Выбрать главу

— Як дзеці адной зямлі вып'ем віно згоды, — урачыста сказаў Супрун і перахрысціўся. Баяры дружна перахрысціліся следам за ім. Галодныя паганцы нецярпліва, з вострым бляскам у вачах пазіралі на прысмакі, якіх, пэўна ж, ні разу не каштавалі ў сваім жыцці.

— А вы чаму святую малітву не творыце? — раптам спытаў баярын і ўскочыў з-за стала. — Толькі звяры пачынаюць жэрці, не ўзняўшы вачэй на лік гасподні.

Гэтыя словы былі сігналам, загадам. 3 усіх дзвярэй гурбою выбеглі баярскія чаляднікі, рынуліся на разгубленых паганцаў, заламалі рукі, звалілі на падлогу. Пакаціліся кубкі. Залаціста-чырвоным віном абпырскала, нібы крывёй, стол. Чуліся праклёны, глухія ўдары, сіплае цяжкое дыханне.

— Старога пакіньце тут, астатніх вядзіце на двор, — загадаў чаляднікам Супрун. Ён узяў амфару, якая ўтрымала раўнавагу, не ўпаўшы са стала, зрабіў набгом некалькі глыткоў, выцер кулаком вусы і радасна абвясціў: — Трапіла нячыстая сіла ў цянёты.

Узбуджаныя баяры павярнулі як адзін галовы туды, дзе стаяў паганскі ваявода. Чатыры чаляднікі, па два на руку, моцна трымалі яго. Твар у Белакраса быў бледны. Запалонены ваявода сказаў, адшукаўшы вачамі ігумена Феадосія:

— Што гэта, святы ойча?

Феадосій маўчаў, рабіў выгляд, што сам нічога не разумее. А ў душу хлынула радасць, ды такая звонкая, гарачая, аж сухія шчокі пачырванелі. Ён адступіў за спіны баяр — няхай паганец не бачыць ягоную радасць.

— Дзе ж Хрыстос? — павольна запытаў Белакрас і глянуў на абразы.

— Не мір я прыйшоў прынесці, а меч, — цвёрдым голасам прамовіў Супрун. — Так сказаў Хрыстос. I ён зараз радуецца, што мы злавілі цябе, сатана. Ці маліся на святыя абразы, ці рыхтуйся да сваёй смерці. Ну!

Ён, не падыходзячы да ваяводы, узмахнуў кулаком. Белакрас маўчаў. У акно біўся мяккі снег, здавалася, крыло белай птушкі трапятала пад парывістым ветрам.

— Ну! — закрычаў Супрун і адразу ж загадаў чаляднікам: — У клець яго.

Ваяводу пацягнулі ў клець. Супрун і баяры пайшлі следам, Феадосій застаўся ў святліцы. Ён прасветленым позіркам глянуў на абразы, перахрысціўся, сказаў дрогкім шэптам:

— Ты задаволены, Гасподзь? Раны тваёй плоці мы загоім слязьмі тваіх ворагаў?

У гэты час у баярскай клеці, якая адначасова была і катавальняй, чаляднікі сарвалі з паганскага ваяводы адзенне, скруцілі бічоўкаю рукі, за бічоўку падвесілі Белакраса да дубовай бэлькі. Ён узняўся над зямлёй, нібы птушка, якой рэзкі сустрэчны вецер заламаў назад крылы. Да ног старому мячэтніку прывязалі бервяно. Кат прынёс гаршчок з чырвоным вуголлем, павесіў на крук доўгі, з туравай скуры бізун, пачаў награваць на вуголлі жалезныя спіцы.

Найбольш мяккасардэчныя з баяраў, Алфім, Сцяфан, браты Разумнікі, не пайшлі ў клець. Супрун жа загадаў прынесці ў клець віна, з дзесяткам баяраў сеў на лаву каля сцяны.

3 усіх істот, якія жывуць на зямлі, да катавання дадумаўся толькі чалавек. Алені ў час паядынкаў раняць адзін аднаго рагамі, казлы б'юцца лбамі, пеўні змагаюцца дзюбамі і кіпцюрамі. Яны, здараецца, нават забіваюць саперніка, але ўвесь іхні бой — кароткая ярасная ўспышка гневу, і толькі. Таго, хто саступіў дарогу, хто паказаў спіну, пакідаюць у спакоі. Чалавекжа навучыўся прычыняць падобным сабе павольны бясконцы боль.

Кат у чырвоным скураным пярэдніку запытальна глянуў на Супруна.

— Папытайся ў паганца, дзе яны схавалі срэбра, — сказаў Супрун, п'ючы віно з кубка. — У іх павінна быць шмат срэбра.

Кат ударыў бізуном, ударыў са свістам, з адцяжкаю. На скуры ўспыхнуў рубец.

— Бі лягчэй, а то ён можа спусціць дух, — загадаў баярын.

Зноў узвіўся бізун. Але Белакрас маўчаў. Толькі пот выступіў на скронях. Кат, разгублена паглядаючы на Супруна, падышоў да вуголляў, дзе спіцы зрабіліся аж вішнёвымі, прысеў на кукішкі, пачаў браць распаленае вострае жалеза. I тут стары мячэтнік узняў галаву, ударыў па ім пранізлівым позіркам. Кат раптоўна абмяк, пабляднеў, нават пахіснуўся, потым нялоўка згроб усе спіцы ў кошык, што стаяў непадалёку, адчыніў дзверы клеці, выкінуў кошык разам са спіцамі. Супрун і баяры анямелі ад здзіўлення. Не разгубіўся толькі Васютка, памочнік ката. Ён сарваў з сябе скураны пярэднік, падбег ззаду да Белакраса і закрыў яму твар. Кат колькі імгненняў стаяў, як учадзелы, потым кроў хлынула ў шчокі, ён гнеўна прыкусіў губу, адчуваючы найвялікшы сорам перад гаспадаром і ягонымі гасцямі. У адзін скок ён апынуўся каля цяжкога бервяна, прывязанага да ног мячэтніка, лёгенька ўскочыў на бервяно і адразу ж саскочыў. Хруснулі старэчыя косці. Белакрас глуха застагнаў, загаварыў дрыготкім ломкім голасам: