Выбрать главу

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай маёнткі Адама Казіміра апынуліся ў Аўстрыі. Ён з’яўляўся фельдмаршалам аўстрыйскага войска. Аднак трапіў у палон да князя Іосіфа Панятоўскага, стаў падданым Польшчы, яму даверылі пасаду маршалка варшаўскага сейма. Калі пакінуў палітычную дзейнасць, жыў у Пулавах (цяпер Люблінскае ваяводста). Займаўся літаратурнай і тэатральнай крытыкай,  палітычнай публіцыстыкай, пісаў камедыі. У 1817 годзе з’ехаў у Галіцыю, а Пулавы аддаў сыну Адаму.

Адам яшчэ ў дзяцінстве, якое праходзіла ў Воўчыне, марыў здзейсніць тры вялікія справы: напісаць багатырскую паэму, атрымаць перамогу ў вялікай бітве і ўратаваць Польшчу. І дабіўся свайго. За ім замацавалася слава вядомага дзяржаўнага і палітычнага дзеяча, бібліяфіла, асветніка. Стварыў Адам і свае літаратурныя творы, сярод якіх кнігі мемуараў “Бард польскі”, “Мемуары князя Адама Чартарыйскага”, “Жыццё Юльяна Урсына-Нямцэвіча”.

Як і іншыя Чартарыйскія, Адам вельмі любіў падарожнічаць, наведаў шмат краін. Падтрымаў паўстанне Тадэвуша Касцюшкі. Пасля паразы ў якасці добраахвотнага палоннага разам з братам паехаў да Кацярыны ІІ, каб вярнуць адабраныя ёю ўладанні. Наладзіў прыязныя адносіны з расійскім імператарам Аляксандрам І, стаў яго блізкім дарадцам.

Быў паслом Расіі ў Сардзініі. Меў план адраджэння Вялікага княства Літоўскага і Каралеўства Польскага ў іхніх ранейшых межах. З’яўляўся міністрам замежных спраў Расіі, членам Дзяржаўнага савета, сенатарам.