Выбрать главу

— Хочаш мірыць лісу з зайцам? — крыва ўсміхнуўся Лют. — Толькі лапкі ад зайца застануцца.

— Жывуць, не выводзяцца і ліса, і заяц, — строга прамовіў Усяслаў. — Павінны быць і князі і рабы. Нельга без такога, як нельга пчалінай сям'і быць без маткі. Я дам вам зямлю. Караніцеся ў ёй, працуйце на ёй.

— Не трэба нам тваёй зямлі, бо скрозь яна крывавая. Мы пойдзем на Прыпяць-раку, — цвёрда адказаў Лют.

Яны стаялі адзін насупраць другога — князь і смерд. Хмурылася неба. Вецер вялізнымі жменямі кідаў у твары снег. Цямнела наваколле. Хутка на зямлю павінна была апусціць крылы чорная ноч, калі ў норы, у дуплы, у хаты зашываецца ўсё жывое, калі з лясоў выходзяць ваўкі-канарэзы.

Назаўтра Лют павёў сваіх людзей з Берастова. Пайшлі моўчкі, павесіўшы на спіны шчыты, каб не ўдарыла ззаду раптоўная варожая страла. Нават дзеці не плакалі. Толькі снег з цяжкім хрустам асядаў пад сотнямі ног. На памінальных вогнішчах спалілі ўсіх сваіх мёртвых і з трывогаю і сумам пазіралі на неба. Там, у недасяжнай вышыні, яшчэ плавалі клубкі густога чорнага дыму.

Лют баяўся засады і пагоні, хацеў як мага хутчэй вывесці раць з-пад Берастова. Два разы ён загадваў запальваць вогнішчы, але нават рук не пагрэлі каля іх — адразу ж праз імглу, праз часты снег крочылі далей. Вогнііпчы заставаліся ззаду, самотна гарэлі ў цемры, і вока баярскага выведніка пераконвалася, што здарожаныя, стомленыя паганцы адпачываюць.

Белавалод ішоў разам з усімі. Вяртання назад не было. У густым ельніку, упэўніўшыся, што нікога побач няма, ён зняў з шыі нацельны бронзавы крыжык, павесіў на калючую зялёную лапку, а сам, не азіраючыся, пайшоў, а потым пабег за паганскай раццю. Ён зрабіўся такім, як усе.

Нарэшце пасля цяжкай знясільваючай дарогі прыйшлі на сваю ранейшую стаянку, адкуль калісьці паклікаў іх Усяслаў у паход супраць полаўцаў. Буданы былі засыпаны снегам. Усюды гаспадарылі дзікі — успаролі лычамі амаль увесь пляц. Трох лычкуноў, падхлябістых, ікластых, засталі знянацку. Лют шыбнуў кап'ё, яно, праляцеўшы сажняў дзесяць, упілося ў калматы цёплы бок. Дзік завішчаў ад болю, рынуўся ў буралом, але неўзабаве ў сеседнім балотцы зняможана лёг на купіну. Усе вельмі ўзрадаваліся нечаканай здабычы.

Параіўшыся са старэйшымі, Лют рашыў да вясны пераседзець у пушчы, а з першым зялёным лісцем, з першым громам ісці на Прыпяць, далей ад баярскіх і княжых вачэй. Расклалі вогаішчы. Пачалі ачышчаць ад снегу, ладзіць буданы. Зямля была яшчэ даволі мяккая, і ў ёй капалі глыбокія ямы.

— На Прыпяці паставім хаты, — падахвочваючы людзей, казаў Лют.

Белавалод, шукаючы сабе прытулак, зайшоў у невялікі буданок. I ўздрыгнуў ад нечаканасці. Невядомы шыракатвары чалавек насцярожана глядзеў на яго з паўзмроку. Чалавек стаяў прытаіўшыся каля сцяны і, здалося, гатоў быў скокнуць, ударыць кулаком. Белавалод адхіснуўся назад, але, прыгледзеўшыся, здагадаўся, што ніякі гэта не чалавек, а палавецкі ідал, якога паганцы прыцягнулі са стэпу. Праўду кажуць людзі: кажух ляжыць, а дурань дрыжыць. Белавалод вельмі ўзрадаваўся яму, быццам гэта быў даўні добры знаёмец, з якім нямала з'елі солі за адным сталом. Ён сеў насупраць ідала на сплецены з акамянелых сукоў яловы кругляк, сказаў:

— Вось мы і сустрэліся, браце. А ты думаў, што не вярнуся я, што карачун мне будзе ў Берастове? Мог і я ўжо ляжаць на памінальным вогнішчы, мог зрабіцца чорным попелам, ды пашанцавала мне, павяло жыццё па схоўнай дарозе. Бяздомнікі мы з табою. Ты ж, пэўна, думаў, што ніколі не пакінеш свой стэп, свой курган, а, глядзі, як павярнулася — прыцягнулі ў пушчу, і нават ніхто не ведае, якое ў цябе імя, і замест яснага сонца бачыш лясныя пудлівыя цені. Але чакай — я дам табе новы назоў. Ты будзеш Перуном, богам лясных людзей.

Белавалод ускочыў на ногі — так спадабалася яму гэтая раптоўная думка. Ён ведае, што яму рабіць! Ён верне жыццё маўкліваму палавецкаму ідалу, бо так даўно просяць рукі любімай забытай працы. Ніякі ён не вой, а творца, залатар, заўсёды быў ім, і хоць няма ні срэбра, ні золата, ні медзі ў гэтай паганскай пушчы, ён высеча з каменю, з цвёрдага чырванаватага пясчаніку Перуна, каб стаяў старадаўні бог-грамавік на лясной паляне. У Перуна будзе грозны чырвоны твар, быццам перакочваюцца па ім успышкі маланак. Дождж будзе хвастаць з нябёсаў, будзе раўці вецер, ды Шрун, зроблены рукамі Белавалода, ніколі не заплюшчыць вачэй.

Назаўтра ж Белавалод папрасіў Люта, каб дапамог малады паганскі ваявода адшукаць дзе-небудзь малаток і жалезнае рубіла, скрэблы. Даведаўшыся, для чаго патрэбен такі струмант свайму новаму сябру, Лют радасна заўсміхаўся, толькі і сказаў: