Выбрать главу

Дзіўным! Ды там усё было дзіўным! Я, нібыта наяве, убачыла сцяну вежы — аблезлая пабелка, у выбоінах іржава-чырвоная цэгла — як брудны бінт, адарваны ад раны. Абгрызены часам верх будынку — два вострыя зубцы, між імі — вялізны прагал... У чорных вачніцах вокнаў — голле дрэваў, што выраслі ўнутры, на адкрытым небу падмурку... Быццам вязні цягнуць рукі. Як на карце Таро з Вялікіх Арканаў — вежа, у якую ўдарыла маланка. Пакаранне за гардыню.

— Ну, напрыклад, на сценах не было ніякіх надпісаў,— прагаварыла я.— На закінутых будынках якіх толькі крамзоляў не сустрэнеш, ад «Саша плюс Маша» да рокерскай сімволікі. А тут — нічога! Ні звонку, ні ўнутры... І смецця таксама не было. Нават пабітых бутэлек...

— Чаму ж так? — зацікавіўся Юрась.

— Баяцца той вежы. Абыходзяць, як магілу вісельніка. Нават мяне адгаворвалі ўнутр заходзіць.

— І чым тлумачылі?

— Рэха старых забабонаў. Памятаеш легенду, як смерць у ратушы замкнулі? Дык нібыта і цяпер смерць там. Хто ў вежы пабудзе — гамон... Ці звар’яцее, ці памрэ ў хуткім часе. Так што згодна старой легендзе — я ўжо на парозе таго свету, і за клямку ўзялася,— пажартавала я.

Але Юрась застаўся сур’ёзным, нават занадта.

— Праз мае рукі праходзіць шмат старых рэчаў. Вакол некаторых таксама — таямнічыя гісторыі. Але я пераканаўся, што ў кожнай такой нібыта бязглуздзіцы — рэальная аснова.— Юрась трохі адкінуўся на спінку крэсла, так што пыльны сонечны прамень слізгануў па ягоных валасах — аднак сівее мой госць! — і працягваў: — Пару гадоў таму прынеслі мне куфэрачак на рэстаўрацыю. З чырвонага дрэва, італьянская праца 16 стагоддзя... Шашалем паедзены, расколаты — з мінулай вайны валяўся на гарышчы. Валяўся, бо славу меў, быццам няшчасці прыносіць. То за каралём Сасам нейкая свякруха з дапамогай яго ад непажаданай нявесткі пазбавілася, то жонка здрадніка-мужа пакарала... Цяперашні ўладальнік маёмасць продкаў на гарышчы знайшоў і над забабонамі пасмяяўся. Маўляў, для будучай ягонай жонкі, аматаркі антыкварыяту, лепшага падарунка няма. А я стаў рэстаўраваць, і пад накрыўкай знайшоў хітрае прыстасаванне. Калі націснуць адразу на дзве кветкі ў разьбе накрыўкі, з адной з іх на імгненне высоўваецца шып... Маленькі, незаўважны... Але ўсё яшчэ востры. Можна здагадацца, што калісьці на ім была атрута. У сярэднявечнай Італіі такія смяротныя забаўкі былі справай звычайнай.

Пылінкі танцавалі ў промні апошняга восеньскага сонца, і ніякае маўчанне не магло адняць весялосці ў гэтых вечных мізэрных танцораў. Юрась нібыта вагаўся перад тым, як сказаць нешта важнае. Ну, пачынай жа...

— Паслухай... Калі табе патрэбная праца... Ці не згадзілася б ты вярнуцца да тэмы ратушы? Аркадзева жонка, Ліля, вядома, зараз у горы... Але цвёрда абвясціла, што ўсе планы забітага мужа спраўдзіць. І першае — выдасць кніжку пра гісторыю старавежскай ратушы.

— Аркадзя яшчэ не пахавалі — а яна пра гэта думае?! — абурылася я.

— Не дзівіся, Анэта,— усміхнуўся аднымі вуснамі Юрась.— У іх, «крутых», такі свет... Без сантыментаў. Дык вось, Ліля прапаноўвае табе дзве тысячы даляраў за падрыхтоўку тэксту.

Ён што, трызніць? Юрась, зразумеўшы мой недавер, спяшаючыся, патлумачыў:

— Толькі не падумай, што гэта падман. Проста яна хоча, каб усё было зроблена да сарака дзён па смерці Аркадзя, каб атрымаўся гэткі падарунак нябожчыку... На вокладцы Баркуноў герб, унутры — Баркуноў партрэт. Ну і ў тэксце — аб памерлым, ягоны клопат пра гістарычныя помнікі. Каб атрымалася невялікая кніжачка. Удава збіраецца раздаваць яе гасцям на саракавінах. І Аркадзю — ушанаванне, і, магчыма, спонсары знойдуцца дзеля будаўніцтва. Калі ты згодная — заўтра пад’едзем па аванс. У нас з табой усяго месяц на працу.

— «У нас»? — удакладніла я не вельмі ветла.

— Мяне Ліля просіць гадзіннікі адрэстаўраваць,— патлумачыў мой былы муж.— Каб для тваёй кніжачкі сфатаграфаваць іх ва ўсёй красе. Ну і табе дапамагу...

— Паслухай, даражэнькі... Колькі цябе ведаю, ты заўсёды ўцягваў мяне ў авантуры, якія заканчваліся для мяне кепска.

Юрась сядзеў моўчкі, гледзячы ў пусты кубак. І выглядаў вельмі няшчасным. Раптам ён ціха спытаў:

— Анэта, чаму ты болей не выйшла замуж?

Ну вось, пачаліся сентыментальныя размовы, якіх мне меней за ўсё хацелася. Я ўклала ў адказ як мага болей сарказму:

— Не хвалюйся, не з-за цябе.

Ён ізноў панурыўся, нібыта мой адказ быў яму непрыемны. А на што ён разлічваў? Што я ўвесь гэты час па ім плачу? Вось маё апошняе Няспраўджанае Каханне, мастак-марыніст (уяўляеце, жыць на Беларусі — і маляваць выключна мора!), абдрапаў маё даверлівае сэрца грунтоўна... А гэты — за дзвярыма душы. А за прапанову дзякуй... Дзве тысячы даляраў — год пражыць...