Патаемна ад усіх прыходзіў ноччу ў велікакняжацкі палац рамей Тарханіёт. Зноў клікаў русічаў на вайну з сельджукамі, абяцаючы залатыя горы, але Усяслаў адмовіўся, цвёрда сказаў, што свой меч і сваё кап'ё за край зямлі кіеўскай не панясе. Праглынуў ліслівы рамей крыўду, пакінуў вялікаму князю срэбную чашу з мілісарыямі, а назаўтра прыслаў да велікакняжацкага стала заморскіх салодкіх пладоў, у якіх кожнае зярнятка бачылася ўсярэдзіне, бо былі нібы шкляныя. Не ўтрываў кухарчук-малалетак, адкусіў кавалачак і са страшным хрыпеннем зваліўся на паддогу, твар пачарнеў, як сажа. Даў загад Усяслаў знайсці крывавага таця і, злупіўшы з яго ўсю скуру, кінуць у дзяжу з соллю, але Тарханіёт, як скрозь зямлю праваліўся. Замест яго прывалаклі грыдні тоўстага безвалосага і безгалосага чалавечка, з тых, што за попрышча абыходзяць жанчын. Чалавечак назваўся Арсеніем, упаў на калені перад Усяславам, і мокрыя тоўстыя губы запоўзалі па князевай руцэ. Усяслаў з агідаю вырваў з ягоных рук сваю руку, загадаў грыдням біць рамея кіямі, а потым выпусціць — хай ідзе куды хоча.
I яшчэ адзін дужа нечаканы госць аб'явіўся ў Кіеве. Нунцый [Нунцый — дыпламатычны прадстаўнік, пасол Рымскага Папы] Папы Рымскага Грыгорыя. Быў ён прыгожы, высокі, трымаў у смуглых руках ружанец, пацеркі для якога былі вытачаны з костачак маслінаў, а прывезлі тьы масліны паломнікі са святой Палесціны. Ехаў нунцый у Кіеў праз ляшскую зямлю, бачыў у Кракаве рашучага Ізяслава. У былога вялікага князя, відно па ўсім, скончылася, прайшла зімовая спячка, і ён збіраў палкі, склікаў наёмнікаў, каб рушыць на Русь, як толькі падсохнуць дарогі. «Вада закіпіць у крыніцах, як я прыйду», — гразіўся, па словах нунцыя, Ізяслаў.
— Я не палахлівы, — сказаў, частуючы госця, Усяслаў. — Поле і меч вырашаць, хто з нас вялікі князь. А за каго вы, фразі ? [Фразі — так называлі на старадаўняй Русі італьянцаў]
Ад адказу на такое пытанне прыгожы нунцый увільнуў, прамовіў, сціпла ўзняўшы ўгору вочы:
— Самью спелыя яблыкі застаюцца птушкам. Яны іх раздзёўбваюць, і салодкі сок цячэ на зямлю.
Ён чорнымі вільготна-яркімі вачамі паглядзеў на Усяслава.
— Я — кіслы яблык, — усміхнуўшыся, сказаў Усяслаў. — Нават горкі. I ведаеш, святы ойча, чаму? Зямля, якая мяне нарадзіла, дала мне такі смак.
— Суровая зямля, — нахмурыўся нунцый.
— Суровая, — згадзіўся Усяслаў. — Але добрая. Добрая, як маці, што калісьці спявала калыханку. Дык за каго ж станеце вы, фразі?
— Я не буду падманваць, вялікі князь, — успыхнуў нунцый. — Мы станем за караля ляхаў Баляслава і за ягонага саюзніка Ізяслава. Чаму? Таму што ляхі — верныя дзеці рымскай апостальскай царквы, а Кіеў, як і твой Полацк, вялікі князь, паверыў вучэнню візантыйскіх ілжэпастыраў. Шкада, што папа Леў Дзевяты аказаўся дрэнным стырнавым, дазволіў разламацца на дзве часткі хрысціянскаму караблю.
Ён пільна паглядзеў у вочы Усяславу.
— Ды мы ў Рыме чулі, што ты, вялікі князь, шукаеш сваю веру. Не візантыйскую, не рымскую, а сваю. Праўда гэта?
— Доўгія ж вушы ў Рыма, — суха ўсміхнуўся Усяслаў. — Аж да Кіева дацягауліся.
— Калі гэта так, — вёў сваё нунцый, — пакайся ў смяротных грахах, дзённа і ношчна малі Хрыста, каб дараваў табе. Усё ў гэтым і ў нябесным жыцці вызначана раз і назаўсёды.
— Але прыйшоў Магамет і не перад Хрыстом укленчыў, а ў аравійскіх пясках знайшоў свайго алаха, — сказаў Усяслаў.
— Ілжэвучэнне, — шырока перахрысціўся нунцый. — Ілжэвучэнне. Ды не будзем пра гэта. Святыя рымскія кардыналы, а я верны іхні служка, загадалі сказаць табе, што са сваёй вышыні яны бачаць не толькі Баляслава Ляшскага, але і Усяслава Кіеўскага і Полацкага. Прывяжы Кіеў да рымскай калясніцы і з рук самога Папы, намесніка Бога на зямлі, атрымаеш каралеўскую карону.
Нунцый устаў з-за стала. Устаў і вялікі князь.
— Што ж перадаць святому прастолу? — то бляднеў, то чырванеў нунцый.
— Юеў не конь — яго не прывяжаш, — сказаў Усяслаў.
Вочы ў нунцыя звузіліся.
— Memento mori, князь. Помні аб смерці.
— Memento vivere. Помні, што жывеш, — ціха, але цвёрда прамовіў Усяслаў.
Нунцый адразу ж паехаў з Кіева. Зноў быў усмешлівы, прыгожы. На развітанне Усяслаў падараваў яму тры вазы воску. На светла-жоўтых камянях было напісана: «Се тавар Божы».
Сплываў лёд у мора. Крыгі несліся па Дняпры і знікалі, як іх не было. Трывожны вецер гладзіў зямлю. 3 пупышак на дрэвах дзе-нідзе выломваліся зялёныя кіпцюрыкі лісцяў Самыя смелыя птушкі даўно ўжо праляцелі на поўнач. «Дзе буслы? — непакоіўся Усяслаў і ўсё часцей глядзеў на неба. — Яны прылятаюць, калі ўскрываюцца Дзвіна з Палатой. Значыць, у Полацку яшчэ лёд і снег». Яму раптам падумалася, што жорсткая бура ў гэты самы час выломвае буслам крылы над морам, кідае птушак на вострыя камяні, у кіпучыя хвалі. Ён аж заплюшчыў вочы.