— Вогненная Рука? — уздрыгнула Ульяніца. — Якое жахлівае імя!
Яна прыціснулася ўсім сваім целам да унота. Ён пачаў цалаваць яе, і Ульяніца адказвала на пацалункі, адказвала з маладой страсцю і ўсхваляванасцю.
— Ці кахаеш ты мяне? — перарывістым шэптам запытаўся Белавалод.
— Кахаю. Пайду за табою, як нітка за іголкай. Але цяжка мне, любы, ой як цяжка! Радовіч сватоў шле. Ратуй мяне, Белавалод.
Ульяніца заплакала, і яе нечаканыя, такія горкія слёзы страшэнна ўразілі унота. Ён стаяў як спапялёны маланкаю. Ён не ведаў, што трэба рабіць у такіх выпадках, і толькі асцярожнай рукою выціраў слёзы са шчок і вачэй каханай. Раптам ён, як бы нешта ўспомніўшы, схапіў сталёвую сякеру, што, захліснутая скураной пятлёю, вісела на драўляным круку, хуценька стаў на калені, пачаў адцзіраць з падлогі дошку, крайнюю ад сцяны.
— Што ты робіш, Белавалод? — разгублена запыталася Ульяніца.
Але ён, не адказваючы, з пранізлівым рыпеннем ададраў дошку. Пад падлогаю была невялікая ямка-паграбок. Белавалод, трасянуўшы доўгімі русымі валасамі, нахіліўся амаль па самыя плечы ў гэты схоўны паграбок і дастаў з яго лубяны кораб з прыгожай, сплеценай з жоўтага дроту накрыўкай. Ён узняўся на ногі і з радасным бляскам у блакітных вачах падаў кораб Ульяніцы.
— Бяры.
— Што гэта? — здзівілася дзяўчына.
— Адчыні накрыўку, убачыш.
Ульяніца асцярожна, палахліва, быццам з кораба магла выпырхнуць птушка або ўдарыць вострай драпежнай галоўкаю гадзюка, адчыніла накрыўку і войкнула ад здзіўлення і захаплення. На чырвонай аксамітнай падушачцы ляжала яркае і вельмі багатае нагруднае жаночае ўпрыгожанне. Тры бляхі ў выглядзе вясёлых рыбак былі скручаны з танюсенькага срэбнага дроту і напаяны на залатую аснову. Вочы рыбак, луску, плаўнікі ювелір зрабіў з найдрабнейшых залатых зярнятак. Рыбкі злучаліся паміж сабой абручыкам з чырвонай медзі. На абодвух канцах упрыгожання меліся круглыя залатыя фібулы, каб нашпільваць яго на тканіну.
Белавалод, задаволены тым захапленнем, якое ззяла ў чорных вачах Ульяніцы, сказаў:
— Гэтых рыбак я злавіў у Менцы.
— Як жывыя, — любуючыся рыбкамі, ціха прамовіла Ульяніца, потым зірнула на Белавалода з недаверам: — Няўжо ты сам іх зрабіў?
— Сам, — з ганарлівасцю кіўнуў галавою Белавалод. — Амаль тры гады рабіў. Уначы яны мне сніліся. Кожны унот у час вучобы ў золатакаваля павінен сваё ўменне паказаць, змайстраваць нешта такое, каб нават стары настаўнік вохнуў. Шэдэўрам гэта між рукадзельнымі людзьмі завецца.
— Як жывыя, — зноў паўтарыла Ульяніца.
— Шкада, што Дзяніс іх не пабачыў, маіх рыбак, — пазмрачнеў Белавалод. — Стараўся я дужа. Для свайго настаўніка стараўся, парадаваць яго хацеў. Няма Дзяніса, і я табе рыбак аддаю. Вазьмі, Ульяніца.
Ён асцярожна выняў з кораба свой уноцкі шэдэўр, нашпіліў яго на белую льняную сукенку Ульяніцы.
— Ты што, Белавалод? — заружавелася, успыхнула дзяўчына, і было відно, як прыемна ёй атрымаць такі нечаканы, такі прыгожы падарунак, бо спакон веку ўсе дочкі Евы, князёўны яны або чалядніцы, любяць прыгожае і нечаканае. Але, парадаваўшыся, Ульяніца ўздыхнула і пачала павольна сашпільваць рыбак з грудзей.
— Не трэба, — адвёў яе рукі Белавалод. — Як я рабіў, пра цябе ўвесь час думаў. Твой твар між рыбак мне бачыўся. Будзь жа гаспадыняю майго шэдэўра.
Ён казаў з такой страсцю, з такім замілаваннем, што рукі Ульяніцы міжволі пацягнуліся да ягонай шыі, абвілі гэту смуглую маладую шыю, потым пачалі лашчыць ягоныя скроні і бровы. Чорныя вочы набліжаліся, падплывалі да сініх Белавалодавых вачэй, і быў у тых вачах нясцерпны бляск, туманны агонь, шаўкавістая мяккасць травы, пералівістасць і таемнасць глыбокай азёрнай вады.
Белавалод асцярожна і ў той жа час моцна ўзяў каханку на рукі, паклаў яе на туравую шкуру, сам лёг побач. У іхніх грудзях ужо білася адно сэрца. Усёй сваёй істотай ён адчуваў пяшчотную, пакорлівую мяккасць валасоў, адчуваў маленькія, але цвёрдыя пальцы яе ног, што наструнена дакрануліся да ягоных, затрапяталі.
Уначы над Менскам зашаптаў дождж, тысячы светлых кропель паляцелі, пасыпаліся на зямлю, на попел, на чорныя галавешкі. Кожная нябесная крошы прабівала малюсенькую дзірачку ў попеле, і ў гэтыя дзірачкі праторкваліся, прагна глядзелі ў цёмнае неба вострыя зялёныя лёзы травінак.
У горадзе, які не меў ні ахоўнага вала, ні дружыны, які ўжо амаль памёр, заставацца было небяспечна. Белавалод з Ульяніцаю вырашылі дабірацца да сутоку Нямігі і Свіслачы, дзе ў парубежным умацаванні Полацкай зямлі асеў шмат хто з мянян. Ісці трэба было попрышчаў пятнаццаць, праз пушчу. Амаль да паўдня яны звязвалі ў хатулі, запіхвалі ў торбы і мяшэчкі залатарскі струмант і ўсё тое, без чаго нельга было абысціся ў іхняй будучай гаспадарцы. Ульяніца рабіла ўсё спорна, хутка, і толькі час ад часу мільгалі ў чорных вачах трывога і сум. Белавалод як мог суцешваў і абнадзейваў яе, казаў: