Раніцаю на снеданне ён прыйшоў першы. З глыбокім уздыхам сеў за стол, але кавалак не лез яму ў горла.
«Зноў адзін, - падумаў ён, - увесь час адзін!.. Калі я раніцаю іду ў кантору, яны яшчэ адсыпаюцца, стомленыя ад тэатраў і баляў, а калі я вяртаюся дадому, яны ўжо весяляцца дзе-небудзь у сваёй кампаніі, куды мяне не бяруць з сабою... Ах, грошы, праклятыя грошы!.. яны іх сапсавалі... ад іх мы сталі чужыя адно аднаму... А я, дурань, стараўся наскрэбці іх як мага болей і, зрэшты, самога сябе абрабаваў, зрабіў сябе жабраком, а іх сапсаваў... Пяцьдзесят гадоў я рабіў як вол, не ведаў, што такое адпачынак, і вось цяпер - адзін...»
Ён пачаў ужо злавацца. «Чаму яна не ідзе?.. Я хачу пагаварыць з ёю, я скажу ёй... нам трэба паехаць адсюль... сёння ж... Чаму яна не ідзе?.. Відаць, яна яшчэ не адпачыла, спіць сабе са спакойным сумленнем, а ў мяне, дурня, сэрца разрываецца... Яе маці гадзінамі прыбіраецца, прымае ванну, наводзіць бляск... манікюр, цырульнік, раней адзінаццаці яна не выйдзе... Чаму ж тут здзіўляцца... што можа атрымацца з дзіцяці?.. Ах, гэтыя грошы, гэтыя праклятыя грошы!..»
За яго спінаю пачуліся лёгкія крокі.
- Добрай раніцы, татачка, як ты спаў? - Дзявочая галоўка схілілася над ім, і пяшчотныя вусны дакрануліся да яго гарачага лба. Міжволі ён рэзка адхіліў галаву: яму быў агідны саладжавы пах духоў Каці. І потым...
- Што з табою, татачка? Зноў не ў гуморы?.. Прынясіце каву і ham and eggs*... Дрэнна спаў ці атрымаў непрыемныя навіны?
* Яечня з вяндлінаю (англ.).
Стары прыглушыў свой гнеў. Ён апусціў галаву, не асмельваючыся зірнуць на дачку, і нічога не адказаў. Ён бачыў толькі кісці яе рук на стале, мілыя, выпешчаныя, якія ляніва гулялі на белым полі абруса, быццам раздураныя пародзістыя харты. Ён увесь дрыжаў, калі нясмела слізгануў позіркам па тонкіх дзявочых руках, яшчэ паўдзіцячых... ці даўно... гэтыя рукі кожны вечар абдымалі яго перад сном... Ён бачыў акругласць дзявочых грудзей, якія роўна дыхалі пад новым швэдарам. «Голая... голая качалася з чужым мужчынам, - пакутаваў стары. - Ён дакранаўся да яе, мілаваў, абмацваў, атрымліваў асалоду... мая плоць і кроў... маё дзіця... О, гэты невядомы нягоднік! О... о...» - Ён гучна застагнаў, сам таго не заўважаючы.
- Што з табою, татачка? - спыталася яна ласкава і з трывогаю.
«Што са мною? - стукала, як малатком, у ім. - У мяне дачка прастытутка, а мне не хапае мужнасці сказаць ёй гэта».
Але ён толькі неразборліва прамармытаў:
- Нічога, нічога! - і, паспешна схапіўшы газету, разгарнуў яе, каб адгарадзіцца ад запытальнага даччынога позірку - ён не мог глядзець ёй у вочы. Рукі ў яго дрыжалі. «Цяпер, цяпер трэба сказаць ёй, пакуль мы адны», - пакутаваў ён, але не мог вымавіць ні слова. Нават зірнуць на яе не хапала сілы.
І раптам ён рэзка адсунуў крэсла, цяжка падняўся з месца і накіраваўся ў сад; ён адчуў, што супраць яго волі буйная сляза пацякла па шчацэ. Гэтага яна не павінна была бачыць.
Каратканогі стары доўга блукаў па садзе і ўвесь час глядзеў на возера. Яго вочы, затуманеныя ледзь стрымліваемымі слёзамі, усё ж не маглі не бачыць прыгажосці ландшафту: за серабрыстаю смугою ляжалі мяккія зялёныя хвалі ўзгоркаў, быццам заштрыхаваныя тонкімі чорнымі лініямі кіпарысаў, а за імі стромка ўздымаліся горы, строга, але без ганарлівасці пазіралі на прыгожае возера, як суровыя мужчыны глядзяць на гульню любімых дзяцей. Так ласкава і прыветліва прырода прымала ў абдымкі кожнага, заклікала яго быць добрым і шчаслівым, так чароўна ззяла вечная ўсмешка благаславёнага поўдня!
«Шчаслівы! - Стары няўцямна пакруціў пацяжэлаю галавою. - Будзеш тут шчаслівы. Адзін толькі раз я дазволіў сабе такую раскошу, толькі адзін раз захацеў адчуць, якое добрае жыццё ў тых, хто не ведае клопатаў... упершыню за пяцьдзесят гадоў, якія прайшлі ў падліках, вылічэннях, здзелках, дробным гандлі, я захацеў пацешыцца некалькімі светлымі днямі... адзін, адзін раз, перш чым мяне закапаюць... Божа мой, шэсцьдзесят пяць гадоў, у такім узросце адною нагою ўжо на тым свеце, і тут не памогуць ні грошы, ні дактары... Я хацеў толькі ўздыхнуць на поўныя грудзі, хоць раз падумаць пра сябе... Але нездарма нябожчык тата ўвесь час казаў: «Забавы не для нас, цягні ношку на гарбе да самай магілы...» Толькі ўчора яшчэ я думаў, што магу дазволіць сабе адпачыць... учора яшчэ я быў амаль шчаслівы, цешыўся з маёй прыгожай, вясёлай дачкі, радаваўся яе радасці... і вось ужо бог пакараў мяне, ужо ён усё адабраў... Цяпер канец... я болей не магу гаварыць з роднаю дачкою... не магу глядзець ёй у вочы, гэтак мне сорамна за яе... Увесь час я буду думаць адно - і дома, і ў канторы, і ноччу ў ложку: дзе яна цяпер, дзе яна была, што яна рабіла?.. Ніколі ўжо я не прыйду дадому спакойны. Раней, бывала, яна бяжыць мне насустрач, і сэрца радуецца, калі я бачу яе, маладую і прыгожую... А цяпер, варта ёй пацалаваць мяне, я буду думаць, каму належалі гэтыя вусны ўчора... Пастаянна трывожыцца, калі яе няма, і саромецца зірнуць ёй у вочы, калі яна са мною... Не, гэтак жыць нельга... гэтак жыць нельга...»