— Пажэнімся ў Менску і адразу твайму бацьку знак дадзім. Благаславіць ён нас на маладое шчаслівае жыццё наша.
Ульяніца маўчала. Тое, што надумвалася яна зрабіць, было такое нязвычнае, такое нечуванае. Без дазволу бацькі пайсці з хлопцам! Ды бацька заб'е яе, пракляне. Сэрца ў дзяўчыны абмірала, холад бег па скуры.
— Маці-багародзіца, святая траяручыца, навучы мяне і абарані мяне, — апалым голасам казала Ульяніца, укленчыўшы перад бажніцаю.
Белавалод стаяў на каленях поруч з ёю, маўчаў, стараўся быць спакойным, але трывожныя думкі няспынна віравалі ў ягонай галаве. Што чакае іх наперадзе? Добрыя ці нядобрыя людзі стрэнуцца ім? Дзе яны будуць жыць у новым Менску? Ці поўны будзе іхні сусек? Ці хопіць жыта на семя і на емя?
— Я яшчэ старому богу хачу памаліцца, — папрасілася Ульяніца, і Белавалод разам з ёю схадзіў за раку Менку. Там, у дзікім лясным гушчары, дзе нават у самы яркі дзень камянеў шэры змрок, яны памаліліся Перуну, грознаму богу нябесных маланак. Дубовы цёмны ідал стаяў у густой калючай траве, пранізліва глядзеў на іх.
Ульяніца адразу павесялела. Пачала апранацца падарожнаму. На ногі — скураныя поршні, вышытыя каляровымі ніткамі, на плечы — белую ваўняную накідку з бронзавымі спражкамі. Яна зняла з галавы металічны абручык, перахапіўшы валасы, як і Белавалод, тонкім скураным раменьчыкам.
— Як жа мы зацягаем усё гэта на Нямігу? — спыталася Ульяніца, паказаўшы загарэлай рукою на цяжка напакаваныя хатулі і торбы.
— Буслы і вароны перанясуць, — пажартаваў Белавалод. — Бач, колькі іх лётае.
Ды адразу ж пасур'ёзнеў, бо сонца стаяла ўжо высока, а правесці яыічэ адну ноч у разбураным горадзе яму не хацелася.
— Ідзём са мной. Толькі ціхенька, — сказаў Белавалод Ульяніцы, прыклаўшы палец да вуснаў. Са сцяны ён зняў доўгую вяроўчыну, наматаў яе на руку. Ульяніца, нічога не разумеючы, крочыла следам.
Праз нешырокую Менку яны прайшлі па вярбе, якую паваліла бураю. Зялёныя галіны былі апушчаны ў люстраную ваду, і на паверхні вады Ульяніца раптам убачыла жорсткае пяро нейкай вялікай рыбіны. Руда-шэрыя павукі коўзаліся па вадзе. Яркімі прыгожымі плямамі плыў залацісты пылок з надбярэжных кветак.
Белавалод борздка ішоў па высокай траве. Птушкі зрываліся з гнёздаў. Старыя вужы, скруціўшыся ў клубок, ляжалі, блішчалі на цёплых пнях, як срэбныя талеркі.
Вось яны выйшлі на ўтульную лясную паляну. Цёмныя дрэвы стаялі непарушнай сцяною. Паляна, травяністы астравок між гэтых дрэў, была густа заліта сонцам, дзумканнем пчол і мух, дурманнымі пахамі разагрэтага мёду і маку. Ульяніца адчула, як пайшла кругам галава, як раптоўна аслабелі ногі. Яна села ў цёплую траву, заплюшчыла вочы.
Белавалод прысеў на кукішкі побач, тройчы нямоцна свіснуў, паклікаў:
— Косю! Косю!
«Багаты ў мяне жаніх, — весела падумала Ульяніца. — Нават конь у яго ёсць!» Але конь, якога яна ўбачыла, расплюшчыўшы вочы, быў нейкі дзіўнаваты, не падобны на вялізных спакойных бацькавых коней. Гэты быў маларослы («Карузлік», — падумала Ульяніца), мышынай масці, з чорнай палоскаю ўздоўж спіны. Чорныя хвост і грыва ледзьве не даставалі да зямлі.
— Тарпан. Лясны конь, — сказаў Белавалод Ульяніцы і зноў паклікаў: — Косю!
Тарпан смела падбег да іх, прыпыніўся. Чорныя бліскучыя вочы глядзелі на людзей міралюбна, з цікаўнасцю.
— Дапаможаш мне, косю, га? — асцярожна пагладзіў яго па льсністай шыі Белавалод і, нібы тарпан разумеў чалавечыя думкі, пачаў тлумачыць: — На Нямігу мне трэба ехаць. У новы горад. У гэтым галаўнікі нікому дыхнуць не даюць. А гэта — мая нявеста. Праўда, прыгожая?
Пры такіх словах Ульяніца весела засмяялася, а лясны конік злёгку ўздрыгнуў.
— Не бойся, яна добрая, — зноў пагладзіў тарпана Белавалод. — Яна дужа добрая. Як дабярэмся да Нямігі, я цябе накармлю і адразу ж адпушчу назад у пушчу.
У горад яны вярталіся ўтраіх. Белавалод вёў на вяроўцы тарпана і расказваў Ульяніцы:
— Гэтага коніка мы з Дзянісам знайшлі. Пайшлі ў пушчу па жалуды (з жалудоў мы фарбу рабілі), і вось тут непадалёку ў балотцы падалося нам, нібы дзіця малое плача. Спыніліся мы з Дзянісам, прыслухаліся. Так і ёсць — плача дзіця – голас тонкі, змучаны. Глянулі туды-сюды, аж гэта ён. У багну праваліўся па самую шыю. Можа, ваўкі гааліся, можа, хто страху наддаў. Канаў ужо. Авадні ноздры заляпілі. Як убачыў нас, не спалохаўся, а заіржаў, як бы прасіў найхутчэй дапамагчы. Выцягнулі, балотную твань з яго саскрэблі, і сябрам нашым па край жыцця зрабіўся конік.