— Ты ж на журфаку вучыўся!
— На журфак мяне бацькі ўладкавалі, быццам не ведаеш,— Юрась усміхнуўся ранейшай юнацкай усмешкай.— Які з мяне журналіст. Гульню ў словы я не люблю. Калі мяне адлічылі — я не сумняваўся, што правільна. Адслужыў у арміі, скончыў Віцебскую мастацкую вучэльню, працую вось...
— Ён проста занадта сціплы,— дакорліва сказаў Аркадзь.— Юрась у нас — знаны спецыяліст. Я і сам з ім раюся, і кліентаў сваіх скіроўваю. Дарэчы, пра птушак... А ці не паспяшацца нам, сябра? Спознімся... Ну, Анэта, рады быў пабачыцца. Тэлефануй!
Юрась прамовіў сваё «бывай», і ўладальнік вежы пацягнуў яго ў бок лесвіцы, дзе быў антыкварны салон. Апоўдзень там чакаўся аўкцыён.
Я зноў уладкавалася на сваё крэселка за прылаўкам. Прыйшла восень, самотная, пакрыўджаная, адгарадзілася ад свету халоднымі кратамі дажджоў і лістабоем. Рудых заўсёды крыўдзяць, а я — таксама рудая, як восень... І такая ж самотная. Хацелася схавацца, скруціцца клубком, як кацяняці... Што я зрабіла са сваім жыццём? Вось — з’явіўся чалавек, які — маё першае каханне, і нічога асаблівага ў душы... Вядома, нешта зварухнулася, абарвалася ў грудзях — але разбітае акно выклікала б болей эмоцыяў.
Прыкмецілі мы адно аднаго яшчэ на першым курсе. Я была гэткай самаўпэўненай дзяўчынкай з рудой касой да пояса і страшэнна баялася выявіць сваю «правінцыйную», як я лічыла, сарамяжлівасць, нешта зрабіць «не па-сталічнаму» (і колькі глупстваў зроблена з-за гэтага!). А Юрась Дамагурскі быў трохі няўклюдным гарадскім юнаком з доўгімі кудламі, старасвецкай выхаванасцю ды начытанасцю. Усе ведалі, што Юрасёў бацька — мовазнаўца, і не дзіваваліся, што Юрась размаўляў паўсюдна на мове. А я вырасла на раманах Караткевіча, маці мая выкладала беларускую літаратуру і як найвялікшыя рэліквіі збірала кнігі з аўтографамі беларускіх паэтаў... Таму калі на лекцыях выкладчык пачынаў расказваць, напрыклад, пра гераічнае змаганне беларускага народа з Напалеонам, Юрась гучна згадваў пра Радзівілаў, якія былі на баку французаў, а з другога кута аўдыторыі я задавала сваё пытанне пра вызвольны полк Княства Літоўскага, які французы набіралі на нашых землях. Выкладчык нерваваўся, а мы лічылі сябе ледзь не інсургентамі.
На другім курсе паслалі нас «на бульбу». І неяк вечарам Юрась павёў мяне на ўскраіну вёскі — з кім яшчэ мог падзяліцца адкрытым цудам? Над зарасцямі шыпшыны ўздымаўся чорна-сівы ад часу слуп, наверсе якога, нібы старажытны трохкутны капялюш, красаваўся разьбяны дах. Ніжэй мацавалася круглая рама з раслінным узорам — птушачкі на галінках, драўляныя ружы — нібы вянок. Майстар дзівосны... Нават счарнелая, патрэсканая разьба ўражвала.
— Гэта аброчны крыж! — усхвалявана распавядаў Юры.— Тут калісьці праходзіла дарога... На крыж навязвалі рушнікі, каб шлях быў лёгкі. Папярочную перакладзіну адламалі... Бачыш, тут яна мацавалася. І распяцце садралі, варвары... Толькі абрамленне засталося. А гэта ж сямнаццатае стагоддзе, не пазней!
Юрась гладзіў, нібыта жывое, счарнелае дрэва.
— Аднавіць можна! Якая прыгажосць!
Я таксама дакранулася да слупа — яго паверхня была цёплай і шурпатай, нібы спрацаваная даланя...
Юрась паклаў сваю руку на маю... На небе запаліліся першыя зоры...
— А яны цалуюцца ў кустах, смаркачы!
Выкладчыца рускай літаратуры, нашая «бульбяная куратарка», захлыналася ад абурэння.
— Ганна! Я думала, ты сціплая прыстойная дзяўчына! А ты — распусніца! Косы, бач, запляла, а сама...
Словы ляцелі ў мяне, нібы камякі бруду і, здавалася, пакідалі відочныя сляды. Ды яшчэ тут, каля старажытнага крыжа, на які малілася столькі пакаленняў вандроўнікаў! Я залілася слязьмі ад знявагі. І тады Юрась цвёрда прамовіў, што я — ягоная жонка, і ён нікому не дазволіць мяне абражаць. Пазней аказалася, што гэта былі не проста словы, а план помсты і ўратавання майго гонару. Як Юрасю ўдалося ўгаварыць мяне на авантуру — мусіць, я была надта знерваваная.... Але я аддала яму свой пашпарт. Назаўтра Юрась пайшоў у сельсавет, не ведаю, у колькі яму гэта абышлося, але... нас распісалі. Увечары мой нечаканы муж з’явіўся да выкладчыцы з нашымі пашпартамі, у якіх стаялі новенькія штампы. Дзеля словаў прабачэння, якія мая крыўдзіцелька, высахлая да свісту старая дзеўка, выціснула з сябе, варта было згаджацца на гульню ў нявесту...
Але гульня зацягвалася. Нас чакала вяртанне ў горад, вучоба, гаворка з бацькамі... Напачатку гэта было нават весела — бацькі Юрася, «пераварыўшы» навіну, перасялілі да сябе ягоную бабулю, і мы апынуліся ў ейнай кватэры. Як я пасля зразумела, сваякі майго мужа былі пэўныя, што гэткі маланкавы шлюб мог адбыцца толькі з прычыны цяжарнасці нявесты. Сваёй маці я нават не стала нічога паведамляць — абавязкова захацела б зладзіць у нашым мястэчку вяселле. Мы з Юрасём па-сапраўднаму сталі мужам і жонкай, гэта было цудоўна... Для першай шлюбнай ночы купілі пунсовага атласу — прасціны з казачных ветразяў! А яшчэ Юрась прачытаў, як рэжысёр Параджанаў упрыгожваў пакой для Марыны Уладзі і Уладзіміра Высоцкага — і гэтаксама выклаў усю падлогу апельсінамі, а між іх расставіў запаленыя свечкі... Шчаслівы ўзрост, калі аздобы даюць адчуванне шчасця. А яшчэ — воля! Незалежнасць! Можна ўсю нядзелю валяцца ў ложку і есці цукеркі. Можна тыдзень складваць нямыты посуд у кошык. Можна ўсю ноч дзе-небудзь блукаць.