Пагрузіўшы на тарпана большую частку хатулёў і торбаў, рушылі з Менска. Белавалод на сінюю пакаленную кашулю надзеў лёгкую драцяную кальчугу, прычапіў да шырокага скуранога пояса меч у старэнькіх драўляных похвах.
Выйшлі на бераг Менкі, пакланіліся гораду, які пакідалі назаўсёды. Горад глянуў на іх апусцелым вокам, глянуў сумна, з дакорам. Зашчымела на сэрцы ў Белавалода, туга пад горла падкацілася, але ён толькі перасмыкнуў сухімі губамі, некалькі разоў кашлянуў, каб Ульяніца не ўбачыла ягонага хвалявання.
Пушча праглынула іх, і праз колькі часу ўжо не верылася, што недзе свеціць яркае сонца. Ішлі пад густымі кронамі анямелых дрэў, па жылістай лясной зямлі, па лясным глухатраўі. Тут была камарыная дзяржава, і безліч маленькіх крывасмокаў з усіх бакоў рынулася на няпрошаных гасцей. Ульяніца цярпела-цярпела, а потым, адбіваючыся ад камароў, аж носам хліпаць пачала. Тады Белавалод зламаў з дрэва велізарнейшы грыб-трутавік, крэсівам выбіў іскру, запаліў яго і, накалоўшы на меч, панёс перад Ульяніцай. Дзяўчына моршчылася ад едкага дыму, кашляла, і ўсё-такі дым быў лепей, чым ненажэрныя камары. Адзін тарпан пачуваў сябе спакойна, ляпіў і ляпіў між дрэў бясконцы ланцужок слядоў.
Праз нейкі час нізінная лясная зямля пачала падвышацца, уздувацца сухімі пагоркамі. Зніклі камары. Лес пайшоў святлейшы, бялейшы, усё болей бярозы і асіны. Сонца прарывалася праз дробную мітуслівую лістоту, сыпала наўкол залатыя грыўні. Ульяніца ажыла, пажвавела, пацягнулася да Белавалода, і на беразе цёмна-блакітнай лясной азярынкі, між пяшчотных несарамлівых кветак яны зноў аддаліся свайму каханню.
Надвячоркам нейкая кволая сцежачка, як ручаёк, раптам кінулася ім пад ногі. Яна магла быць звярынай, магла быць чалавечай. А хутчэй за ўсё ў звярыны след тут уліваўся, убіваўся след людской нагі.
Сцежачка шырэла, смялела. Ужо не было сумнення, што яе працерабіў чалавек. Неўзабаве яны ўбачылі грудок жоўта-зялёных конскіх касцей, вялізны конскі чэрап. Белавалод наструніўся, узяўся за рукаяць мяча. Ульяніца ішла побач з ім, ён абдымаў яе левай рукою і адчуваў, як тахкае яе сэрца. Ён напружана глядзеў на сцежку перад сабою.
Раптам проста над іхнімі галовамі, у небе, пачуўся голас:
— Людзі добрыя, памажыце мне! Здыміце мяне!
Ад нечаканасці і страху яны ўпалі на калені. Ульяніца заплюшчыла вочы. Гэты голас быў як удар грому. Вядома ж, гэта быў Божы голас, бо хто, апроч Бога, можа гаварыць з неба.
— Чаго ж вы стаіцё? Здыміце мяне! — ляцела зверху. У голасе чуліся разгубленасць і верашчанне. Тут ужо Белавалод крышку асмялеў. Хіба можа быць у Бога разгублены голас? Хіба можа смешна верашчаць той, хто кіруе зоркамі і людзьмі?
Белавалод асцярожна, адным вокам, зірнуў угору, і дух пераняло ад здзіўлення. Проста над сцежкаю, высока над зямлёй быў распасцёрты чалавек. Чалавек быў голы, з адвіслым сівавалосым жыватом, у адных кужэльных портках. Рукамі і нагамі чалавек быў прывязаны, прыкручаны да дзвюх танклявых гонкіх бярозак, што раслі адна супраць другой абапал сцежкі. Маладым бярозкам не хапала сілы разарваць чалавека напалам, але і чалавеку неставала вагі нахіліць іхнія вяршыні долу. Так і лунаў дзіўны чалавек над лясной сцежкаю.
— Другі дзень вішу! — верашчаў чалавек. — Між небам і зямлёй Богу душу адцаю! Ратуйце, добрыя людзі!
Тут і Ульяніца глянула ўверх і войкнула:
— Анёл!
— Ядрэйка я, маладзічка, а не анёл! — выгукнуў са сваёй вышыні чалавек. — Каб я быў анёлам, даўно б вунь на тую хмарку ўзляцеў і адпачыў ад пакут маіх. Ядрэйка я. Рыбалоў з горада на Нямізе. Злавілі мяне злыя людзі ў свае сеці.
— Як жа цябе зняць адтуль? — пачухаў патыліцу Белавалод.
— Давай падумаем разам, — павесялелым голасам лагодна сказаў Ядрэйка і раптам рэзка трасянуў галавою, пачаў ярасна церціся шчакою аб плячук. — Праклятая муха! Д'ябальская дзумкалка! Яна, пэўна, ужо завяла сабе хатку ў маім вуху, наклала там яечак. Ну, пачакай, злезу з бяроз гэтых, злаўлю цябе і раздзяру на шматкі!
Белавалод з Ульяніцай не стрымалі смеху.
— Смейцеся, смейцеся, добрыя людзі, — не сунімаўся Ядрэйка. — Я й сам люблю пасмяяцца, асабліва калі жывот поўны і мухі не кусаюць. I пагаварыць люблю, ой люблю. А з кім было гаварыць у гэтым лесе? Мядзведзь уначы ішоў сцежкаю проста пада мною, дык я з ім хацеў быў слоўцам перакінуцца, але дзе там — так раўнуў мішка, што ў мяне душа з пятак у мяккае месца заскочыла, не пры кабеце будзе сказана. Пытаешся, як выбавіць мяне адсюль? Бачу, меч у цябе важнецкі ля пояса вісіць. Бяры меч і сячы бярэзіну... Пачакай, але ж я касцей не збяру, калі грымнуся адгэтуль. Ото ж злыдні, што мяне сюды завалаклі на гэтыя клятыя бярозы. Каб праз вашы рэбры козы сена цягалі! Каб вашымі косткамі дзеці грушы збівалі.