Выбрать главу

Між тым бой толькі набіраў сілу. Усё новыя падмацаванні ішлі да баярскай раці, а лік паганцаў змяншаўся — хто падаў ад стралы ці кап'я, а хто — былі і такія, зразумеўшы нявыкрутку свайго становішча, скакаў цераз абгарэлыя забаролы, прасіў літасці. Лют уласнаручна забіў двух перабежчыкаў, ды нічога не мог зрабіць. Баяры ўнізе чакалі маладушных, не чынілі ім зла, зганялі ў купы і дзялілі між сабой будучую чэлядзь, гаворачы: «Бог працу любіць». Балюча было глядзець на такое, і Лют скрыгатаў зубамі ад злосці. Неўзабаве яго параніла — страла ўпілася ў левы плячук. Ён выцягнуў стралу, загадаў знайсці ў княжым палацы стары пергамен. Калі нарэшце прынеслі пергамен, малады паганец напісаў на ім скрываўленай стралою: «Па калена ў крыві стаім у Берастове. Ратуй нас, вялікі князь». Выклікаўшы свайго самага надзейнага чалавека, Лют сказаў, моршчачыся ад болю:

— Два ці тры дні мы яшчэ пратрымаемся, а потым — капец усім нам. Парвуць нас на дробныя кавалкі баяры, бо мы да апошняга не выпускалі з рукі меч. Горка мне, што гіне справа бацькі майго, але так хоча Пярун. Дзікі лес і голае поле пакінуць нам на гэтай зямлі. Каты-заплечнікі будуць выразаць рамяні з нашых спін. Прашу цябе — скокні цераз забаролы, як гэта робяць здрадцы, падмані баяр, а там — ці вужом зрабіся, ці крэчатам узляці ў неба, але перадай вялікаму князю Усяславу ў Кіеве мой пергамен. Нашы жыцці — у тваёй руцэ.

Ён тройчы моцна пацалаваў ганца. Той схаваў пергамен пад драцяной кальчугаю, падышоў туды, дзе вал быў ніжэйшы, кінуў прэч ад сябе, каб бачылі ўнізе баяры, кап'ё, пакаціўся проста ў рукі ворагам.

— Яшчэ адзін збег! — з вялікай злосцю закрычалі паганцы. Нехта пусціў услед стралу, але, на шчасце, не патрапіў.

Ноч апускалася на Берастова. Марозік пачаў шчыкаць жывых. Мёртвыя ж ляжалі на голым снезе, разбітыя шлемы скаціліся з галоў, звалшіся абгарэлыя аблавушкі, але цёпла і спакойна было галовам на белай падушцы снегу.

Аціхаў бой. I за валам і ўнізе каля вала ўспыхнулі вогнішчы. Добра было глядзець на мірны агонь, які нікога не кусаў, не пёк, які проста гарэў. 3 мутнага неба сыпаўся сухі снег. Белавалод, накрыўшыся кажухом, сядзеў каля вогнішча непадалёку ад Люта. Паганец, абапёршыся абедзвюма рукамі на баявую дубіну, неадрыўна глядзеў на агонь. Касмылі жоўтага агаю то ўзвіваліся, то ападалі ўніз, і ад гэтага на твары ў Люта ўвесь час бегалі, рухаліся цені. Твар яго то мякчэў, рабіўся амаль дзіцячым, бездапаможным, то наліваўся суровасцю, і тады завастраліся скулы, чорныя плямы-яміны бачыліся замест вачэй.

Белавалод успамінаў Менск, Ульяніцу, Ядрэйку. Было сумна, але сум быў не надта востры, не раніў, як раняць чалавека гарачае жалеза або аскабалак шкла. Мяккасць была ў суме, блакітная цішыня.

«Мне добра тут, — гледзячы на маўклівага Люта, думаў Белавалод. — Паміж самай грымучай бітвы можа апускацца на сэрца лагода і цішыня. Раней бы я не паверыў у такое. Але чаму ж мне добра тут і я нават не баюся, ці толькі крышачку баюся, заўтрашняй раніцы і сечы, дзе мяне могуць забіць? Не ведаю. Ды я прайду разам з гэтымі людзьмі, разам з Лютам да самага скону, бо я паверыў у іхні боль, іхнюю надзею. Дзе добрыя людзі, там і вера мая».

Уначы прысніўся Белавалоду сінявокі срэбнавалосы анёл. Зусім маленькі, сядзеў анёльчык на воблаку, сумна пазіраў удалячынь і плакаў. «Чаго ты плачаш?» — запытаў Белавалод. «Я плачу таму, што ты пайшоў за Перуном, не ўперад пайшоў, а назад», — адказаў анёл, і раптам жахлівыя іклы праклюнуліся з мяккага пяшчотнага роціка, тварык са снежна-белага зрабіўся агідна пунсовым, крывавым. Анёл, нібы каршун, кінуўся з воблака на Белавалода, ударыў ікламі ў левую шчаку. У вялікім жаху Белавалод прахапіўся, няўцямна глянуў вакол сябе. Плыла глухая снежная ноч. Патухлі вогнішчы. Рэдкія чырвона-залатыя жарынкі мільгалі з сівога попелу. Лют стаяў побач, наструнена прыслухоўваючыся да цішыні. Белавалод лэпнуў далонню па левай шчацэ. Аказваецца, заснуўшы, ён прыпаў шчакою да шурпатага сукаватага бервяна забаролаў.

Назаўтра прыехаў у баярскую раць чорнабароды гучнагалосы іерэй, пачаў хрысціць паганцаў-перабежчыкаў. Высеклі ў лёдзе рачулкі, што цякла непадалёку, палонку-купель, неафіты станавіліся каля яе на калені, святар чэрпаў ваду маленькім срэбным кубачкам, кожнаму ж ліў на галаву. Потым усім навахрышчаным далі белую нацельную кашулю, медны крыжык і адзін дынарый [Дынарый — грошы, якія паступалі ў той час на Русь з Заходняй Еўропы]. Скончылася набажэнства, і зноў пачаўся штурм.