Менск, нядаўна шумны, людны, быў мёртвым горадам. Некалькі дзесяткаў чалавек жыло тут. Людзі, як знясіленыя, абкураныя горкім дымам пчолы, млява корпаліся, кешкаліся на сваіх папялішчах, выкопвалі з чорных вуголляў посуд, рознае гаспадарскае начынне, якое ацалела ад агню. Усё гэта яны звязвалі ў вузлы і, перахрысціўшыся, глянуўшы ў апошні раз на сваю зямлю, пакідалі яе, пакідалі зруйнаваны горад. Болынасць мянян кіраваліся на ўсход, туды, дзе на сутоку Нямігі і Свіслачы набіраў сілу новы горад.
3 вялікім сумам глядзеў на ўсё гэта Белавалод.
Яраславічы, усчаўшы вайну з полацкім князем Усяславам, знішчылі Менск да апошняга карэньчыка, разбілі Усяслававу дружыну на Нямізе, дзяцей і жанчын пагаалі ў Кіеў. Залатар Дзяніс таксама паплёўся з палонам, так і не ўбачыўшы напаследак свайго унота, які ацалеў выпадкова — падчас штурму горада ездзіў у нізоўе Пцічы па крычнае жалеза.
Гарадскога вала не было — яго скапалі па загаду Яраславічаў. Замест уязной брамы з дубовай вежаю тырчалі з чорнай зямлі абсмаленыя, з'едзеныя агнём бярвенні. За Менскам адразу пачыналася поле. Дый сам ён быў полем, безгалосы, страшны, засыпаны галавешкамі.
У невясёлым одуме ішрў Белавалод па беразе Менкі. Блакітная плашчаніца ракі нягучна струменілася на зыходзе летняга дня. Мякка ўспыхвалі на ёй вечаровыя промні.
Ульяніцы на ўмоўленым месцы не было. Белавалод сеў на траву, абшчапіў галаву рукамі, знерухомеў. Менка і Пціч, зліўшыся ў адну раку, борзда беглі на поўдзень, у пракаветныя пушчы і балоты. Хмары на заходняй палове неба здаваліся доўгімі, тонка нарэзанымі лустамі чырвонага мяса.
Чаму так баліць душа? Чаму не прыходзіць уначы сон і ўся ноч, як бясконцая дрогкая дарога, па якой пакутліва плывеш-едзеш, ні на імгненне не заплюшчваючы вачэй?
3 самага маленства ён жыў сіратою, бацьку і маці помніў цьмяна. Цяжка сказаць, што было б з Белавалодам, магчыма, пайшоў бы ён за закупам да якога-небудзь багатага баярына, але сустрэўся залатар Дзяніс, абагрэў, прылашчыў, узяў у сваю майстэрню. Дзяніс не меў дзяцей, не ўдалося ў свой час звіць сямейнае гняздо, ужо думаў век дажываць у самоце, ды ўбачыў аднойчы русагаловага бледнага хлопчыка, што спаў у траве за гарадскім валам. Уздрыгнула сэрца, прыпыніўся Дзяніс, глянуў на спакутаваны прыгожы твар, па якім бегалі трывожныя цені. Хлопчык, адчуўшы позірк чужога чалавека, адразу прачнуўся, усхапіўся на ногі.
— Хто ты? — спытаўся залатар.
— Белавалод. У хрышчэнні — Барыс, — адказаў спалоханы хлопчык.
— Адкуль ты?
— 3 пушчы. Адтуль, — хлопчык вяла махнуў рукою. Рука была празрыстая ад шматдзённага голаду.
— Чый жа ты?
— Нічый. Адзін жыву. Бацьку і маці Бог забраў.
3 таго дня пачалі яны жыць разам, і замест бацькі стаў Дзяніс Белавалоду. Карміў, вучыў, вялікую здольнасць убачыўшы ў сваім шчасліва напатканым сыне. I вось няма Дзяніса. I Менска няма, ляжыць у халодным попеле. I толькі неба над галавой і цёмныя дрымоткія пушчы наўкола — птушка ягадзіну не можа пранесці праз гушчар.
— Белавалод! — пачуўся раптам звонкі дзявочы голас. Унот усхапіўся на ногі, твар засвяціўся радасцю, вочы заблішчалі.
— Ульяніца! — крыкнуў ён. — Дзе ты бавілася? Хутчэй плыві сюды!
Прыгожая цёмнавалосая дзяўчына, стоячы на поўны рост у лёгкім лубяным чоўніку, рашуча і ўпэўнена падграбала доўгім кляновым вяслом. На галаве ў яе зіхцеў металічны абручык, на смуглых руках успыхвалі сінія і зялёныя шкляныя бранзалеты.
Белавалод не дачакаўся, скокнуў у ваду, вынес Ульяніцу на бераг. Яны ўпалі ў густую траву, пачалі цалавацца. Нейкая пушыстая казытлівая травінка як знарок успырхнула між іхнімі вуснамі. Яны цалаваліся праз травінку.
— Чакаў мяне? — паклала галаву Белавалоду на грудзі, зірнула знізу ўверх чорнымі прамяністымі вачыма Ульяніца.
— А няўжо ж... — усхвалявана адказаў Белавалод і зноў памкнуўся пацалаваць дзяўчыну.
— Човен рака панесла! — раптам крыкнула Ульяніца. Лубяны чоўнік, танцуючы на хвалях, шпарка аддаляўся ад берага. Белавалод хацеў быў кінуцца ў Пціч і дагнаць уцекача, бо быў някепскім плыўцом, але Ульяніца мякка паклала яму руку на плячо:
— Няхай плыве... Значыць, так трэба, Вадзянік яго забраў.
— Я табе новы зраблю, — сціснуў каханку ў моцных абдымках Белавалод. Толькі цяпер ён заўважыў, што Ульяніца надта сумная, нязвычная, ціхая. Ён асцярожна, паклаўшы далоні ёй на шчокі, наблізіў яе твар да свайго, запытаўся дрогкім голасам:
— Што з табой?
I чакаў, халадзеючы душою, што скажа Ульяніца нешта дужа непажаданае, страшнае, ад чаго, як тонкае дрэўца, адразу ж зломіцца ягонае жыццё. «Ды ці кахае яна мяне?» — з жахам падумаў Белавалод. Гэтая думка аглушыла яго. Сам ён не мог уявіць свайго жыцця без Ульяніцы. Яна была ўсім — зямлёй і небам.