Выбрать главу

Яны сутыкнуліся позіркамі. Гнеўны спыніўся, на твары ўспыхнула здзіўленне і адразу згасла.

— Зноў ты, — сказаў Гнеўны.

— Я, — ціха прамовіў Белавалод і ўпіўся палыдамі ў сасновую кару, каб не ўпасці. — Зноў, Яфрэм, душа твая звярынай поўсцю ўзялася. Адпусці людзей. Няхай вяртаюцца назад.

Гнеўны кінуў вачамі ва ўсе бакі і, не заўважыўшы для сябе ніякай небяспекі, павольна ўзняў кій.

— Змоўкні, а няйначай я праламлю табе скронь. Потым загадаў сваім спадарожнікам:

— Прывяжыце яго бічоўкай да сасны, а самі пойдзем далей.

Кусаючы ад бяссілля губы, Белавалод казаў будучым рахманам, якія старанна выконвалі загад Гнеўнага:

— Не ідзіце за гэтым зверам. Ён высмакча з вас усе сокі. Вяртайцеся дамоў.

— 3 мяне ўжо баярын Анісім усё, што толькі можна, высмактаў, — роўным голасам прамовіў адзін з тых, што вязалі Белавалода. — Нічога я ўжо пасля баярскай ласкі не баюся. Кожны выбірае, хлопча, што яму болей па губе.

Гнеўны стаяў побач, усміхаўся. Белавалод хацеў крыкнуць, паклікаць на дапамогу паганцаў — пэўна б, прыбег Лют. Але глянуў на абсівераныя бяскроўныя твары тых, што ішлі за Гнеўным, убачыў іхнія змучаныя вочы і апусціў галаву.

Нарэшце прычакаўся доўгажаданы дзень, калі Перуна пад воклічы паганцаў выцягнулі на белы свет з цеснай зямлянкі, паставілі на ўзгорку, ля якога шумела лясная рачулка. У лесе, у зацішных месцах, яшчэ ляжалі зажоры, брудна-шэрыя снягі, насычаныя полай вадой. Цёмныя слаістыя хмары шкуматаў вецер. Вадзяны пыл сеяўся з неба. I раптам грымнула ўверсе. Здавалася, нехта адваліў, зрушыў з месца цяжкі камень. Жоўтае святло пабегла па хмарах. Паганцы ўпалі на калені. Толькі Белавалод застаўся стаяць, стаяў з непакрытай галавою, і пасма русых валасоў білася ў вочы, закрывала іх. Гэткі ранні гром, гром на голы лес, абяцаў пустыя засекі і галодныя жываты, але быў добрым знакам таго, што неба ўбачыла новага ідала і ён спадабаўся небу.

— Дык гэта ж наш Лют, — раптам у звонкай пасля грому цішыні прашаптаў бледналобы паганец.

Усе ўздрыгнулі. Усе паглядзелі на Люта, потым на Перуна..

Частка II

Ламаўся на рэках лёд. Грымела на Дняпры каля Кіева. Грымела на Прыпяці і на Дзясне. Чорныя вільготныя хмары, сеючы мокры снег і дождж, праляталі над пушчамі і лугамі, над гарадамі і весямі. Часам вецер уздзіраў край агромністай хмары, і такі нечаканы, такі яркі блакіт адкрываўся воку, так зазыўна клікала да сябе свежае вясновае неба, аж вусцішна рабілася.

Ужо не першую ноч не спалася Усяславу ў велікакняжацкім палацы. Са свечкаю ў руках павольна хадзіў ён са святліцы ў святліцу, з пакоя ў пакой і думаў, думаў... Ён зразумеў, што ў Кіеве яму не ўтрымацца. Ўсе былі супраць яго: Ізяслаў і ляхі, баяры і святары, подаўцы і хрысціяне, смерды і паганцы. Яго нават дзівіла, што так шмат завялося ворагаў, як блох у бяздомнага сабакі. Здаецца ж, усё рабіў, каб залячыць болькі стольнага Кіева і кіян: жыта раздаваў з велікакняжацкіх жытніц, прагнаў цівуноў-ліхаімцаў і ўстанавіў княжы суд, выкупіў у Корсуні ў рамеяў сем тысяч палонных русічаў, даў палёгку паганцам-пяруннікам, каб прымірыць іх з хрысціянамі. Старанна склейваў, збіраў па дробнаму кавалачку шкляны сасуд, але толькі на імгненне адрывалася ад сасуда рука, і ён адразу ж рассыпаўся ў друз.

Дрэнныя весткі прывозілі здарожанью ганцы з Ноўгарада і Пераяслава. Барыс у Ноўгарадзе так і не змог паладзіць з вечам, з баярамі. Выгналі яго з дзяцінца, ён сеў у Гарадзішчы на Волхаве і кожны дзень канчаў тым, што п'яным вокам глядзеў на апусцелае дно чарговай амфары з рамейскім віном. Пасаднік Раман у Пераяславе сцугляў горад жалезнай рукой, але няспынна, не даючы ні дня перадыху, ціснуць са стэпаў полаўцы, і ўжо данеслі верныя людзі — параніла пасадніка ў выю палавецкая страла.

Калі яшчэ ляжаў у стэпе тоўсты шчыльны снег, Усяслаў паставіў палову сваёй дружыны і варагаў Торда на лыжы, сам злез з каня і таксама стаў на лыжы і гэтай сілаю нечакана ўдарыў па вежах Шарукана. Шмат пярэпалаху нарабілі, шмат узялі дарагіх апонаў, жэмчугу і срэбра, вялікі палон прыгналі ў Кіеў, але хрыбетнік хану так і не зламалі.