Выбрать главу

Так што я не ведаю, ці была млынароўна сапраўды такой непрыгожай, як захавалася ў паданні.

Млынар цяжка захварэў... Пасля таго, як вераб’інай ноччу пасядзеў на беразе, замест таго, каб хавацца ад навальніцы і залевы ля хатняга агменю. Такі ўжо быў звычай у млынара — па начах гуляць па беразе ракі. Перад смерцю ён сказаў дачцэ, якая ўчарнела ад гора: «Ты не застанешся адна. І справа мая не загіне. На трэці дзень пасля майго пахавання да цябе прыйдзе жаніх. Ён скажа: «Блаславі цябе маці Божая Менская»... Слухайся гэтага чалавека».

І сталася так. Той, хто раптам пасватаўся да млынароўны, быў сапраўдны шляхціц, рыцар, які прайшоў не адну вайну, увесь у шнарах, як дзверы піўніцы... Шляхціц, які бярэ шлюб з простай ды яшчэ касавокай — гэта было нечуванае дзіва... Адны гаварылі, што жаніх — яго звалі Даніла — звар’яцеў. Нездарма перад гэтым у манастыр прасіўся. Рыцар — ды ў мніхі! Другія казалі, усё ад галечы. Не прывёз Даніла з вайны поўныя рукі сыгнетаў — адны толькі раны... Таму і ў манастыр прасіўся... Так млынароўна атрымала прыгожага і высакароднага мужа. Малілася на яго... Ветрыкам слалася пад ногі. Як быццам бы пакорлівасць можа спарадзіць каханне — яно ж, як іскры, высякаецца пры сутыкненне двух вартых...

Даніла амаль не глядзеў на жонку. Усе ночы праводзіў ён не на ложы, побач з ёю, а на беразе Свіслачы. І меч свой з сабою неадменна браў... І калі часам унізе па цячэнні гайдалі хвалі мёртвае цела бадзягі — каму была справа, хто рассек нябогу галаву? Жыццё чалавечае не каштавала і шэлега... Але млынароўна не задумвалася над гэтым. Яе свет быў — яе любы муж, які не глядзеў на яе. І яна шчыра верыла, што віной таму яе касыя вочы. Так і ўяўляю: ідуць пляцам з кірмашу, наперадзе змрочны плячысты мужчына з упартымі халоднымі вачыма, за ім, укруціўшыся ў плашч і нізка нагнуўшы галаву, дробным крокам спяшаецца жанчына. Яна абедзьвюма рукамі прыціскае да сябе цяжкі кошык, а нехта абавязкова крычыць ёй у спіну дражнілку... І аднойчы, у час першых веснавых дажджоў, калі Даніла вярнуўся пад раніцу на млын, яго чакала жахлівае відовішча: жонка нерухома ляжала пасярод пакоя, уся ў крыві, рука сціскае вострае шыла... А вочы выкалаты.