ДАМОЎ
Ён шукае дарогi да белых палёў,
Над якiмi адно толькi новае неба,
Там уласная смерць выглядае ганебнай.
Ён шукае сабор, апрыходзiць дамоў.
Ен шукае сцяжыны да белых лясоў,
Дзе вандроўныя душы знаходзяць прытулак,
Дзе сканала нянавiсць, азлоба заснула...
Ён шукае спакой, апрыходзiць дамоў.
Ён шукае напрамак да чорных грудоў,
Над якiмi стаiць нерухомая поўня,
Там нiхто не будуе вязнiцы й катоўнi.
Ён шукае любоў, апрыходзiць дамоў.
СПРОБА МАЛIТВЫ
Божа, забяры маё жыццё,
Выратуй знямелую Айчыну,
Выратуй ахвяры i злачынцаў...
Божа, забяры маё жыццё.
Ты адзiны вольны i вялiкi,
Ганарлiвым адпусцi грахi.
Веру — да цябе вядуць шляхi.
Ты адзiны вольны i вялiкi.
Я слабы, з атручанай душой,
Брудны гад, скалечаны, нiкчэмны...
Веру ў розум светлы i надземны.
Я слабы, з атручанай душой.
Божа, забяры маё жыццё.
Іншага не маю, каб аддзячыць.
Ну хiба што гэтым цiхiм плачам.
Божа, забяры маё жыццё.