Выбрать главу

Аднак і ў адной сям’і не абыходзілася без непаразуменняў. Ян лічыўся кіраўніком вялікалітоўскай апазіцыі. А яго сын Марцін – ваявода кіеўскі, а пасля трокскі, маршалак земскі аддана служыў каралю польскаму Казіміру Ягелончыку. Калі супраць караля была выкрыта змова, Марцін аказаўся сярод тых суддзяў, хто аддаў Міхаіла Алелькавіча і Івана  Гальшанскага на смерць. Не дапамаглі нават сваяцкія повязі: першай жонкай Марціна была дачка Сямёна Гальшанскага, а другой – дачка Юрыя Гальшанскага.

Згодна з летапісам, пачынальнікам роду лічыцца Крумпа – гетман літоўскага князя Ердзівіла. Пасля пераносу сталіцы ВКЛ у Вільню Крумпа стаў першым віленскім ваяводам. Ад ягонага сына Гаштольда і пайшоў знаны праваслаўны род. Быў закаханы ў каталічку Бугацкую і, каб узяць яе за жонку, мусіў памяняць веру, атрымаў імя Пётр.

Гэта ён запрасіў з польскай зямлі ў Вільню першых манахаў-францысканаў, пабудаваў для іх кляштар і касцёл святога Крыжа. Калі ж манахі загінулі пакутлівай смерцю, прывёз новых і ўзвёў для іх касцёл святой Дзевы Марыі.

Мястэчка Геранёны, якое цяпер у Іўеўскім раёне, называлі і Гаштольдавымі, і Мураванымі. Пасля Яна імі валодаў ваявода новагародскі, полацкі, трокскі і віленскі, канцлер ВКЛ Альбрэхт. Рана страціў бацькоў, выхоўваўся ў сваёй бабулі Ганны Гальшанскай. На пачатку ХVІ стагоддзя ён збудаваў у Гераніёнах багата аздоблены замак.  У 1529 годзе ён атрымаў тытул графа, а Мураваныя Геранёны пачалі лічыцца графствам.

Альбрэхт стаў прызнаным палітычным дзеячам Княства, актыўна змагаўся за яго самастойнасць. Належаў да самых багатых землеўласнікаў, меў вялікія надзелы ў Трокскім, Віленскім, Луцкім, Ашмянскім, Менскім і іншых паветах. Варта адзначыць і такі цікавы факт. Кароль польскі дазволіў яму карыстацца пячаткай з чырвонага воску, узвялічыўшы такім чынам да статусу каралеўскай асобы, бо ўсе іншыя мусілі ўжываць зялёны воск. Выхаванец Кракаўскага Ягелонскага універсітэта Альбрэхт спрыяў таму, каб група падлеткаў з Геранёнаў трапіла на вучобу ў гэтую прызнаную ў Еўропе навучальную ўстанову. Ён арганізаваў школы ў Геранёнах і Трабах.

Не аднойчы змагаўся з крымскімі татарамі. У 1505 годзе адбіў іхні напад на Новагародскі замак. Часта знаходзіўся ў атачэнні караля пры вырашэнні важных дзяржаўных спраў і дыпламатычных місій. Браў удзел у стварэнні першага Статута Вялікага княства Літоўскага 1529 года. Яшчэ пры жыцці заказаў сабе надмагілле, якое ў стылі рэнесансу выканаў для Гаштольдавай капліцы ў Віленскім кафедральным касцёле італьянскі майстар.

Сёння бадай што ўсе ведаюць Барбару Радзівіл як жонку караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІ Аўгуста. І мала хто звяртае ўвагу, што спярша яна  была замужам за ваяводам новагародскім і трокскім, членам Рады ВКЛ Станіславам Гаштольдам – сынам Альбрэхта. 18 мая 1537 года ў касцёле ў Геранёнах з удзелам многіх еўрапейскіх гасцей адбыўся шлюб 30-гадовага Станіслава і 17-гадовай Барбары. Яе бацька кашталян віленскі, вялікі гетман літоўскі князь Юрый Радзівіл даў дачцэ такі багаты пасаг, што спатрэбіўся не адзін дзесятак коней, каб усё дабро  перавезці ў Геранёны.

Пасля смерці Станіслава Гаштольда ў 1542 годзе не толькі замак і ўсе багацці, а нават ягоная жонка Барбара Радзівіл дасталася каралю. Род Гаштольдаў згас.

ХАДКЕВІЧЫ

Ёсць у Баранавіцкім раёне вёска з незвычайнаю назваю Новая Мыш. Амаль 600 гадоў таму лічылася нават горадам, была буйным абарончым, эканамічным, палітычным і культурным цэнтрам. Меўся тут велічны драўляны замак на рацэ Мышанка. Праз Мыш праходзіў адзін з галоўных гандлёвых шляхоў Вялікага княства Літоўскага. Таму стала яна важным цэнтрам зносін з замежнымі краінамі. А экспартаваць з Мышы было што. Яшчэ ў другой палове ХVІІІ стагоддзя тут дзейнічала найбольшае на беларускіх землях прадпрыемства – шкляная мануфактура.

Гаспадарамі Мышы былі прадстаўнікі даўняга і знанага праваслаўнага (у другой палове ХVІ стагоддзя перайшлі ў кальвінізм, пазней у каталіцтва) магнацкага роду Хадкевічаў герба “Касцеша”. Мелі маёнткі ў Заблудаве, Супраслі, Дойлідах, у Гарадзенскім, Новагародскім, Аршанскім і іншых паветах. Адна з легенд сведчыць, што род пачаўся ад кіеўскага баярына Ходара (Фёдара) альбо Ходкі (Ходзькі) Юр’евіча.