Хто ж ён, Усяслаў? Чалавек ці д'ябал? Знешне ён чалавек і боль адчувае сваім целам, як усе людзі. Калі полымя свечкі дакранулася да ягонай рукі, ён зморшчыўся. Яму вядомы голад і смага, сум і страх. Ён любіць сваіх дзяцей, не раз мы чулі, як полацкі князь шэпча ў час малітвы: «Сыны мае...» Ні дымам і ні сераю ён не пахне. Як мы ўжо казалі, цела ў яго чыстае, белае, а калі б ён быў слугою Люцыпара, мы б знайшлі на ягонай скуры сляды ад падземнай копаці і сажы.
А іншым разам на Усяслава дзікае шаленства находзіць. Крычыць ён, што расквітаецца з Ізяславам за свае пакуты, за сваю крыўду, гаворыць, што ягоная дружына не панішчана, чакае князевага слова і знаку ў дрымучых полацкіх лясах. Ад яго ж мы пачулі, што ў самім Кіеве, на Брачыслававым падвор'і, ёсць людзі (і нямала такіх людзей), якія Полацку верныя. Трэба, думаецца нам, усіх людзей гэтых схапіць, закаваць у жалезы і ў поруб кінуць.
3 вялікай асцярогаю выпытвалі мы ў князя, ці не звязаны ён патаемна з ляхамі, уграмі або полаўцамі. Пра ляхаў і уграў Усяслаў змоўчаў, быццам не пачуў нашых слоў, а пра полаўцаў сказаў адно: «Мы не полаўцы, мы палачане». Як разумець такое? Палачане нашы браты па славянству. Полаўцы ж пакуль незнаёмы, чужы народ, які ўварваўся ў руськія [Руськія — тагачаснае вымаўленне і напісанне] стэпы. Можа, гэта хацеў сказаць полацкі князь?
Шкада яго робіцца. Хоць і вораг ён Кіеву, але ж адной з намі крыві. Ягоны б меч нашым верным саюзнікам зрабіць. Ды Усяслаў не з тых, хто лёгка прыручаецца. Не рахманая авечка полацкі князь, а сапраўдны лясны тур. Трэба спілоўваць яму рогі, а як, мы не ведаем.
Ужо восень пачынаецца. Птушкі крычаць восеньскім голасам. У лясах над Дняпром вецер-лістадзёр шуміць. Над Кіевам халоднае неба. Усяслаў сумны і маўклівы сядзіць у нашай цеснай келлі, якая асвятляецца і саграваецца адной свечачкай.
Незразумелы страшны чалавек. Святы божа, выратуй стольны Кіеў ад такіх людзей!..
Раздзел другі
Белавалод ішоў да Ульяніцы. Было яму васемнаццаць сонцаваротаў, і быў ён лёгкі, спрытны, дужы, адважны. Шолах лісцяў палохае зайца, палахлівы чалавек дрыжыць ад бясплотнага ценю, а Белавалод нічога не баяўся, таму што ішоў ён да сваёй каханкі.
Трэцяе лета рабіў Белавалод унотам [Унот — вучань] у ювелірнай коўніцы менскага залатара Дзяніса. Вучыў яго Дзяніс пісаць вадкім золатам па медзі, вучыў з меднага, залатога і срэбнага дроту рабіць пярсцёнкі і колты. У коўніцы пахла воскам, з якога рабілі формачкі для адліўкі матрыц, пахла дымам і драўняным вугалем і заўсёды дробненька грукацелі малаточкі і зубільцы. На літую сталёвую матрыцу, якая ўжо мела неабходны малюнак-узор, Белавалод накладваў ліст медзі або срэбра, прыціскаў ліст круглай свінцовай падушкаю і асцярожна лёгка біў па ёй драўляным малатком.
— Не спяшайся, не май цяжкую руку, — пільна сочачы, гаварыў Дзяніс. Густыя чорныя валасы тапырыліся над смуглым ілбом залатара, настырна лезлі ў вочы, і ён перахопліваў, прыціскаў іх тонкім скураным раменьчыкам,
Рука ў Белавалода была моцнаю, але лёгкаю, метал слухаўся яе. Неўзабаве на сляпой роўнядзі металу, як жывыя, з'яўляліся туры і мядзведзі, вясёлыя зайцы, рахманыя бабры і нават гнуткія хутканогія гепарды, якія жывуць у паўднёвых краях і якіх князі і баяры любяць браць на свае ловы разам з сабакамі і сокаламі. Было найвялікшай радасцю ўбачыць, як глядзіць на цябе зроблены тваімі рукамі тур, і столькі ў ім сілы, дзікай злосці, руху, што здаецца, вось-вось пачуеш нізкі сярдзіты рык, хрусне ельнік пад цяжкімі нагамі.
Але нядаўна з'явілася ў Белавалодавым жыцці чарнавокая Упьяніца, і ён мо ўпершыню адчуў і зразумеў, што, апроч золатакавальства, ёсць на зямлі яшчэ адно шчасце, салодкае, пякучае. Кожны вечар ён выходзіў за гарадскі вал і спяшаўся да сваёй Ульяніцы. Вось і сёння, як толькі вечаровае сонца зачапілася за пушчу і белы туман разліўся ў лугах, малады унот кінуў-рынуў усе свае справы і пашыбаваў на тое месца, дзе Менка ўпадае ў Пціч. Там яго, як звычайна, чакала Ульяніца. На лёгкім чоўне яна прыплывала з пушчы.