Цяпер я перакананы, што гэта быў чалавек значна больш глыбокі і незалежны, чым некалі мне ўяўлялася.
Аднойчы, калі вецер раскідаў похапкам зладжаны ў нас на Дзьвіне пантонны мост і мы з бацькам стаялі на беразе й глядзелі на людзкую мітусьню, ён зь непраніклівым тварам прамовіў вершаваную фразу з свае маладосьці: «Течет вода Кубань-реки, куда велят большевики».
Калі тата быў ужо на Божай пасьцелі, я папрасіў, каб ён — калі чалавечае існаваньне доўжыцца й там — паспрабаваў даць мне нейкі знак, напрыклад, затэлефанаваў бы ў дзень майго нараджэньня. Я баяўся, што ён абразіцца, але тата нечакана сустрэў маю просьбу з усьцехаю.
Яму не ўдалося дазваніцца, ды праз колькі тыдняў ён — ужо адтуль — дапамог мне ў цяжкія дні.
Гэтыя дні пачаліся з таго, што вахцёрка нашага студэнцкага інтэрнату ўвечары паклікала мяне да камэнданта, дзе нібыта чакаў бацькаў сябра. Візытант аказаўся чалавекам зь невыразным абліччам — з тых, якія празь пяць хвілінаў пасьля сустрэчы надзейна сьціраюцца з памяці. Адзінай адметнасьцю ягонага твару былі маленькія бясколерныя вочкі-сьвярдзёлкі (ці, можа, дакладней, іголкі ад шпрыцоў), чые дотыкі-ўколы я адчуваў амаль фізычна. Абколваючы мяне з галавы да пятаў, госьць паказаў чырвоную «корачку», зь якой вынікала, што сярод бацькавых сяброў пракідаліся й маёры камітэту дзяржбясьпекі.
Далей размова адбывалася прыкладна так:
— Орлов?
— Арлоў.
— Владимир Алексеевич?
— Уладзімер Аляксеевіч.
— Родились в Полоцке тогда-то и тогда-то.
З гэтага моманту пытальнікі ў канцы сказаў зьніклі.
— Окончили школу в Новополоцке в 1970 году.
— Жили на улице имени такого и такого в доме номер такой-то, квартира такая-то. Мать — Мария Максимовна. Учительница истории.
Мой візаві перайшоў амаль на тэлеграфны стыль. Я ўжо не пацьвярджаў, а толькі слухаў чамусьці вядомыя яму зьвесткі з майго жыцьця.
Мне было дваццаць гадоў. Пад матрацам майго панцырнага інтэрнацкага ложка ляжаў зачытаны нумар «Роман-газеты» з «Адным днём Івана Дзянісавіча» толькі што выкінутага з краіны А. Салжаніцына. Насупраць сядзеў не анэкдотны (товарищ майор, организуйте чайку), а самы сапраўдны таварыш маёр, які вёў знаёмы зь літаратуры й кінафільмаў клясычны допыт.
Апрача думак пра «Івана Дзянісавіча», я ўжо здагадваўся пра сваё галоўнае злачынства. Мае сябры з Наваполацкага політэхнічнага інстытуту Вінцэсь Мудроў, Валера Шлыкаў і сёй-той яшчэ, каго з розных прычынаў я не хачу называць, пачалі выпускаць наогул бяскрыўдны, але беларускамоўны альманах «Блакітны ліхтар», дзе зьявіліся й мае вершаваныя опусы. Некалькі нумароў я прывез у Менск і трымаў на дне валізы пад ложкам. Я амаль нікому іх не паказваў, але, як вядома з даўніх і зусім нядаўніх часоў: дзе двое — там рада, дзе трэці — там здрада. Я яшчэ ня ведаў, што на момант размовы з таварышам маёрам данос пра існаваньне нашага «Блакітнага ліхтара» ўжо быў напісаны (дарэчы, па-беларуску, — потым мне давалі яго пачытаць).
Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.
Тым часам допыт працягваўся.
— Отец — Алексей Артемович.
— Так.
— Работает в Новополоцке прокурором.
— Не, — сказаў я.
— Как это «не»? — не зьдзівіўся, а абурыўся таварыш маёр.
— Не працуе, — пацьвердзіў я, адчуваючы, як пачынаюць слабець ліпуча-халодныя пальцы страху, што сьціскалі маю істоту.
— Почему?
— Таму што ён памёр, — адказаў я.
Вочкі-сьвярдзёлкі замітусіліся й страцілі вастрыню. Таварыш маёр, здавалася, ніяк ня мог пагадзіцца з тым, што ягонае ведамства, якое ведала ўсё і ўсіх, магло так элемэнтарна спудлаваць. Аднак ён зразумеў, што такімі рэчамі, як бацькава сьмерць, не жартуюць, і адразу абвяў. Яшчэ былі нейкія пытаньні, было папярэджаньне, што пра нашую сустрэчу ніхто не павінен ведаць, але ён бачыў, што я ўжо не баюся, і, пэўна, вырашыў «раскалоць» мяне, дачакаўшыся больш зручнага выпадку.
Дзякуй табе, тата, што ты быў тады поруч са мною. Каб ты ведаў, як я шкадую, што не пасьпеў дасягнуць таго веку, калі мая й твая душы маглі б ператварыцца ў злучаныя між сабою ёмістасьці: ты так і застаўся для мяне рэччу ў сабе.
Я нарадзіўся ў таты з мамаю ў год Зьмяі паводле ўсходняга календара і ў год сьмерці Сталіна — паводле календара савецкага. Мой дзень нараджэньня ў жніўні, значыцца, у сакавіку, калі вялікі правадыр народаў нарэшце выправіўся на той сьвет, я ўжо існаваў, ды мог не нарадзіцца, бо пасьля ўрадавага радыёпаведамленьня мама пачулася зусім блага. Сьвет гінуў, ад роспачы мама ў гістэрыцы рвала валасы й надоўга трапіла ў лякарню. Але тым разам савецкая мэдыцына перамагла (нашы савецкія хворыя — самыя здаровыя хворыя ў сьвеце!), і, перачакаўшы, відаць, непамысныя для мяне дні задыякальнага знаку Льва, я шчасна нарадзіўся на трэці дзень Дзевы.