Віжы-саглядатаі данеслі, што Баляслаў з Ізяславам, ведучы вялікую сілу, ужо ступілі цвёрдай нагою на кіеўскую зямлю. 3 імі ідзе Ізяславаў сын Мсціслаў, той, што сядзеў у Полацку. Гэтую вестку сустрэў Усяслаў з палёгкаюл з патаемнай радасцю. Нарэшце ўсё вырашыцца. Ён адчуваў, што ягоная княжая ўлада ў Кіеве меншыцца і меншыцца. Так растае, меншыцца ў бурлівай вадзе крохкая вясновая крыга.
Кіяне сталі на веча. Усяслаў кланяўся ва ўсе бакі шумнагалосаму яраснаму людству, але казаў мала, слухаў, што кажуць іншыя. Дамовіліся на вечы збіраць гарадское апалчэнне, ісці ў Белгародскую крэпасць, што прыкрывала Кіеў з захаду, каб жалезам сустрэць там Ізяслава і ляхаў. Вялікі гнеў быў супраць Ізяслава — чужынцаў вядзе на родную зямлю, у сваю вотчыну.
3 Пераяслава з дружынай прыйшоў у Кіеў Раман. Выя, параненая палавецкай стралой, распухла, зрабілася, як бервяно. Ён не мог паварушыць галавою і, калі злазіў на велікакняжым двары з каня, калі павольна ўзыходзіў на сені, у вачах была пакута.
— Даруй, вялікі князь, што не магу табе пакланіцца. Выя, кадукяе бяры, не гнецца, — разгублена сказаў Усяславу.
Усяслаў абняў вернага дружынніка, усміхнуўся.
— Выя што? Была б разумная галава на шыі. А дзе твая жонка, маладая ды прыгожая?
— Халоп у Кацеры памёр, Сцяпан, з якім яна ад бацькі свайго ў Кіеў прыехала. На адпяванні Кацера.
Пра полаўцаў, пра стэп не гаварылі. Адзін вярэд для душы, дый толькі. Зноў гуртуе Шарукан стэпнякоў, пазірае са сваіх вежаў на ІСіеў, прымерваецца, з якога боку ўдарыць.
— Як ехалі сюды, чараду буслоў у небе бачылі, — раптам сказаў Раман. Чаму ён сказаў пра такое? Чаму ўспомніў пра буслоў, калі, здавалася, рушыліся неба і зямля. Усяслаў уздрыгнуў, пільна паглядзеў на дружынніка. Няўжо ў розных людзей бываюць аднолькавыя сны?
— На Рубон паляцелі, — прамовіў у радасным здзіўленні і ў нейкім трывожным одуме.
— На Рубон, — кіўнуў галавою Раман.
Абодва змоўклі, але адчулі і зразумелі тое, што хавалася за гэтай, здавалася б, выпадковай гаворкай, ляжала глыбей слоў.
Гарадское апалчэнне рушыла на Белгарад. Ішлі кіяне весела, шумна, падбадзёрваючы сябе крыкамі, свістам, грукатаннем паходных бубнаў. Толькі і чулася:
— Абрэжам Ізяславу бараду!
— Палонных ляхаў, як авечак, прыгонім на Падол!
Але, калі больш уважліва прыгледзецца, ваяўнічасці ў позірках было мала. Проста пахваляўся сусед перад суседам, Дзям'ян перад Іванам. Ішлі на сечу і не хацелі яе, бо цёпла, зелена было на зямлі, бо перад гэтым тлустым пшанічным бліном сустрэлі вясну і сонца, карагоды вадзілі, бярозу завівалі. Хіба можна было паміраць, калі травіца сакаўная лезла, пёрла з чарназёму, калі птушыны вэрхал быў на азёрах і балотах і велізарныя рыбіны, ап'янелыя ад кахання, кідалі ў празрыстыя прахалодныя рачныя струмені гарачую ікру?
Раманавы людзі і болыная частка велікакняжацкай дружыны таксама пайшлі ў Белгарад. Усяслаў амаль адзін застаўся ў апусцелым палацы. Толькі некалькі целаахоўнікаў, некалькі кухараў пакінуў каля сябе. Усю ноч гарэла акно ў ягонай святліцы. Шмат бы срэбра аддалі і кіеўскія баяры і віжы-лазутчыкі Ізяслава, якія ўжо аб'явіліся ў горадзе, каб даведацца, што робіцца за гэтым акном, і, пэўна б, здзівіліся, калі б убачылі, што вялікі князь у белай нацельнай каіпулі сядзіць за дубовым сталом і чытае старыя пергамены. Па дзве-тры сядміцы не вылазіў Усяслаў з паходнага сядла, меч не паспяваў адстуджваць, адшароўваць ад арожай крыві, а тут сядзеў мірны, лагоднавокі, уталопіўшыся ў казюкі-літары. Тыя бясконцыя літары паўзлі па бясконцых старонках чырвонай, карычневай або чорнай саранчою, і не было ім спыну. «Звар'яцеў пярэварацень», — радасна сказалі б ворагі, убачыўшы такое, і плюнулі б, і расцёрлі б нагою тое месца на пяску або паддозе, куды плюнулі.
Адной ноччу, асабліва трывожнай і вятрыстай, калі цяжка дыхаў неспакойны Дняпро, калі палац быў напоўнены густым змрокам, дзверы святліцы, у якой чытаў пергамены Усяслаў, раптоўна расчыніліся, і цераз парог рынуліся на князя тры чалавекі ў чорных плашчах, у мяшках з прарэзінамі для вачэй на галовах.
— Смерць ваўкалаку! — крыкнулі яны, узвіўшы мячы.
Усяслаў рэзка азірнуўся, убачыў, як з перарэзаным чырвоным горлам курчыцца на парозе рында-целаахоўнік. Смерць была побач. Усяслаў скокнуў на стол і ўдарам нагі ў падбароддзе сустрэў аднаго і адразу ж, не раздумваючы, другога таця. Яны рухнулі на падлогу. Трэці, што ўварваўся ў святліцу за імі, на нейкі міг замарудзіў секануць мячом. Усяслаў схапіў яго за горла, паклікаў варту. Усё ў ім трымцела. Ён глядзеў, як вяжуць рынды бічоўкамі начных налётчыкаў, і кулаком выціраў густы пот на бровах. Потым падышоў да аднаго, сарваў мяшок у яго з галавы і анямеў ад здзіўлення — чарнец Мяфодзій, былы сядзельнічы Ярун, стаяў перад ім.