— Пярун, дай сілу... Дай мне маланку ў руку, каб я спапяліў усіх іх...
Завыў знадворку вецер. У клеці было прарэзана адзінае акенца, і вецер, здавалася, гнуў у ім шкло. Мокрым снегам шшснула ў акенца. Снег папоўз белай расплывістай плямаю. Баяры ўздрыгнулі. Пабляднеў і Супрун, але звалодаў з сабою, мацней прысмактаўся да кубка з віном.
— Пярун, — курчыўся пад распаленым жалезам паганскі ваявода, — Пярун...
— Бі нячысціка да скону, — сказаў кату баярын..
Раздзел сёмы
«Дзе я? Што са мною?» — у роспачы падумаў Белавалод і пачаў спалохана лэпаць наўкол сябе рукамі. Было адчуванне, што праваліўся ён пад глухі лёд, у чорную калюча-халодную ваду. Ужо не хапае паветра ў грудзях, чырвоныя бліскаўкі раздзіраюць вочы, а выйсця няма — галава б'ецца аб лёд, пальцы натыкаюцца на шурпатую цвёрдую скарынку, ад якой нямее цела. «Не выберуся... Не выплыву...» — рэзаў нутро страх. Нідзе не было ніякай зачэпіны. Рукі зноў каўзануліся па лёдзе. Падумалася аб дрэвах-тапляках, што ляжаць на чорным рачным дне, аб скамянелых сонных рыбах. Але рыбы вясною ажывуць, кругляк цёплага сонца заззяе ім праз тоўшчу вады, а чалавечая шіоць зробіцца тленам, ператворыцца ў бура-зялёную слізь, якая наліпае на падводныя карагі і камяні. I раптам Белавалод у густым змроку перад сабою ўбачыў малюсенькую вострую кропачку святла. Ён ірвануўся да яе, ударыўся аб нешта і расплюшчыў вочы.
— Уставай, — нецярпліва сказаў яму Лют, які сядзеў побач. — Дужа ж ты доўга, браце, на тым свеце гасцюеш.
— Дзе я? — спытаў Белавалод.
— У княжым сяле Берастове. Усёй раццю сюды мы прыйшлі. А ты першы раз глянуў разумным вокам з таго часу, як стукнуў цябе даўбавешкай падольскі бондар.
— Калі ж гэта было? — ніяк не мог прыпомніць Белавалод.
— Чатыры дні назад.
— Чатыры дні я ляжу калодаю? — жахнуўся Белавалод.
— Не я ж, — здавалася, пакрыўдзіўся Лют. — Клікаў ты нейкага Ядрэйку-рыбалова, я нават людзей пасылаў у велікакняжы палац даведацца пра яго.
— А чаму ў палац? Хіба Ядрэйка князь?
— Таму пасылаў, што ўсе людзі з Полацка, Менска, Друцка круцявда каля князя Усяслава, свайго земляка. Усе, акрамя цябе, бо ты які ўжо дзень кісляком ляжыш, — раззлаваўся Лют. — Але няма Ядрэйкі. Кажуць, разам з палачанамі ці ў Пераяслаў, ці яшчэ куды пайшоў.
Слухаючы ягоныя сярдзітыя словы, Белавалод абедзвюма рукамі трымаўся за лоб, павольна вадзіў у бакі галавою, быццам хацеў такім чынам выгнаць з галавы боль. Трохі адпусціла, і ён адразу ж устаў на ногі, спытаў у Люта:
— А пра баярышню Кацеру нічога невядома табе і тваім людзям?
— Нічога, — глуха сказаў Лют. — Голад у Берастове. Бацька пайшоў да баяр брашна прасіць. Яшчэ ўчора пайшоў.
Толькі зараз убачыў Белавалод, якой невымернай пакутаю напоўнены вочы юнага паганца.
— Я не пускаў яго, — ледзь не плакаў Лют. — Хіба дадуць хоць крошку хлеба галоднаму баярыне-нажэрцы? Але бацька як звар'яцеў. Я прывёў, крычаў ён, у Берастова раць, я сам лепш памру, а накармлю людзей, а калі не знайду ніякай спажывы, калі пачнуць канаць з галадухі дзеці, вазьму востры нож і буду карміць іх сваім старэчым мясам.
— А чаму вы не пайшлі да вялікага князя? — спытаў Белавалод.
— Усяслаў не стыкаецца ні ў палацы, ні ў Кіеве, супраць стэпнякоў ваюе. Няўжо ў Полацкай зямлі ўсе такія няўседы?
— Ваяўнічы ў нас князь, — ціха сказаў Белавалод. — «Бяда робіць князя», — гавораць нашы смерды. А ўсё таму, што пасяліў Бог крывічоў і дрыгавічоў на шырокай зямной дарозе, як яблыню пасадзіў. Кожны, хто ідзе, хоча сарваць чырвоны яблык, ломячы галіны.
— Ты верыш у Хрыста? — раптам, перабіўшы Белавалода, спытаў Лют і паглядзеў яму неадрыўным позіркам проста ў вочы, здавалася, на дно душы глянуў. Белавалод разгубіўся ад такога нечаканага пытання, а Лют, не даўшы адказаць, сурова і цвёрда прамовіў: — Я веру ў Перуна, бога маіх прашчураў. Але калі бацька вернецца, калі ён вернецца жывы і здаровы, калі яму дадуць хлеб, я — клянуся Перуном, Белавалод! — схілю галаву перад Хрыстом.
Шчокі ў паганца запалымнелі, ён прагна перарывіста дыхаў, быццам не хапала паветра. «Які ён прыгожы, — раптам падумаў Белавалод. — Вялікае гора ці вялікае шчасце чакаюць яго, бо ўжо нейкім агнём падсвечаны твар, нейкае светлае воблака наплывае на сінія вочы. Агонь палае ў яго ўнутры, але такі агонь не можа гарэць бясконца».