта падазроныя ў цябе сябры, Зойка. Вядома, дзеўкай поўная вуліца, але жонкай поўная толькі печ, у хату з вуліцай не заходзяць. Адчыняй дзверы, кучаравы! Чаго стаў!