Стары дрыжаў ад жаху, абліваўся халодным потам, яго калаціла. Выламаць дзверы, накінуцца на яе з кулакамі, адлупіць бессаромніцу было яго першым імкненнем. Але ў яго падкошваліся ногі. Ён ледзь давалокся да свайго пакоя і, як да смерці ранены звер, амаль непрытомны, упаў на ложак.
Стары нерухома ляжаў на ложку і шырока расплюшчанымі вачамі глядзеў у цемру. Побач роўна, спакойна дыхала жонка. Першай яго думкай было расштурхаць яе, сказаць пра страшнае адкрыццё, накрычаць, даць волю свайму гневу. Але як вымавіць, як выказаць словамі гэтае жахлівае? Ніколі, ніколі яму не сказаць іх. Але што рабіць? Што рабіць?
Ён паспрабаваў сабрацца з думкамі. Але яны, як кажаны, усляпую мітусіліся ў галаве. Гэта ж проста жах: Эрна, далікатнае, клапатліва выпешчанае дзіця з ласкавымі вачамі... ці даўно, ці даўно яна сядзела над букваром і ружовым пальчыкам вадзіла па цяжкіх незразумелых літарах; ці даўно ён заходзіў па яе ў школу і яна выбягала яму насустрач у блакітнай сукеначцы, а па дарозе дадому ён карміў яе пірожнымі ў кандытарскай - ён яшчэ адчуваў пацалунак дзіцячых вуснаў, салодкіх ад цукру... Ці не ўчора гэта было?.. Не, гады прайшлі з таго часу... Але ж учора - так, учора - яна так па-дзіцячы ўпрошвала яго купіць ёй стракаты блакітны з золатам швэдар, выстаўлены ў вітрыне. «Татачка, ну калі ласка!» - склаўшы лісліва рукі, смяялася яна тым радасным, самаўпэўненым смехам, супраць якога ён ніколі не мог устаяць... А цяпер, цяпер, за два крокі ад яго дзвярэй, яна прабіралася ў пакой чужога мужчыны, у яго ложак, дзе голая аддавалася пажадліваму пачуццю...
«Божа мой, божа мой!.. - міжвольна застагнаў стары. - Якая ганьба, якая ганьба!.. Маё дзіця; маё дзіця, далікатнае, мілае дзіця з якімсьці мужчынам... А з кім?.. Хто б гэта мог быць?.. Усяго толькі тры дні, як мы сюды прыехалі, і раней яна не ведала нікога з гэтых выглянцаваных дурняў - ні графа Ўбальдзі з малюсенькаю галавою, ні італійскага афіцэра, ні гэтага мекленбургскага барона... толькі на другі дзень яны пазнаёміліся на танцах, і ўжо з адным з іх... Не, ён не мог быць у яе першы, не... гэта, мусіць, пачалося яшчэ раней... дома... і я, дурань, нічога не ведаў, не здагадваўся, стары, падмануты дурань... Але што я наогул пра іх ведаю?.. Цэлы дзень я раблю на іх, як чорны вол, сяджу па чатырнаццаць гадзін у канторы, як раней сядзеў у цягніку з чамаданам, поўным узораў тавараў... з-за грошай, усё з-за грошай... каб яны маглі купляць прыгожыя сукенкі, каб яны былі багатыя... а ўвечары, калі я прыходжу з работы, стомлены, разбіты, дома іх няма: яны ў тэатры, на балі, у гасцях... Што я ведаю пра іх, пра тое, як яны бавяць дзень? Вось і ведаю цяпер толькі адно: што мая дачка ноччу аддае мужчынам сваё юнае, чыстае цела, як вулічная дзеўка... О, якая ганьба!»
Стары ўсё стагнаў і стагнаў. Кожная новая думка вярэдзіла рану; яму здавалася, што яго мозг ляжыць адкрыты і ў крывавай мешаніне варушацца чырвоныя чарвякі.
«Але чаму ж я ўсё гэта трываў?.. Чаму я ляжу тут і пакутую, а яна, распусніца, спакойна спіць?.. Чаму я адразу не ўварваўся да яе ў пакой і не сказаў, што ведаю пра яе ганьбу?.. Чаму я не пераламаў ёй усіх касцей?.. Таму што я слабы... Таму што я баязлівец... Я заўсёды быў занадта паблажлівы да іх... ва ўсім ім саступаў... я ж гэтак ганарыўся, што магу забяспечыць ім лёгкае жыццё, хоць за гэта і сапсавана маё... Пазногцямі я выдзіраў пфеніг за пфенігам... я гатовы быў злупіць скуру з рук, каб толькі задаволіць іх... Але ледзь я даў ім багацце, як яны пачалі саромецца мяне... і не вельмі элегантны я... і не вельмі адукаваны... А адкуль у мяне магла быць адукацыя? З дванаццаці гадоў мяне ўжо забралі са школы, і я мусіў зарабляць, зарабляць, зарабляць... вандраваў з узорамі спачатку з вёскі ў вёску, потым з горада ў горад, пакуль не адкрыў сваё прадпрыемства... і як толькі яны разбагацелі і пачалі жыць у сваім доме, дык маё чэснае, добрае імя стала ім не да твару... Прымусілі мяне купіць званне тайнага камерцыі саветніка, каб да іх болей не звярталіся як да фраў Заламансон, каб строіць з сябе арыстакратак... Арыстакраткі!.. Арыстакраткі!.. Яны смяяліся з мяне, калі я супраціўляўся іх прэтэнзіям на арыстакратызм, быў супраць іх «свецкага» кола, калі я расказваў ім, як мая нябожчыца мама вяла гаспадарку, - ціха, сціпла, жыла толькі дзеля таты і дзеля нас... звалі мяне старамодным... «Ты старамодны, татачка», - пасмейвалася яна... так, я старамодны... а яна кладзецца ў ложак з чужымі мужчынамі... маё дзіця, маё адзінае дзіця... Ах, якая ганьба, якая ганьба!»
Ён стагнаў так тужліва, так пакутліва, што жонка нарэшце прачнулася.
- Што з табою? - спыталася яна сонным голасам.
Стары не варухнуўся і затоіў дыханне. Так ён ляжаў нерухома да раніцы ў чорнай труне сваёй тугі, і яго, нібы чарвякі, грызлі думкі.