Эдгар Алан По
Скрадзены ліст
Для мудрасці няма нічога ненавіснейшага за хітрасць.
Адным ветраным парыжскім вечарам восенню 18** году, адразу пасля змяркання, я, седзячы разам са сваім сябрам С. Агюстам Дзюпэнам у яго маленькай цёмнай бібліятэцы, ці кабінеце, au troisième, No. 33, Rue Dunôt, Faubourg St. Germain *, атрымліваў падвойную асалоду, якую могуць падарыць развагі і пенкавая люлька. Не менш чым гадзіну мы захоўвалі глыбокае маўчанне, і выпадковаму назіральніку магло падацца, што мы засяроджаныя выключна на мудрагелістых клубах дыму, якія рабілі атмасферу пакоя яшчэ змрачнейшай. Аднак я працягваў у думках аналізаваць пытанні, якія мы закранулі ў размове ў пачатку вечара — я маю на ўвазе падзеі на вуліцы Морг і таямніцу, звязаную з забойствам Мары Ражэ. А таму, калі дзверы пакоя расчыніліся і ўпусцілі нашага старога знаёмца мсье Г., прэфекта парыжскай паліцыі, гэта падалося мне чымсьці накшталт супадзення.
* На чацвертым паверху дома №33 па вуліцы Дзюно ў прадмесці Сэн-Жэрмэн (фр.).
Мы прыязна павіталі госця, бо нікчэмныя якасці яго характару межавалі з забаўнымі, і да таго ж мы некалькі гадоў не бачыліся. Да яго візіту мы сядзелі ў цемры, і цяпер Дзюпэн падняўся, каб запаліць лямпу, але, не зрабіўшы гэтага, зноў прысеў, калі пачуў, што прэфект зазірнуў да нас параіцца, а дакладней, спытаць у майго сябра меркавання пра справу, якая прынесла яму шмат турботаў.
— Калі яна ў нейкім сэнсе патрабуе развагаў, — зазначыў Дзюпэн, так і не запаліўшы кнот, — то мы лепш выслухаем вас у цемры.
— Вашая чарговая дзіўная ідэя! — сказаў прэфект, які меў звычку называць дзіўным усё вышэйшае за сваё разуменне, а таму жыў у атачэнні незлічоных легіёнаў рознага кшталту дзіваў.
— Несумненна, — пагадзіўся Дзюпэн, а потым забяспечыў госця люлькай і падсунуў яму зручнае крэсла.
— З якой цяжкасцю вы сутыкнуліся? — спытаў я. — Спадзяюся, гэтым разам не забойства?
— О не, нічога такога. Праблема насамрэч зусім лёгкая, і я не сумняюся, што мы паспяхова справімся з ёй самастойна. Але мне здаецца, што Дзюпэн захоча даведацца пра яе акалічнасці, бо яна надзвычай дзіўная.
— Простая і дзіўная, — падагульніў Дзюпэн.
— Ну, прыкладна так, але не зусім. Насамрэч усе мы вельмі збянтэжаныя, бо гэтая зусім простая справа збівае нас з панталыку.
— Магчыма, вас ставіць у тупік сама яе прастата, — сказаў мой сябар.
— Што за лухту вы кажаце! — усклікнуў прэфект і шчыра засмяяўся.
— Магчыма, разгадка крыху занадта празрыстая, — дадаў Дзюпэн.
— Божа мой, ніколі такога не чуў!
— Крыху занадта відавочная.
— Ха-ха-ха! Ха-ха-ха! Хо-хо-хо! — зарагатаў наш госць, ад душы развесяліўшыся. — Дальбог, Дзюпэн, аднойчы вы даведзяце мяне да труны!
— Дык што ў вас, урэшце, за справа? — спытаў я.
— Зараз раскажу, — адказаў прэфект і, уладкаваўшыся ў крэсле, зрабіў доўгую, раўнамерную і задуменную зацяжку. — Раскажу ў некалькіх словах, але перад гэтым дазвольце папярэдзіць, што справу трэба захоўваць у найглыбейшай таямніцы. Калі хтосьці даведаецца, што я даверыў яе чужым людзям, я, відаць, страчу сваю цяперашнюю пасаду.
— Працягвайце, — сказаў я.
— Ці не, — сказаў Дзюпэн.
— Значыць, так. З найвышэйшых колаў я атрымаў прыватную інфармацыю, што з каралеўскіх пакояў скрадзены адзін вельмі важны дакумент. Асоба выкрадальніка вядомая, у гэтым няма сумневаў: бачылі, як ён забіраў паперу. Таксама вядома, што дакумент дагэтуль у яго руках.
— Адкуль гэта вядома? — спытаў Дзюпэн.
— Пра гэта сведчыць, — адказаў прэфект, — сама прырода дакумента і адсутнасць тых вынікаў, якія пацягнула б за сабой пазбаўленне ад ліста, а дакладней, яго выкарыстанне, бо выкрадальнік раней ці пазней яго выкарыстае.
— Прашу гэта патлумачыць, — сказаў я.
— Ну, рызыкну сказаць, што папера дае свайму ўладальніку пэўную ўладу ў колах, дзе такая ўлада надзвычай цэніцца, — прэфект любіў загадкавую мову дыпламатыі.
— Я ўсё яшчэ не зусім разумею, — сказаў Дзюпэн.
— Не? Ну, калі дакумент атрымае трэцяя асоба, якую пакінем неназванай, гэта паставіць пад сумнеў рэпутацыю адной вельмі высокапастаўленай персоны, і таму той, у чыіх руках дакумент, мае ўладу над гэтай знакамітай персонай, чые рэпутацыя і спакой цяпер пад пагрозай.
— Але выкрадальнік атрымлівае такую ўладу толькі тады, — перарваў я прэфекта, — калі ён упэўнены, што абрабаваны ведае, хто выкрадальнік. Хто насмеліцца...
— Міністр Д., — адказаў прэфект, — ён выкрадальнік і ён насмеліцца на ўсё, што вартае, а таксама не вартае мужчыны. Спосаб, якім ён скраў дакумент, такі ж вынаходлівы, як і смелы. Абрабаваная асоба атрымала дакумент — а менавіта ліст, — калі сядзела адна ў каралеўскім будуары. Раптам чытанне было перарванае з’яўленнем іншай высокапастаўленай асобы, той самай, ад якой ліст трэба было хаваць. Пасля паспешлівай і марнай спробы засунуць ліст у шуфляду яна была вымушаная пакласці яго разгорнутым на стол. Аднак адрас апынуўся навідавоку, а змест — схаваным, таму ліст не забраў увагі. Раптам увайшоў міністр Д. Яго рысіны погляд тут жа выхоплівае ліст, міністр пазнае почырк, адзначае збянтэжанасць адрасаткі і разгадвае яе таямніцу. Пасля працоўнага дакладу, зробленага ў звычайнай хуткай манеры, ён выцягвае ліст, трохі падобны да таго, што на стале, разгортвае яго, робіць выгляд, што чытае, і потым кладзе побач з першым. Наступныя пятнаццаць хвілінаў ён вядзе размову пра грамадскія справы. Урэшце, сыходзячы, ён прыхоплівае са стала чужы ліст. Сапраўдная ўладальніца дакумента ўсё бачыць, але не насмельваецца прыцягнуць увагу да гэтай акалічнасці праз трэцюю асобу, што стаіць побач. Міністр знікае, пакінуўшы свой нязначны ліст на стале.