Як толькі я ўбачыў гэты ліст, то адразу вырашыў, што менавіта ён мне і патрэбны. Дакладней, ён па ўсіх прыкметах адрозніваўся ад таго, падрабязнае апісанне якога нам прачытаў прэфект. Тут пячатка была вялікая і чорная, з манаграмай “Д”, там — маленькая і чырвоная, з гербам герцагскага роду С. На гэтым лісце імя адрасата было напісанае дробнымі жаночым почыркам, пасланне ж, прызначанае для нашай каралеўскай асобы, было падпісанае смелай і ўпэўненай рукой. Супадаў толькі памер ліста. Але менавіта кардынальнасць гэтых адрозненняў: брудная, пакамечаная і надарваная папера, якая так не адпавядала звычайнай ахайнасці міністра і вельмі яскрава сведчыла пра жаданне стварыць уражанне, што ліст не варты ніякае ўвагі, — менавіта гэтая кардынальнасць разам з надта бачным месцам захоўвання ліста, якое кідалася ў вочы любому наведніку, усё гэта, паўтаруся, магло толькі пацвердзіць падазрэнні таго, хто прыйшоў туды з намерам падазраваць.
Я зацягнуў візіт наколькі было магчыма і, падтрымліваючы з міністрам надзвычай гарачую спрэчку на тэму, якая, як я ведаў, яго заўсёды цікавіла і захапляла, усю сваю ўвагу засяродзіў на лісце. За гэты час я дакладна запомніў яго выгляд і размяшчэнне на палічцы, а таксама зрабіў адкрыццё, якое рассеяла б апошнія сумневы, калі б яны ў мяне яшчэ заставаліся. Пільна разглядаючы краі паперы, я заўважыў, што яны нашмат больш разгладжаныя, чым трэба, і выглядаюць надломленымі — так бывае, калі шчыльную паперу спачатку складуць і прыціснуць, а потым паспрабуюць выраўнаць, згінаючы ў іншы бок па той самай складцы. Цяпер я быў упэўнены. Ліст відавочна вывернулі навыварат, як пальчатку, напісалі на ім новы адрас і паставілі новую пячатку. Я пажадаў міністру добрага дня і адразу ж сышоў, пакінуўшы на стале залатую табакерку.
Наступным ранкам я зазірнуў да яго, каб забраць табакерку, і мы з новым запалам працягнулі ўчарашнюю размову. Але раптам нас перарваў гучны стрэл, падобны да пісталетнага, які грымнуў пад самымі вокнамі, і адразу ж пачуліся жахлівыя крыкі і лямант натоўпу. Міністр кінуўся да акна, расчыніў яго і вызірнуў вонкі. У гэты момант я падскочыў да палічкі, узяў ліст, засунуў яго ў кішэнь, а на палічку паклаў копію (безумоўна, копію што да выгляду, а не да зместу), якую старанна падрыхтаваў дома, лёгка падрабіўшы пячатку з манаграмай з дапамогай хлебнага мякішу.
Гармідар на вуліцы быў выкліканы шалёным учынкам нейкага чалавека з мушкетам: ён стрэліў у натоўп жанчын і дзяцей. Але потым выявілася, што стрэл быў халасты, і ваяку адпусцілі на ўсе чатыры бакі, палічыўшы яго ці то вар’ятам, ці то п’яным. Калі ён знік, міністр адышоў ад акна, ля якога на той момант стаяў ужо і я, папярэдне схаваўшы сваю здабычу. Неўзабаве я развітаўся. Паслугі ўяўнага вар’ята аплаціў, безумоўна, я.
— Але навошта вы падмянілі ліст копіяй? — спытаў я. — Можа, лепш было падчас першага ж візіту адкрыта яго забраць і сысці?
— Міністр — чалавек адчайны і вельмі нервовы, — адказаў Дзюпэн. — Да таго ж яго слугі адданыя яго інтарэсам. Калі б я зрабіў так, як прапанавалі вы, то мог бы і не выбрацца з яго ўладанняў жывым. І тады добрыя парыжане больш нічога б пра мяне не чулі. Але былі і іншыя прычыны. Вы ведаеце пра мае палітычныя прыхільнасці. У гэтай справе я дзейнічаў на баку пакрыўджанай дамы. Паўтара году міністр трымаў яе ў сваёй ўладзе. А цяпер ён сам у яе руках: не ведаючы, што ліст ужо вернуты гаспадыні, міністр, як і раней, будзе нечага ў яе патрабаваць, і гэта непазбежна прывядзе яго да палітычнага краху. Яго падзенне будзе не толькі імклівым, але і непрыемным. Лёгка гаварыць, што facilis descensus Averni *, але калі вядзецца пра пад’ёмы і спускі, то, як казала пра спеў Каталані, ісці ўверх нашмат прасцей, чым уніз. І ў дадзеным выпадку я зусім не спачуваю, ці, прынамсі, не шкадую таго, хто мусіць упасці. Бо ён — сапраўдны monstrum horrendum **, геній, пазбаўлены прынцыпаў. Аднак мушу прызнацца, што мне вельмі хацелася б даведацца, якія думкі прыйдуць у галаву міністра, калі яму адмовіць “вельмі высокапастаўленая персона”, як называе яе прэфект, і яму давядзецца разгарнуць пакінутае мной на палічцы пасланне.
* Facilis descensus Averni — “лёгкі спуск праз Аверн” (лац.). Цытата ўзятая з “Энеіды” Вергілія (VI, 126—129). Спуск праз Аверн — дарога ў падземны свет: Авернскае возера ля горада Кумы ў Кампані лічылася ўваходам у іншасвет.