Барысу было ўжо семнаццаць сонцаваротаў. Высокі, сухарлявы, з чорнымі, не полацкімі вачыма, ён не любіў свайго бацьку, і Усяслаў адчуваў гэта. Барысу не падабаліся бацькава заўсёдная энергічнасць, ваяўнічасць, бацькава нясцерпнае жаданне аб'яднаць пад рукой стольнага Полацка землі пскоўскіх і смаленскіх крывічоў. «Я буду мніхам [Мніх — манах], — сказаў ён аднойчы, — буду ў сваёй келлі маліцца за Полацк і за цябе, бацька».
У порубе Барыс з кожным днём усё болей халаднеў, нібы камень-дзічак. Але ўначы, калі цішыня рабілася пякуча звонкаю, Усяслаў, лежачы на падсцілцы з гарохавай саломы, чуў, як Барыс жалосна ўздыхае ўва сне, нават стогае і нямоцна скрыгоча зубамі. Усяслаў здагадваўся, што асабліва гняло ў порубе старэйшага сына. Будучы мніх, як амаль усе мужчыны з полацкага княжацкага дома Рагвалодавічаў вызначаўся вялікай ахвотаю да прыгожых сінявочак і чарнавочак, якіх у Полацку, у бацькавым цераме, быў цэлы кветнік. Тут жа, у няласкавым Кіеве, Яраславічы пасадзілі сваіх палоннікаў на чорны хлеб і пустую ваду, і на цэлае попрышча ад глыбокага поруба не было ні жаночага голасу, ні жаночай спадніцы.
Аднойчы праз акенца, якое, падаўшы на кап'і хлеб і ваду, зачыняў вой-ахоўнік, уляцеў у поруб майскі жук — хрушч. Уварваўся шумна, радасна. Вой нават рукой пляснуў па бярвеннях, злавіць хацеў нечаканага госця. Ды дзе там!
Усе трое, затаіўшы дыханне, сачылі за малюсенькім бліскучакрылым камячком, які лётаў ад сцяны да сцяны, пэўна, раздумваючы, куды ж гэта ён патрапіў. Аказваецца, наверсе, у Кіеве, ужо даўно першалецце з высокімі белымі воблакамі, з цёплай мітуслівай лістотай дрэў. Там цячэ сіняя вада. Там нехта цалуе жанчыну. Нехта на кані ўязджае ў дняпроўскія прахалодныя хвалі, і ўздрыгвае палахлівы конь, фыркае, перабірае па чыстым рачным пяску тонкімі нагамі, а верхавы смяецца, лёгка б'е па конскіх баках босымі пяткамі.
Хрушч стаміўся, сеў на цёмную дубовую сцяну. I зноў нясцерпная цішыня падпаўзла-падкацілася да бацькі і сыноў. Але жывы гук, які толькі што чулі яны, кожнаму перавярнуў душу.
— Раз на год і ў пекле бывае свята, — сказаў Расціслаў і ціхенька засмяяўся. Барыс таксама пасвятлеў у твары, ды адразу ж горкая скруха перахліснула дыханне. Там, наверсе, ідзе жыццё, там п'юць віно, мілуюцца з жанчынамі, а тут радуешся нікчэмнаму хрушчу. Няўжо маладосць і сіла пойдуць прахам у гэтай яме?
— Бацька, вызвалі нас адсюль! — выгукнуў ён. Усяслаў уздрыгнуў, сказаў сыну: — Падыйдзі да мяне.
I калі Барыс падышоў, рукамі ў ланцугах абняў яго за плечы, прыгарнуў да сябе, пацёрся шчакою аб сынаву шчаку. Потым лёгенька адпіхнуў ад сябе Барыса, прамовіў, гледзячы яму ў вочы:
— Што ж я магу зрабіць? Бачыш, на мне вярыгі. Ліса, каб вызваліцца з клеткі, адгрызае сабе хвост. Ды мы не лісы. Мы — людзі, сынок.
— Але ж ты — ваўкалак, — ціха сказаў Барыс і адвёў позірк убок. — Людзі вераць, што ты ўсё можаш зрабіць.
Упершыню з сынавых вуснаў зляцела гэтае слова, упершыню. У цераме Усяслава, у ягонай сям'і гэта было забароненае слова, і вось яго сказаў старэйшы сын.
Расціслаў што зняў са сцяны хрушча і глядзеў, як той поўзае па далоні, пабляднеў, са спалохам павярнуў свой прыгожы твар да бацькі. Барыс жа стаяў, апусціўіпы галаву. Але і ў яго сэрца білася гарачымі рыўкамі. Толькі Усяслаў быў, здаецца, спакойны. Узняўся на ўвесь рост, высокі, крутаплечы, залаціста-русая барада ў змроку поруба выдавала цёмнай, шэрыя цвёрдыя вочы глядзелі з вострым прыхмурам.
— Які ж я ваўкалак, сын? — запьггаўся Усяслаў. — Хіба ты бачыш на мне звярыную поўсць? Хіба ў мяне ёсць хвост? А можа, у мяне ў роце растуць клыкі?
Барыс яшчэ ніжэй схіліў галаву, нібы чакаючы ўдару. Хрушч зляцеў з далоні ў Расціслава, кружыўся па порубе, але ніхто не звяртаў на яго ўвагі.
— Людзі вераць, — казаў далей Усяслаў, — людзі вераць Хрысту, а ўчора яны верылі Перуну і Дажджбогу. Людзі закінулі старых багоў, як разбітыя гаршкі на гарышча, і вераць Хрысту, таму Богу, які спаліў іхніх прадзедаўскіх багоў. А ўва што верыш ты, сын?
Барыс маўчаў. Усяслаў, пазвоньваючы ланцугамі, павольна, колькі дазваляў нашыйны ланцуг, падышоў да яго, моцна ўзяў за плечы, загадаў:
— Глядзі мне ў твар, у вочы. Барыс пакутліва ўзняў галаву. На чорных вачах ззялі слёзы.
— Ты мой роднакроўны сын, — сказаў Усяслаў. — Табе пасля маёй смерці трымаць полацкі сталец, быць князем полацкім. Яраславічы, — ён накіраваў позірк на маленькае акенца ў верхнім бервяне поруба, нібы хацеў, каб яго пачуў вой-ахоўнік, — гэтыя агідныя клятваадступнікі, пабаяцца забіць вас, дзеці мае.
Рухам левай рукі ён падклікаў да сябе Расціслава. Сыны стаялі поруч, глядзелі на бацьку. Ён узвышаўся над імі, як моцнае баравое дрэва над падлескамі.