Выбрать главу

Канстанцін Канстанцінавіч меў цесныя сувязі з рускім князем Андрэем Курбскім, які ўцёк з Масквы ад цара Івана Грознага і жыў у падараваным яму Крэўскім замку. Астрожскі выступаў за ўмацаванне праваслаўя на беларускіх і ўкраінскіх землях, падтрымліваў праваслаўныя брацтвы, заснаваў школы ў Тураве і Слуцку.

Другі сын Канстанціна Іванавіча Астрожскага і Таццяны Гальшанскай Ілля (Эліяш) пашлюбіўся з Беатай – прыёмнай дачкой князя Андрэя Касцялецкага і Кацярыны Тэльнічанкі. У сапраўднасці Беата была пазашлюбнай дачкой караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога з роду Ягелонаў. Аднак нядоўгім аказалася сямейнае шчасце. Менш як праз год Ілля памёр. У Беаты нарадзілася дачка Альжбета Астрожская, якая мела ў жыцці шмат розных прыгод, авантур і непамыснасцяў, за што была названа Чорнай княгіняй.

А Іллю мо Бог пакараў за тое, што адмовіўся выканаць бацькоўскі наказ. У свой час Канстанцін Астрожскі заключыў шлюбную дамову з князем Юрыем Радзівілам, якога за ваенныя заслугі называлі Пераможцам, літоўскім Геркулесам. Дачка Юрыя Ганна павінна была стаць жонкай Іллі. Аднак заўпарціўся малады Астрожскі, адмовіўся ад свайго магчымага шчасця. І вельмі радаваўся, калі кароль польскі Жыгімонт Стары вызваліў яго ад гэтага абавязку. А мо кароль ужо тады вырашыў, што ажэніць Іллю са сваёй пазашлюбнай дачкой Беатай? Адказу на гэтае пытанне няма...

Да Сабору беларускіх святых залічаны Фёдар Астрожскі. У першай палове ХV стагоддзя ён атрымаў ад свайго бацькі Данілы велізарныя багацці. Быў чалавекам вялікай адвагі і высокага аўтарытэту. Але неўзабаве змяніў свецкае жыццё на келлю манаха Кіева-Пячэрскай лаўры, дзе і пахаваны. Дзень памяці адзначаецца 24 жніўня.

З РОДУ ГАЛЬШАНСКІХ

Каб хто толькі ведаў, як трапятала сэрца семнаццацігадовай Соф’і Гальшанскай, калі ў лютым 1422 года яна стаяла пад велічнымі скляпеннямі Навагрудскага касцёла. Ярка гарэлі свечкі, урачыста гучалі святыя песнапенні, на ўсю моц званілі званы. Поруч з князёўнай стаяў сямідзесяцігадовы Ягайла. Калісьці ён быў вялікім князем літоўскім і жыў у Крэве – непадалёк ад Гальшанскага замка. Сёння ж Ягайла – кароль польскі і ў былую сталіцу Вялікага княства Літоўскага прыехаў павянчацца са сваёй абранніцай.

Не ад таго лякалася Соф’я, што муж вельмі стары. Не баялася, што давядзецца пакінуць маці, сясцёр, дзядзьку Сямёна Друцкага, у якога пасля смерці бацькі Андрэя Гальшанскага яны выхоўваліся. Не тое палохала, што шлюбавалася з прадстаўніком старадаўняй і магутнай дынастыі Гедымінавічаў. Адчувала адказнасць перад заснавальнікамі свайго роду...

Пасля смерці Свінтарога на вялікі пасад літоўскі, жамойцкі, новагародскі і рускі заступіў ягоны сын Скірмант. Скірмантаў сын Гілігін княжыў на зямлі літоўскай і рускай, пакуль не памёр. Затым княжыць пачаў Гілігінаў сын Раман. Калі Раман памёр, разышліся пяць яго сыноў княжыць у розных землях. Сярэдні Гальшан пайшоў за раку Вяллю.

Гэта і быў той далёкі продак, якому зямля гальшанская сваёю назвай абавязана. Сярод прыгожых гор знайшоў Гальшан гару найпрыгожую, што над ракою Вільняй. Збудаваў там горад і назваў яго сваім імем – Гальшаны. А калі ехаў аднойчы на ловы, убачыў у пушчы гару яшчэ больш прыгожую ды велічную. І спадабалася яму, і пасяліўся ён там, і на той гары над ракою, што Караблём называлася, учыніў горад. І перанёсся туды, і там пачаў княжыць. І назваўся князем Гальшанскім…

Так паведамляе пра заснаванне Гальшанаў у ХІІІ стагоддзі і паходжанне князёў Гальшанскіх Хроніка Быхаўца.

А Соф’я разумее, як цесна перапляліся лёсы прадстаўнікоў яе роду з іншымі, нібыта векавечныя дрэвы моцнымі галінамі і магутнымі каранямі ў яе язычніцкіх барах. Вялікі князь літоўскі Вітаўт, напрыклад, меў другой жонкай Ганну – сястру Івана Гальшанскага. Трэцяй Вітаўтавай жонкай стала дачка Івана Улляна.

Гэта Вітаўт высватаў для Ягайлы маладзенькую Соф’ю Гальшанскую. І нічога, што чацвёртая жонка ў караля, бо ранейшыя памерлі. Затое менавіта беларусінка нарадзіла сыноў Уладзіслава і Казіміра, якія сталі першымі ў дынастыі Ягелонаў. Гэта ім належалі каралеўскія пасады ў Польшчы, Венгрыі і Чэхіі.

А яшчэ раней, калі польскія паслы прапаноўвалі Ягайлу за жонку маладзюткую (усяго дванаццаць гадоў!) і самую прыгожую ў Еўропе каралеву польскую Ядвігу, на агледзіны ў Кракаў выправіўся Соф’ін дзед Іван Гальшанскі. Не ведаў ён, што тым самым пракладвае дарогу ў польскую сталіцу і сваёй унучцы.