— Спакойна жывецца за божым шчытом, — спяваў магутным голасам недзе ўнізе іерэй, і ягоныя словы прарываліся праз шум бою, неадчэпна лезлі ў вушы. Нельга было схавацца ад гэтых слоў. Лют бачыў, як апускаюцца рукі ў паплечнікаў, халаднеюць твары.
Яшчэ адна вялікая група абаронцаў Берастова здалася ў палон. Дзень-два, і растане паганская раць, як растае пад бязлітаснымі промнямі сонца халодны сакавіцкі снег. Што тады чакае яго, Люта? Пэўна ж, не будзе яму іерэй пырскаць вадой на галаву са срэбнага кубачка, а схопіць баярская чэлядзь за рукі, за ногі і кіне под тоўсты лёд — плавай там, паганец, да новай вясны.
Белавалрд бачыў, як хмурыцца, кусае губы Лют. Асабліва невыносна зрабілася яму, калі служкі баярына Супруна на доўгім бярозавым шасце паказалі ўсяму паганскаму войску галаву ваяводы Белакраса. Мёртвая галава, ашчэрыўшы ў смяротнай тузе зубы, павольна праплыла перад забароламі. Так праплывае ў начным небе ветах, каб схавацца за чорныя хмары. Лют заплакаў у адчаі і бяссіллі.
— Не плач, — падышоў да яго Белавалод. — Хіба выратуеш плачам сябе і нас?
Лют бліскучым слёзным вокам зірнуў на Белавалода, рукавом кажуха выцер твар. Зноў загрымеў бой.
Усе ўжо забыліся пра ганца, які скокнуў з пергаменам у гушчу баярскай раці, каб занесці гэты пергамен вялікаму князю Усяславу. Пэўна, напароўся бедалага на нечае кап'ё або здрадзіў, як і многія, і, прыняўшы хрышчэнне, глядзіць зараз з баярскага абозу на дым і агонь, што ўзвіваюцца над Берастовам. Але ганец аказаўся моцным гартаваным арэшкам, пракаціўся праз шчыльнае баярскае войска. Пад вечар, калі ўжо стамляўся, аціхаў чарговы наступ, нехта здзіўлена і радасна крыкнуў:
— Вялікі князь Усяслаў!
Усе, хто пачуў гэты крык (а пачулі яго і абаронцы Берастова, і баярскія ратнікі), апусцілі мячы і коп'і, лукі і дубіны, павярнулі галовы ў бок шырокага снежнага поля, якое ляжала паміж Берастовам і Кіевам. Чорная вастразубая сцяна лесу аточвала яго. Усе думалі ўбачыць грозную дружыну, людскую бурлівую раку, а ўбачылі невялікі лубяны вазок, запрэжаны паркай коней, ды дзесятак вершнікаў у доўгіх плашчах. На поўны рост узвышаўся ў вазку вялікі князь, кіраваў коньмі. На сумётах, на ямках вазок падкідвала, і Усяслаў пагойдваўся, хістаўся, але цвёрда стаяў на нагах. Скарынка лёду ззяла на светла-русай барадзе. На вялікім князю быў чырвоны кажух, шыты сухім золатам, замест гузікаў — зіхоткія каштоўныя камяні. Шырокі меч у стрэбных похвах вісеў на левым сцягне.
— Ваўкалак прыбег, — прашалясцела між баярамі, але моцным голасам абразу не сказаў ніхто — раптоўны страх аслабіў калені і рукі.
— Спыніцеся! — пад'ехаўшы да залітага крывёй вала, выцягнуў меч з похваў, махнуў ім Усяслаў. — Разыдзіцеся з мірам!
— Вязаць яго трэба, — шаптаў пасінелымі губамі Супрун, бегаючы між баяр. — Калі яшчэ такое шчасце надарыцца? Мяшок на галаву — і пад лёд.
Ён жоўтымі зубамі грыз доўгі вус, але ахвотнікаў кінуцца на вялікага князя, зваліць яго ў снег не знайшлося. Незразумелая сіла струменілася ва ўсе бакі ад Усяслава, і сіла гэтая была вышэй, мацней сляпой злосці.
— Пярэварацень, ваўкалак, — захліпваючыся ад нянавісці, шаптаў Супрун.
— Святы ойча, — павярнуўся да іерэя Усяслаў, — не там, дзе трэба, ваюе твой крыж. Зноў востраць шаблі стэпнякі. Шарукан, як ненасытны крыважэрны гад, зноў выпаўзае з нары.
Бледны іерэй моўчкі слухаў вялікага князя, толькі доўгія пальцы рук мітусліва бегалі па залатым нагрудным крыжы.
Нечаканае з'яўленне Усяслава, ягоныя рашучыя словы, ягоны меч і пранізлівыя вочы выратавалі паганцаў ад непазбежнай смерці. Баярская раць зняла аблогу, адышла ад Берастова. Пры ўсёй нянавісці баяры не адважыліся ўзняць дзясніцу на вялікага князя, бо іхняя раць, прынамсі, большасць з іхняй раці, магла парваць іх на шматкі. Ды самае галоўнае было ў тым, што Усяслаў прывёз шчодры выкуп за паганцаў — пяцьсот грыўняў з велікакняжай казны.
— Дзе твая дружына, вялікі князь? — адразу ж, як толькі яны сустрэліся вока на вока, спытаў Лют і часта засоп носам, што азначала абурэнне і гнеў. — Позна ж ты прыйшоў.
— Чаму позна? — спакойна глянуў на яго Усяслаў. — Радуйся. Я выратаваў цябе і тваіх людзей. Каб не я, павалаклі б цябе на чамбуры [Чамбур — повад, за які прывязваюць коней].
— Адзін прыехаў, — яшчэ болей падліў гневу ў свае словы Лют. — Навошта ты нам адзін? Баяры бацьку майму галаву адцялі. Чаму не наваліўся ўсёй сілаю на баяр? Памятаеш, як дапамогі ў нас у пушчы прасіў, кляўся?
— Полацкія князі ніколі не былі клятваадступнікамі, — з годнасцю сказаў Усяслаў. — I не караць я хачу, а мірыць. Мірыць хрысціян з паганцамі, баяр са смердамі. Над усёй дзяржаваю палавецкая шабля занесена, а вы грызіцё адзін аднаму глоткі. Апамятайцеся!