— Добра.
Для работы яму далі вялікую цёплую зямлянку, засланую звярынымі шкурамі. Туды ж перацягнулі ідала. Белавалод лёгенька стукаў малатком, старанна дзёр шурпаты камень скраблом. Ён так захапіўся, што нават не выходзіў са сваёй зямлянкі. Бушавала ў пушчы завіруха, засыпаючы ледзь не па самае вецце дрэвы, трашчаў мароз-ядрэц, камянелі ў струхнелых пнях клубкі вужоў і гадзюк, жудасна вылі ў марознай дымнай імгле ваўкі, а Белавалод не чуў і не бачыў усяго гэтага. Ягоную зямлянку замяло сыпкім снегам, толькі кволая сцяжынка, як непрыкметны ручаёк, вілася да яе — па загаду Люта два разы ў дзень прыносілі ежу, пітво і дровы. Белавалод з раніцы напальваў невялікую печ-каменку, еў што-небудзь і зноў браўся за малаток, за рубіла і скрэблы. Ва ўсім гэтым была найвялікшая асалода. Здавалася, ён нанава нарадзіўся на свет, бо надзіва пільным і відушчым быў зрок, цвёрдай і дакладнай рука, уражлівай і мяккай душа. Стаміўшыся, ён клаўся на звярыныя шкуры, а маўклівы ідал стаяў побач. Гарэла тоўстая вітая свечка, уваткнутая ў доўгі тураў рог, слаба патрэсквалі вугалі ў камянцы. Плямы жоўтага варухлівага святла асцярожна клаліся на ідала. Здавалася, ён зараз ажыве, задыхае, падыдзе да Белавалода, нахіліцца над ім і нешта скажа. Адчуванне, што ідал неўзабаве павінен ажыць, было настолькі моцным, вострым, што Белавалод не вытрымліваў і раз-пораз кідаў на яго імгненныя выпрабавальныя позіркі. Калісьці ў далёкім дзяцінстве ў Менску залатар Дзяніс расказаў маленькаму Белавалоду, што ў кожнага чалавека ёсць свой анёл-ахоўнік, які з першага і да апошняга чалавечага кроку ў зямным жыцці неадлучна знаходзіцца побач. «Як убачыць майго анёла? — пытаўся ўражаны Белавалод. — Які ён?» Дзяніс нічога не мог сказаць на гэты конт, казаў толькі адно: «Маліся». Але ж так хацелася ўбачыць незвычайнае! Анёл, калі верыць Дзянісу, а Дзяніс заўсёды казаў праўду, дзень і ноч знаходзіцца побач з ім, Белавалодам. Калі ж ён ніяк не трапляецца на вока, значыць, анёл гэты ўвесь час знаходзіцца за спінаю ў Белавалода, нібы крылы ў птушкі. I вось маленькі унот, ідучы па сцежцы дзе-небудзь ля Свіслачы, раптоўна азіраўся вельмі рэзка, вельмі хутка, каб вока ў вока сутыкнуцца са сваім анёлам-ахоўнікам. Але нідзе нікога не было — пэўна, анёл адразу ж, як віхурны светлы вецер, узлётваў пад воблакі. Толькі зялёная трава і жоўтыя кветкі слаба гойдаліся ў бакі, нібы кранула іх нечае празрыстае бясшумнае крыло.
Калі аціхла лютаўская мяцеліца, прынёс у зямлянку ежу і пітво маленькі драбнатвары чалавечак. 3 пачцівасцю і страхам глянуў на ідала, зморшчыў у пакутлівым роздуме лобік, спытаў:
— А чаму ты да нас, чалавеча, прыйшоў? Хіба дрэнна табе было жыць у Бога за пазухай?
— Дрэнна, — толькі і адказаў Белавалод. Не спадабаўся яму гэты бледналобы — на твары ціхмянасць, пакора, а вочкі прагныя, пільныя і нерухомыя, як дзве кроплі бурай балотнай вады.
Пакрысе стэпавы ідал ператвараўся ў паганскага бога. Пагрозна глядзелі з-пад крылатых броваў пранізлівыя вочы, правая рука трымала пук маланак, прыціскаючы іх да грудзей. Нос, які раней быў шырокі і плоскі, зрабіўся тонкім, наздраватым, з гарбінкаю. Ва ўсёй паставе Перуна адчуваліся веліч і сіла.
Чым далей ішла работа, тым болей слабеў Белавалод. Усю зіму не вылазіў са сваёй зямлянкі, і аднойчы пачалося такое кружэнне ў галаве, так заскакалі зялёныя іскры ўваччу, што ён вымушаны быў ухапіцца за крук у сцяне, каб не ўпасці. Трэба было выбірацца на свежае паветра. 3 цяжкасцю дайшоў ён непаслухмянымі нагамі да нізкіх дзвярэй, хацеў адчыніць іх, але не змог. Тады ён націснуў плечуком, ды дзверы не паддаваліся — пэўна, за ноч іх замяло снегам. Белавалод стаў на калені, наваліўся ўсім целам, пачаў тачыцца ў шчыліну. Абадраўшы рукі, знясілеўшы, выпаўз ён нарэшце на падворак. У пушчы быў яркі сонечны дзень. Снег нясцерпна зіхцеў. Дрэвы пацямнелі карою, у іхнім вецці чуўся няўлоўны шум. Значыць, хутка вясна. Вось у капытку, які пакінула ўначы на снезе пуддівая лёгкая сарна, блішчаць гарошыны вады.
Белавалод прытуліўся плячамі да сасны, заплюшчыў вочы. Магутаае дрэва, яшчэ паўсоннае, вялаватае пасля доўгай зімы, ледзь прыкметна калыхалася. Гэта цяплела, набірала вясновы разгон густая кроў-жывіца, якая заледзянела ад жорсткага марозу, але з кожным новым днём ажывала, тоненькімі нітачкамі-струменьчыкамі цякла па халодных жылах дрэва.
Раптам непадалёку ў пушчы Белавалод убачыў купку людзей. Гэта былі не паганцы, бо паганцаў, іхняе адзенне, звычкі, нават хаду ён ужо добра ведаў. Ішлі мужчыны, чалавек пятнаццаць — дваццаць. Наперадзе, трымаючы ў руцэ абструганы кій, борздка крочыў худы чарнявы чалавек з доўгімі тонкімі вусамі. Не заўважаючы Белавалода, незнаёмцы ішлі проста на тое дрэва, ля якога ён стаяў. «Гнеўны! — аж прысеў Белавалод. Камячок снегу ад рэзкага руху ўпаў на шыю, апёк холадам. Адразу ўспомніліся лес над Свіслаччу, рахманы, падзямелле, насцярожанае сапучае дыханне ў апраметнай цемры. «Зноў затлуміў людзям галовы і вядзе за сабою новых рабоў. А ад баярышні Кацеры, напэўна, збег».