Выбрать главу

Дарэчы, трэба зняць гэтую карціну — з-за яе, відавочна, мае жахлівыя сны. Павешу Рэнуара і буду сніць парыжскія кавярні.

І жыццё трэба змяніць таксама. Правільна маці гаворыць — нельга жыць у ракавінцы, калі ты не смоўж. Кажуць, характар чалавека выяўляецца толькі ў экстрэмальных сітуацыях. Вось у вас падае з рук кубак з гарбатай. Адны яго маланкава падхопяць, няхай і абальюцца пры гэтым, другія знерухомеюць на імгненне, дазваляючы кубку разбіцца, а некаторыя — адразу ж адскочаць убок, як ад гадзюкі. Ды яшчэ і з пакою ўцякуць, запэўніваючы сябе, што там ніякага разбітага кубка на падлозе няма, і ўвогуле сёння яны гарбаты не пілі.

Я належу да апошніх.

Не было майго шлюбу, не было журналісцкай працы, не было «гандлёвай кропкі» з кнігамі...

«Мяне няма», як сцвярджае адзін філосаф.

Чаму ж тады мне так дрэнна?

Таму, спадарыня, што табе трыццаць гадоў. Што ты ўсё жыццё кідаеш тое, што варта ратаваць. Таму што можна пачаць з унітазаў, а скончыць вежай чатырнаццатага стагоддзя. А можна пачаць з вежы, а скончыць...

Няхай маім першым крокам з ракавінкі, у якой я замкнулася ад непрыветнага свету, будзе гэты тэлефонны званок... Я набрала нумар, напісаны на візітоўцы з залатым гербам з выявай вежы.

— А хто пытаецца Аркадзя Мартынавіча?

Голас дзелавы, ані жывой ноты. Напэўна, патрапіла на сакратара. Я назвалася. Потым давялося тлумачыць, па якой справе тэлефаную... І пра тое, што сустрэла Аркадзя Мартынавіча выпадкова, першы раз за дзесяць гадоў. І што ёсць сведка размовы, наш аднакурснік Юрый Дамагурскі. Паступова я пачынала раздражняцца. Бач, якая служба бяспекі ў Баркуна пільная! І ўрэшце рэшт — Аркадзь Мартынавіч падысці не можа! Але я не паспела абурыцца, як прагучала тлумачэнне.

— Баюся, што працу вы не атрымаеце. Аркадзь Мартынавіч памёр.

— Як... памёр?!! Я ж з ім уранку размаўляла!

Мой суразмоўца пагардліва засмяяўся:

— Бывае, грамадзяначка. Для гэтага адной хвілі хапае. Быў чалавек — няма чалавека. Дарэчы, скажыце на ўсялякі выпадак свой тэлефон.

Я не зусім зразумела, навошта, але паслухмяна прадыктавала.

«Он выбыл первым из круга нашего. Поэтому в молчанье мы выпьем за него». Аляксандр Сяргеевіч Пушкін. «Маленькія трагедыі», «Баляванне ў час пошасці».

Гудкі тэлефоннай трубкі змусілі мяне ачомацца. Пасля належных філасофскіх разважанняў я — такая ўжо эгаістычная чалавечая прырода — вярнулася да сваіх праблемаў. А я ўжо настроілася, што буду мець грашовую працу... Добра хаця, за кватэру наперад за год заплочана. Канец жніўня, а праз чатыры месяцы...

Адрынуць дурную ганарлівасць, забыцца на крыўду і вярнуцца ў журналістыку? Гэта ўсё роўна што ў дрыгву... У дзяржаўнае выданне больш не пайду. Палітыкай займацца таксама не хачу. Хіба ў якую-небудзь забаўляльную газетку, дзе можна схавацца за псеўданімам, і аніхто з былых знаёмых, і тым больш чытачоў не атаясаміць мяне з колішняй скандальнай журналісткай Ганнай Барэцкай... Буду шчаслівіць беларускага чытача звесткамі, які чарговы лімузін купіў расейскі папсовы «зайчык»-пераростак Кіркораў... Можа, гэта і ёсць мой сапраўдны ўзровень? Мой апошні каханак, мастак-марыніст, гэтак і лічыць. Якая там «скандальная журналістка»! Не перабольшвай сваё значэнне, даражэнькая. На сапраўдны скандал ты здольная гэтак жа, як варона да грымотаў. А можа, падацца куды-небудзь перакладчыцай? Выкладаць нямецкую або польскую не вазьмуся, а вось турыстаў вазіць...

Я ўявіла сябе з нейкай турыстычнай групай у якасці гіда... Бабулькі з перманентам, стамлёныя жыццём бізнес-мамы з дзецьмі-падлеткамі, бесперастанныя ўспышкі фотаапаратаў, а дзе тут памяняць валюту, а колькі можна праз мытню правесці спіртнога... І мяне перасмыкнула.

Абставіны патрабавалі не гарбаты з шыпшынай, а моцнай кавы. А пасля кавы мяне пацягнула да пісьмовага стала. Я вывернула яго шуфляды. Рукапісаў, як восеньскага лісця... Інтэрв’ю, артыкулы, вершы... Усё ў накідах, усё — нікому не трэба... Як і восеньскае лісце.

У цьмяным святле золку пляц вакол ратушы нагадваў поле пасля бойкі. Дым слаўся над брукам, на якім ляжалі нерухомыя целы. Бернацоні асцярожна пераступаў праз іх, з халоднай цікавасцю ўглядаючыся ў твары, аднолькава скрыўленыя пакутлівай грымасай — вочы вырачаныя, нібыта ад жаху, зубы выскаленыя ў апошняй усмешцы. Смерць добра павесялілася гэтай ноччу. Што ж, рана ці позна яна забярэ ўсіх, шкадаванне недарэчы. Раптам пачуўся нягучны стогн — і на тле мёртвай цішы гэта было гучней за ўдар звону. Бернацоні рэзка павярнуўся. Скрозь дым бачылася — нехта сядзеў, абняўшы рукамі калені і трохі пагойдваючыся. Гервасі наблізіўся. Дзяўчына... Лекар бачыў яе сярод танцуючых. Прыгожая, як радавітая венецыянка. Сукенка з дарагога чорнага шоўку ператварылася ў лахманы, белыя карункі нагадвалі брудную пену на паверхні генуэзскага заліву. Залацістыя косы распляліся, вочы абведзеныя цёмнымі кругамі нечалавечае стомы... Але самі вочы разумныя, тужлівыя. Раптам дзяўчына зірнула на Гервасія, і ён, звыклы да людскога болю, нечакана для сябе скалануўся.