Выбрать главу

Ядрэйка натхнёна пачаў праклінаць усіх ворагаў, учарашніх, сённяшніх і будучых. Ён так захапіўся праклёнамі, што забыўся і пра Белавалода і пра Ульяніцу.

— Дзядзька, — спыніў яго Белавалод, — сячы бярозу я не буду, а паспрабую залезці да цябе наверх і там вяроўкі абрэжу.

— Лезь, сакалок, лезь, — заверашчаў Ядрэйка. — Каб ты еў бліны са смятанай, з маслам і яшчэ з мёдам. Каб прыгожыя маладзіцы за табой чарадой хадзілі.

Белавалод зняў з шыі ў тарпана вяроўчыну, разуўся, зрабіў з вяроўчыны пятлю-васьмёрку і спрытна палез на дрэва.

— Каб табе ў рот смажаныя курапаткі ўляталі, — падахвочваў яго са сваёй вышыні Ядрэйка.

— Маўчы, дзядзька, а то я звалюся ад такіх слоў, — папрасіў Белавалод.

Ядрэйка адразу ж сціх. Толькі ягоны круглы пульхны жываток не супакойваўся, калыхаўся, як цеста ў дзяжы.

Нарэшце Белавалод, цяжка дыхаючы, дабраўся да Ядрэйкі, выцягнуў з похваў меч, пачаў пераразаць вяроўку.

— Цішэй, сакалок, не адрэж мне руку, — залямантаваў рыбалоў. — Лыжку да рота нельга будзе данесці.

Белавалод вызваліў ад путаў правую руку і нагу Ядрэйкі. Бярэзіна шумна выпрасталася, галінамі, здаецца, сцебанула па небе. Ядрэйка з жахам паглядзеў на яе, сказаў:

— А каб яна мяне так падкінула? Да апостала Пятра даляцеў бы ў залатыя палаты.

Белавалод быў вымушаны спусціцца з адной бярозы і лезці на другую. Тут ён ужо толькі нагу аслабаніў Ядрэйку, падаў яму меч, і знясілены, але гаваркі рыбалоў асцярожна, каб не зваліцца, сам перапілаваў вяроўку на левай руцэ. Нарэшце ён вызваліўся, адразу ж выпусціў меч, заплюшчыў вочы і, абдзіраючы голы жывот, слізгануў па ствале ўніз, да зямлі. Потым застагнаў, лёг на траву, доўга-доўга ляжаў...

I вось ён стаяў перад Белавалодам і Ульяніцай, нізенькі, тоўсценькі, рухавы, быццам вожык. Твар у яго быў круглы, чырванаваты. Жменька сівых кароткіх валасоў тапырылася на патыліцы і за вушамі, уся ж лабаціна пуставала, галела, як ніва пасля жніва. Чорныя вочкі жвава свяціліся, гарэлі з-пад нізка насунутых на іх цёмных броваў. Асабліва ўражваў ягоны нос — буйны, як бы расплюшчаны на самым кончыку, увесь у вясёлых сіняватых пражылках. Было Ядрэйку сонцаваротаў сорак пяць, калі не пяцьдзесят.

— За шчаслівае збавенне мой зямны паклон вам, баярын малады з баярыняю, — нізка пакланіўся Ядрэйка, і лысіна бліснула на сонцы.

— Я не баярын, добры чалавек, — разгубіўся Белавалод. — I яна не баярыня.

— Абавязкова будзеш баярынам, — упэўнена сказаў Ядрэйка. — Як жа завуць цябе, будучы баярын?

— Я — Белавалод. Яна — Ульяніца. Ідзём на раку Нямігу. А цябе, дзядзька, хто і за што на дрэвы ўзнёс?

— Усё раскажу вам, баяры дарагія, пра кожную сваю больку пажалюся, — пацёр маленькай пульхнай далонькай голы жывот Ядрэйка. — Але спачатку скажыце, ці ёць у вас тое, што сагравае душу і цела? Ці ёсць у вас полацкі мёд або рамейскае віно?

Ульяніца з хатуля дастала карчажку з мёдам. Ядрэйка прагаа схапіў пасудзіну, пачаў піць нагбом. Здаволіўшыся, весела сказаў:

— У добры час Бог паслаў вас на гэтую сцежку. Сядзеў бы я на дрэве, як зязюля. А ноч у лесе халодная.

Ён трасянуў голымі плячамі.

— Мой бацька таксама быў рыбаловам. I да мёду хмельнага быў ахвочы. Бывала, перап'е ўзімку на возеры, загорнецца ў сець і сядзіць, калоцячыся. А потым кажа, паказваючы пальцам праз вочка сеці: «Тут холадна, а знадворку, напэўна, зусім лютая халадэча».

Усе трое засмяяліся.

— Хто ж цябе, дзядзька, так пакараў? — спытаўся Белавалод.

— Галаўнікі. Чулі, нябось, пра Вогненную Руку? Дык ён са сваімі ліхадзеямі. Няма на іх спыну, няма страху. Князя Усяслава баяліся, як ён землямі нашымі валодаў. А цяпер князь у Кіеве, няма гаспадара ў людзей, і ўсюды пайшоў разор, вароп. Цячэ кроў хрысціянская, як дажджавая вада. Асабліва смердам дастаецца, што на зямлі сядзяць. Баярыну лягчэй. Схаваецца ў сваёй вотчыне за дубовай брамай, за шчытом жалезным. А смерд толькі саломай прыкрыты. Я на рацэ ёз на рыбу ставіў са сваім суседам Макарам. Наляцелі галаўнікі, ёз пасеклі, Макару камень на шыю навязалі і ў вір кінулі. А мяне з сабой у гэту пушчу павезлі. Вогненная Рука мяне чамусьці не ўтапіў.

— I ты бачыў яго? — перапыніў Ядрэйку Белавалод.

— Вогненную Руку? Як цябе бачу. Малы ростам, але здаравяк здаравяком. Кулакі, як каменні. Дык павезлі яны мяне ў пушчу, і думаў я, што следам за Макарам на той свет пайду. А я чалавек адчайны, я і кажу гэтаму Івану, гэтай Вогненнай Руцэ: «Глянь на неба». Ён глянуў. «Што там бачыш?» — пытаю.— «Хмару». — «I болей нічога не бачыш?» — «Гусей бачу». — «Там жа меч Божы, крывавы над тваёй галавой занесены». Раззлаваўся Вогненная Рука, хацеў мяне шастапёрам па галаве стукнуць, ды раптам надумаўся на дрэва мяне ўзаперці, бліжэй да Бога.