— Аднаго цябе кахаю, Белавалодка, — горача, пераходзячы на шэпт, быццам нехта мог падслухаць, загаварыла Ульяніца. — Без цябе мне няма жыцця. Ды бацька...
— Што сказаў твой бацька? — амаль крыкнуў Белавалод. Ён толькі два разы на менскім торжышчы, і то здалёку, бачыў яе бацьку, ратайнага старасту з вотчыны баярына Цвёрдаслава. Бацька Ульяніцы Кандрат быў гарбаваты, доўгабароды.
— Хоча аддаць мяне за радовіча Анісіма, — усхліпнула Ульяніца. Яна заўсёды была вясёлая, гарэзлівая, і гэты яе ўсхліп як нажом разануў Белавалода.
— А ты? — пабляднеў ён. — Ты хочаш выйсці за радовіча?
Яна глянула на яго і быццам да крыжа прыбіла сваім позіркам.
— Лепш смерць, — сказала яна.
— Тады пойдзем, — схапіў яе за руку, пацягнуў за сабою Белавалод.
— Куды пойдзем?
— У Менск. Да мяне пойдзем.
Яны хуценька пайшлі ўздоўж берага. Вечаровы густы змрок браў наваколле ў сваю абладу. Ульяніца трымалася за Белавалодаву руку, трымалася мякка і пяшчотна, і гэты яе ласкотны дотык хваляваў унота.
У мёртвым горадзе не было ні агеньчыка. Яны прайшлі праз разбураную спаленую браму і спыніліся ў здзіўленні. Мноства буслоў, белых прыгожых птушак, паважна хадзіла па апусцелай цёмнай вуліцы. Быццам баяры ў багатых белых кажухах сабраліся на сваё веча.
— На шчасце, — прашаптаў Белавалод. — Шчасце ў нас з табою будзе, Ульяніца.
Ульяніца прытулілася да яго, і яны застылі, замерлі, гледзячы на нетаропкіх велічных птушак. Здавалася, буслы свецяцца ў цемры. Вось адзін з іх, напэўна, важак, узляцеў, шырока махаючы крыламі. За ім узняліся ў вечаровае неба іншыя. Вострыя белыя абрысы птушак раставалі ў змроку. I Белавалод раптам зразумеў: душа мёртвага горада назаўсёды аддятае з гэтых мясцін. Будуць новыя гарады, будуць шумныя торжышчы, будуць цэрквы і палацы, а гэтага горада ніколі ўжо не будзе. Бывай, горад на Менцы.
Белавалод з усхваляванасцю і страхам глянуў на Ульяніцу. Дзяўчына неадрыўна пазірала на птушак, і твар яе быў зацемнены і трывожны. Аб чым яна думае? Яна таксама некалі адляціць назаўсёды, і след яе пяшчотнай нагі засыплецца пяском на берагах Менкі. Не аддятай, мая харошая! Будзь са мною. Ідзі поруч па гэтай ласкавай і грэшнай зямлі.
— Ульяніца, — ціха сказаў Белавалод, — прашу цябе, як бы нам ні было цяжка і тужліва, запомні гэтых птушак.
Яна здзіўлена глянула на яго, потым зразумела, уся ўспыхнула, засвяцілася, згодна кіўнула галавой.
Майстэрня Дзяніса, у якой жыў Белавалод, была даволі прасторнай паўзямлінкаю, зрубленай з тоўстых сасновых бярвенняў. Унутры яе раздзялялі на дзве паловы вертыкальна пастаўленыя брусы. Перагародка з брусоў не даходзіла да столі. У той палове майстэрні, у якую яны трапілі адразу з вуліцы, стаяла вялікая, злепленая з чырвонай гліны і палявых камянёў печ. У сцяне насупраць печы было прасечана валакавое акно ддя дыму. Побач з печчу Ульяніца ўбачыла выкапаную ў глінабітнай падлозе яму, да краёў напоўненую белым рачным пяском. Такім пяском пасыпаюць падлогу ў час макрэчы і дажджоў. У другой, чыстай палове майстэрні падлога была вымашчана з шырокіх асінавых дошак. Уздоўж сцяны Дзяніс у свой час наштукаваў прасторныя палаткі, зацягнутыя бабрынымі і ваўчынымі шкурамі. На сценах віселі адпаліраваныя іклы дзікоў, ласіныя рогі, рознакаляровыя пацеркі з бурштыну і шкла, маткі меднага і срэбнага дроту, прыгожа аздобленыя рамяні і бляхі для конскай збруі, стрэлы з металічнымі і касцянымі накайечнікамі.
Ульяніца здзіўлена азіралася наўкола, сказала:
— Багата жывеш, Белавалод.
— Дзянісава гэта багацце, — нявесела прамовіў Белавалод. — Як разор у Менску быў ад Яраславічаў, паспелі мы ўсё закапаць у яму ў істопцы.
— Дужа шкадуеш Дзяніса? — спыталася Ульяніца.
— Радней за бацьку мне быў. Вучьгў добраму, як жа такога чалавека не шкадаваць? Усё б аддаў, каб з палону яго вызваліць.
Белавалод падышоў да Ульяніцы, мякка прыгарнуў яе да сябе, схаваў твар у шаўкавістых дзявочых валасах. Абое змоўклі. Маўчаў панылы зруйнаваны горад. Толькі недзе за Менкаю выў здзічэлы сабака. А можа, гэта быў воўк-людаед, якіх, па чутках, шмат развялося ў навакольных пушчах.
— Не страшна табе тут аднаму, Белавалод? — дрогкім голасам спыталася Ульяніца.
— Страшна, — шчыра прызнаўся Белавалод. — Галаўнікі ў горад прыходзяць, нават ночы не чакаючы. Усё ў людзей да апошняй ніткі бяруць. Ёсць, кажуць, у гэтых галаўнікоў і свой ваявода — Іван Вогненная Рука.