Выбрать главу

Ядрэйка змоўк на нейкі міг і адразу ж зноў загаварыў, папрасіў:

— Ці не знойдзецца ў вас, баяры дарагія, якое-небудзь лайно, каб мне на плечы накінуць?

Белавалод пашукаў у хатулях і даў яму сваю старую кашулю. Ядрэйка бадзёра надзеў яе, сказаў:

— Зрабі, Бог, каб добрыя людзі жылі вечна. Прапаў бы я без вас, бо баюся холаду і голаду. А так Ядрэйка яшчэ пажыве, рыбу паловіць. А рыбалоў я адмысловы! Сам апостал Пётр быў рыбаловам, аж пакуль Хрыстос не сказаў яму: «Пакінь свае сеці, я зраблю цябе лаўцом чалавецаў». Каб вы ведалі, якой я вас рыбай пачастую!

Ён гаварыў і гаварыў. Ульяніца са здзіўленнем глядзела на яго, бо ўпершыню ў жыцці бачыла такога гаваркога чалавека. У іхняй весі людзі былі маўклівыя — лес, што акружаў жытло, вучыў ціхмянасці.

— На Нямігу, дарагія баяры, ідзяце? — гаварыў, крочачы поруч з Белавалодам, Ядрэйка. — Шмат народу там асядае. А я ж там нарадзіўся. Кожную сцежку ведаю. Там сям'я мая — жонка і трое дзяцей. Князь Усяслаў і памагатыя ягоныя добры горад збудавалі. Паглядзіцё, які ў нас вал. Ого! Дванаццаць сажняў вышынёю. Шапка з галавы валіцца. Жыць бы і не тужыць, ды вайна за вайною, вайна за вайною ідзе на нас. Князь і баяры зямлю дзеляць. А што чалядзіну рабіць? Куды хавацца? Я рыбалоў а ведаеце, што нядаўна ў Свіслачы злавіў? Труп чалавечы, дзяўчыну нежывую, дужа прыгожую.

Ульяніца пры гэтых словах пабляднела, і Ядрэйка, заўважыўшы яе спалох, перамяніў гаворку.

— Дзе жыць будзеце, баяры дарагія? — весела пацікавіўся ён. — У полі пад кустом? Дык жа чалавек не заяц. Гэта я, Ядрэйка, магу на дрэвах у лесе начаваць, а вам, маладзёнам, трэба плячо ў шшчо церціся. Вось штр я надумаў — у мяне вы пакуль што спыніцеся. Ёсць у мяне цёплая істопка. Па першым часе можна там галаву прыхіліць. А далей — Бог бацька. Ці засталося там яшчэ што-небудзь, Ульяніца, у карчажцы?

Ён пачаў піць мёд, пакрэктваючы, прыжмурваючыся, а Белавалод з Ульяніцай радасна пераглянуліся — добрага чалавека паслала ім неба...

Частка II

За сотні попрыіпчаў на паўночны ўсход ад Менска на Нямізе ў стольным горадзе Рагвалодавічаў Полацку ў гэты самы час дапякала людзям, наводзіла на людзей жах нячыстая сіла. Ледзь толькі пачынала змяркацца, у розных канцах вялікага горада чуўся пранізлівы журботнадзікі крык. Рукадзельныя людзі адразу ж хаваліся ў сваіх майстэрнях, баяры загадвалі чэлядзі надворнай зачыняць на дубовыя і жалезныя завалы брамы, купцы на шкутах і лайбах, што стаялі на Дзвіне, зашываліся ў кіпы звярыных шкур, у дзежкі з ячменем і жытам. Кожнаму хацелася стаіцца, хутчэй заснуць, каб толькі не лез у вушы, не свідраваў сэрца гэты сумны, халодны, трывожны, незразумелы і таму яшчэ больш страшны крык. Ды спаць звыш меры належыць мёртвым, а не жывым. Праз колькі часу, як толькі праходзілі дрыжыкі першага страху, мноства бледных людскіх твараў прыпадала, ляпілася да акенцаў хат. У вулічным змроку людзі хацелі ўбачыць нешта нязвыкла жахлівае, непадуладнае розуму. Смялейшыя выходзілі надвор, трымаючыся за клямку дзвярэй, узіраліся, уздрыгваючы пры кожным шолаху, у наваколле. Даўно заўважана, што чалавечая душа, нават самая светлая хрысціянская душа, ляціць, як начны матылёк на смяротны агонь, на ўсё таемнае і загадкавае.

«Ваўкалак крычыць», — з упэўненасцю казала болыдасць палачан, і кожны другі мог прысягнуць на святым крыжы, што на свае вочы бачыў хоць аднойчы гэта жахлівае лясное стварэнне, гэтага пярэвараценя, парослага дзікім воласам. Знаходзіліся і такія, што маглі параіць, як самому зрабіцца пярэвараценем. Для гэтага патрэбна ўваткнуць у пень вастрыём уверх нож і перакульнуцца цераз лязо.

На пятроўкі, светлай летняй ноччу, ваўкалак закрычаў у самым сэрцы горада, каля святой Сафіі. Спалоханыя царкоўныя служкі пачалі чытаць малітвы, усю ноч ладанам і мірам абкурвалі дом гасподні.

«Князь Усяслаў крычыць», — гаварылі назаўтра ў Полацку. Спачатку казалі пра гэта нясмела, з асцярогаю, але вельмі хутка і на торжышчы, і на важніцы, і на баярскіх падвор'ях, і ў хацінах чорнага люду на поўны голас пайшла гэта вестка.

«Усяслаў прыбягае з кіеўскага поруба ў сваю вотчыну і крычыць!» Такая навіна адразу ж дакацілася да дзядзінца, да палаца полацкіх князёў, у якім сядзеў са сваёй дружынаю Мсціслаў, сын вялікага кіеўскага князя Ізяслава. Мсціслаў быў чалавек непалахлівы, рашучы. Ён загадаў хапаць усіх тых, хто распаўсюджвае чуткі пра Усяслава. Але нельга закаваць у жалезы ўвесь горад, і тады Мсціслаў паслаў у Кіеў да бацькі ганца, прасіў, каб там, у Кіеве, неадкладна нешта зрабілі з Усяславам. Ён быў не супраць таго (праўда, не напісаў гэта ў пергаменце), каб ганец прывёз у Полацк галаву Усяслава. А пакуль ганец імчаўся на пераменных конях да Кіева, Мсціслаў умацоўваў дзядзінец, рыхтаваўся да горшага.