Выбрать главу

— Чуеш крыкі? — схапіў Белавалода за руку Лют і балюча сціснуў яе. — Гэта бацька вярнуўся!

Ён адпіхнуў Белавалода, нібы той перашкаджаў яму, стрымгалоў выбег на вуліцу. Белавалод заспяшаўся як мог следам. Невясёлае відовішча ўбачылі яны. Двое з чатырох паганцаў, якія ўчора пайшлі з ваяводам Белакрасам да баярына Супруна, стаялі пасярод шумнага натоўпу, абдзёртыя, змардаваныя, казалі направа і налева:

— Вялікае алканне [Алканне —голад] чакае нас. Баяры не далі хлеба. Гора ўсім нам. Прыйдзіце, птушкі нябесныя, напіцеся крыві чалавечай.

— Дзе ваявода? — падбег да іх Лют.

— Ваявода Белакрас вісіць на браме ў баярына Супруна, — адказалі яму. — Вогненную віцу вайны нясуць нам баяры. Неўзабаве іхняя раць будзе тут. Гора нам.

— Бацька... — толькі і выдыхнуў Лют.

На княжае сяло Берастова, дзе ўмацаваліся паганцы, з усіх бакоў рухалася вялікая сіла. Былі ў ёй вершнікі і пешцы, баярскія цівуны і халопы. Вёў пераёмнікаў і ўсю тацьбу з Падола Грышка. Нават варага Торда, таксама паганца, улешчылі, падгаварылі браць Берастова. «Знішчым гадзючы клубок, і нябесная ласка сьвдзе на нас», — лётала, вілося між тымі, хто ішоў у наступ. Ігумен Феадосій адразу ж вярнуўся на пячэрскую гару і з усёй чарнарызай браццяй дзень і ноч тварыў святое набажэнства, чакаў добрых вестак.

Княжае сяло рыхтавалася да аблогі. Калісьці пасля кіеўскага тлуму ездзіў сюды адпачываць сам Уладзімір Святы. Праўда, тады яго яшчэ не называлі Святым і дзвесце наложніц сустракалі вялікага князя ў раскошным берастоўскім палацы. Потым збудавалі тут царкву Апосталаў, у якой пачынаў сваё славутае ўзыходжанне на вяршыню царкоўнай улады Іларыён, першы кіеўскі мітрапаліт. У берастоўскім палацы Уладзімір і памёр, і баяры, загарнуўшы ягонае цела ў дываны, не праз дзверы вынеслі яго з апачывальні, а ўначы ламалі сцяну, каб нябожчык не знайшоў назад дарогу, заблудзіўся.

Лют меў пад сваёю рукой каля дзвюх тысяч чалавек. Як лісу ў нары, абклалі яго ў Берастове. Даведаўшыся пра чорнае злачынства баяр, пра смерць бацькі, малады паганец нібы звар'яцеў — уласнаручна падпаліў царкву святых Апосталаў і, не зажадаўшы ўцякаць з княжага сяла, пачаў рыхтавацца да сечы. Перш-наперш паганцы аблілі вадою земляны вал, і на марозе ён пакрыўся бліскучым слізкім лёдам. Дарослыя і дзеці збіралі, дзе толькі можна было, камяні, бярвенні. Збройнікі вастрылі коп'і, мячы, нашывалі на шчыты новыя слаі туравай скуры, выкоўвалі наканечнікі для стрэл.

«Мы сёддамі закідаем нячысцікаў», — пахваляліся баярскія вершнікі, але, убачыўшы высокі слізкі вал, прыціхлі, злезлі з коней. Давялося чакаць амаль паўдня, пакуль прывязуць з абозам штурмавыя лесвіцы і жалезныя бусакі, каб было чым чапляцца за лёд. «Сафія і Русь!» — крыкнула баярская раць і бадзёра палезла на вал, бо ўсе казалі, што толькі жменька здзічэлых лесуноў абараняе Берастова. «Пярун!» — крыкнулі ў адказ паганцы, і ўніз паляцелі камяні, бярвенні, загадзя падрыхтаваныя ледзяныя глыбы. Жанчыны з дзецьмі няспынна ляпілі новыя снегавыя шары, аблівалі іх вадою, каб камянелі на марозе. Стрэлы пакуль што ашчаджалі, бо не так шмат іх было, а страла, выпушчаная з лука, не вяртаецца назад, як і чалавечае слова.

Баярская раць адхлынула, пакінуўшы некалькі дзесяткаў забітых. Пераемніку Грышку, які ўжо амаль узлез на вяршыню вала, кап'ё ўдарыла ў горла, і ён замоўк навекі. А перад гэтым, падахвочваючы сваіх не дужа адважных сябрукоў, Грышка махаў жалезнай булавою і крьгааў: «Гайда ў княжы палац! Там антыхрысты закапалі катлы, поўныя срэбра і заморскіх дарагіх камянёў!»

Белавалод біўся на вале поруч з Лютам. Далі яму сякеру, што прыхоплівалася да рукі скураной пятлёй, і ён ударамі сякеры сустракаў тых, што пішчом лезлі на вал. Аднаго ці двух зваліў з лесвіцы. Лют, як і заўсёды, быў узброены сваёй магутнай дубінай.

Белавалоду не хапала сіл, бо моцна ў свой час ляснуў па галаве падольскі бондар, але, сціснуўшы зубы, ён цяжка махаў сякераю. Хрысціянін разам з паганцамі біўся не супраць полаўцаў, а супраць хрысціян. Яшчэ некалькі сядміц назад палічыў бы гэта Белавалод святатацтвам, самым жахлівым грахом, але некалькі сядміц назад не было ў ягоным жыцці Люта, не было ранішняга блакітнага возера, у якім купаўся вадзянік, не было пакутнай смерці ваяводы Белакраса, што сканаў з-за баярскага вераломства. Было такое адчуванне, быццам з'явіліся ў яго новыя вочы і вушы, новае сэрца. I гэтае новае сэрца кожным сваім гарачым штуршком любіла Люта, які ўжо два разы засланіў яго, Белавалода, ад смерці, любіла лясных людзей. Гэтых людзей аб'явілі дзікімі звярамі за тое, што яны не захацелі здрадзіць сваім продкам. Дык няўжо ж анёлы тыя, якія плюнулі на магілы прашчураў, пабеглі ад іх за абяцанкаю вечнага жыцця?