Выбрать главу

Я правяла Юрася да дзвярэй, радуючыся, што ўдалося не выйсці за рамкі дзелавога візіту. Раптам мой былы муж нязграбна ўпаў перада мной на калені, ды яшчэ — ілбом у падлогу. Аж грукнула. Я адскочыла назад. А Юрась глуха прагаварыў, не падымаючы галавы:

— Прабач мне, Ганна. Я даўно мусіў гэта зрабіць. Столькі думаў — не наважваўся. Вось так — на калені... Вінаваты перад табой... Позна зразумеў, што ў шлюб — не гуляюцца. Каб не я — у цябе б жыццё іначай склалася.

Я не жартам раззлавалася. Дарэчы, і падлога нямытая, што зараз ён убачыць на сваіх нагавіцах.

— Ану, кінь выдурвацца! Можна падумаць, ты мяне спакусіў ды выгнаў, а я слязьмі залівалася, сыходзіць не хацела. Калі памятаеш, я першая дзвярыма бразнула. І між іншым, не шкадую. А гледзячы на такія фокусы, дык проста радуюся, што гэткі... цуд даводзіцца цярпець нейкай іншай.

Юрась моўчкі падняўся (на каленях засталіся выразныя плямы бруду, сведчанне маёй негаспадарлівасці), цырымонна пакланіўся, усё гэтак жа апусціўшы вочы, і сышоў. Цікава, як ён патлумачыць жонцы, дзе гэта поўзаў на каленях? Але я не збіралася распытваць яго пра сямейныя справы. Вось так — без сантыментаў — з гэтым дзіваком можна.

Анэта стаяла на падлозе, выкладзенай белымі і чорнымі мармуровымі плітамі... Нібыта фігура ў шахматах, і зараз волатава рука працягнецца, каб пераставіць яе на іншую клетку...

А хіба не так на самой справе?

Анэта не памятала, колькі яна жыве ў гэтай вежы. Месяц? Два? Год? Усё жыццё? Нібыта нікога на свеце больш няма, акрамя насельнікаў ратушы — Бернацоні, яго сакратара, нізенькага, амаль карузліка, чарнявага Энрыка, прыслугі Марцэлі ды яе самой, Анэты... А тое, што было раней — сон...

Не, Богуш не сон... Сінія вочы, што глядзелі з такой любасцю, іх злучаныя рукі і словы блаславення, прамоўленыя бацькам...

Анэта ведала, што і бацька, і... Багуслаў памерлі. Пошасць... Чорная Смерць... Пан Гервасі абяцае, што не дасць прыйсці сюды Чорнай Смерці. У пакой кожны дзень прыносяць абярэмі свежага ядлоўцу... Вохкія свечкі напаўняюць пакой цяжкім водарам. Пан Гервасі кожны дзень ходзіць у горад, выконвае загад Вялікага князя — лекуе тых, каго можна лекаваць, тлумачыць, як змагацца з пошасцю. І не баіцца захварэць. Не дзіва — Анэта бачыла, на якія цуды ён здатны... Жалеза ў ягоных руках гнецца, нібыта васковае... Свечка запальваецца без агню. На чыстым пергаменце з’яўляюцца літары, напісаныя чырвонай фарбай. Раней Анэта падумала б — вядзьмак і заклікала б да Прасвятой Дзевы і апякункі сваёй, Святой Ганны, каб выбавіцца ад нячыстае сілы. Але вунь яны, выявы Прасвятой Дзевы, і Святой Ганны, і Архангела Міхаіла, барацьбіта з нечысцю, і самога Госпада нашага... І пан Гервасі беспакарана глядзіць у іх цёмныя вочы і нават хрысціцца. І крыж носіць, у якім часцінка Жыватворнага Крыжа Гасподняга... Але ж толькі святы затворнік можа спадзявацца на анёльскую дапамогу, каб рабіць цуды... Варта паглядзець на лекаравы калігі з даўжэзнымі, як буслава дзюба, насамі, набітымі дзеля захавання формы мохам, расшытыя перлінамі і каштоўнымі камянямі, на жупан з княскага ядвабу з дыяментавымі гузікамі — якая тут адсланёнасць ад свецкіх звабаў! Праўда, княскі лекар кажа, што яго цуды — зусім не цуды, а навуковыя досведы. Але Анэце ўсё роўна страшна і тужліва, нібыта яна трапіла ў ваўчынае логвішча і мусіць прывыкаць да ваўчынага духу. Чаму ён трымае тут яе? Чаго хоча? Гвалту? Дачку шляхціца ў Вялікім Княстве Літоўскім не можа беспакарана згвалціць нават князь, а не тое што бязродны іншаземны лекар... Ды нічога падобнага на пажадлівасць не мільгае ў вузкіх чорных вачах Бернацоні. Толькі цікаўнасць... Як да дзівоснага звярка. Ён часта размаўляе з ёю. Загадвае рабіць незразумелыя рэчы. Напрыклад, кладзе на стол два маленькія шарыкі — белы мармуровы і чорны з нефрыту. Кажа ўзяць белы... Анэта выконвае — яна не наважваецца аслухацца. «Паглядзі ўважліва, ты памылілася, ён чорны»,— сурова гаворыць пан Гервасі і пільна глядзіць у вочы Анэце. Так пільна, што ў той злёгку кружыцца галава, і нават пачынае здавацца, што шарык, які яна трымае, сапраўды чорны. Вось Богуш пасмяяўся б над ёй... «Я ўзяла белы»,— нясмела кажа Анэта. «Не, чорны... Пакладзі яго і вазьмі белы...»,— упарціцца лекар. Але Анэце не смешна ад бязглуздай дзіцячай гульні. У роце — прысмак медзі. «Прабачце, але ў маёй руцэ белы шарык... А там — чорны...»,— шэпча. Словы вымаўляюцца цяжка, нібыта ілжэ. Пан Гервасі раздражнёна ўстае, нешта мармыча на незнаёмай мове... Але дзяўчына адчувае, што ён злуецца не на яе, а на сябе. Назаўтра ўсё паўторыцца... Навошта? Як добра было б сысці дадому... Але вокны і дзверы іхняга дому, напэўна, забітыя, і пазначаныя белым крыжам. Дом, куды заходзіла Чорная Смерць.