З гэтага дня стары карыстаўся ва ўласным доме толькі чорным ходам: тут ён быў упэўнены, што нікога не сустрэне. Тут ён нікому не перашкаджаў, і ніхто не перашкаджаў яму. Ён перастаў выходзіць да стала - старая служанка прыносіла яму ежу ў пакой; калі жонка або дачка спрабавалі пранікнуць да яго, ён хуценька адсылаў іх, крыху збянтэжаны, але з непахіснаю рашучасцю. Нарэшце яны пакінулі яго ў спакоі, адвыклі цікавіцца ім, і ён таксама нічым не цікавіўся. Часта да яго даносіліся праз сцены смех і музыка з другіх, цяпер ужо чужых яму пакояў; ён да позняй ночы чуў шум экіпажаў, якія пад'язджалі і ад'язджалі. Але ён нават не выглядваў з акна: навошта яму ўсё гэта? Толькі сабака прыходзіў яшчэ зрэдку наверх і клаўся каля ложка ўсімі забытага гаспадара.
Ён ужо не адчуваў болю ў змярцвелым сэрцы, але чорны крот угрызаўся ў вантробы. Прыступы з кожным тыднем рабіліся часцей, і, нарэшце, змучаны стары саступіў настойлівым патрабаванням урача і даў сябе агледзець. Прафесар хмурыўся. Асцярожна падрыхтоўваючы хворага, ён сказаў, што патрэбна аперацыя. Але стары не спалохаўся, ён толькі сумна ўсміхаўся: дзякуй богу, хутка канец! Канец паміранню, набліжаецца добрая смерць. Ён забараніў доктару гаварыць аб гэтым сям'і, папрасіў прызначыць дзень і пачаў рыхтавацца. Апошні раз ён пайшоў да сябе ў кантору (дзе ніхто ўжо не чакаў яго і ўсе глядзелі на яго, як на чужога), сеў яшчэ раз у чорнае скураное крэсла, у якім за трыццаць гадоў, за ўсё сваё жыццё прасядзеў тысячы і тысячы гадзін, папрасіў чэкавую кніжку і запоўніў адзін лісток; чэк ён аддаў ашаломленаму велічынёю сумы старшыні суполкі. Гэтыя грошы прызначаліся на дабрачынныя мэты і догляд яго магілы: ён ухіліўся ад падзякі і паспешна выйшаў; пры гэтым у яго з галавы зляцеў капялюш, але ён нават не захацеў нагнуцца, каб падняць яго. І так, з непакрытаю галавою, з мутнымі вачамі на жоўтым маршчыністым твары, ён паплёўся (прахожыя здзіўлена глядзелі яму ўслед) на могілкі, да магілы бацькоў. Там таксама на яго здзіўлена глядзелі цікаўныя. Ён доўга гаварыў з замшэлымі камянямі, як гавораць з жывымі людзьмі. Можа, ён паведамляў ім аб сваім хуткім прыходзе ці прасіў благаславення? Ніхто не чуў яго слоў, толькі губы варушыліся, шапталі малітвы, і ўсё ніжэй гойдалася і апускалася галава. Каля выхаду яго, добра ўсім вядомага, абступілі жабракі. Ён стаў паспешна выцягваць з кішэняў манеты і паперкі; калі ён усё ўжо раздаў, падышла кульгавая старэнькая, высахлая бабулька і ўмольна працягнула руку. Ён разгублена пашукаў у кішэнях і нічога не знайшоў. Толькі на пальцы яшчэ ціснула штосьці цяжкае і чужое - залаты заручальны пярсцёнак. Нейкі цьмяны ўспамін варухнуўся ў ім, - ён паспешна зняў пярсцёнак і аддаў яго здзіўленай старэнькай.
І вось так, бедны, вычарпаны да дна і адзінокі, стары лёг пад нож хірурга.
Калі стары апрытомнеў пасля наркозу, дактары, з-за цяжкага стану хворага, выклікалі жонку і дачку, ужо паінфармававых пра аперацыю. З цяжкасцю падняліся сіняватыя павекі. «Дзе я?» - пытаўся позірк, скіраваны на белыя сцены чужога пакоя.
І тут дачка ласкава нахілілася над бледным, асунутым тварам. І раптам штосьці ўспыхнула ў патухлых зрэнках. Іскрынка святла загарэлася ў іх: вось жа яна, горача любімая дачка, вось яна, Эрна, ласкавае, цудоўнае дзіця! Павольна, вельмі павольна паварушыліся горка сціснутыя вусны - усмешка, ледзь прыкметная, даўно забытая ўсмешка кранула кончыкі рота. І, узрушаная гэтым слабым, бездапаможным выказваннем, яна нахілілася, каб пацалаваць абяскроўленую бацькаву шчаку.