Асабіста ён не верыў у пярэвараценя-ваўкалака. Гэта былі, вядома ж, домыслы цёмнага люду, які адной рукою моліцца, а другое гладзіць па дубовай галаве паганскага ідала. Але Мсціслаў разумеў, што за ўсімі гэтымі байкамі стаіць полацкае баярства, якое ў болыдасці сваёй не хоча падпарадкоўвацца Кіеву, хоча вярнуць у Полацк Рагвалодавічаў.
Апошнія дні Мсціслаў Ізяславіч усё болын маўчаў, слухаў, аб чым гаворыць дружына і тыя з полацкіх баяр, што ненавідзелі Усяслава і зрабіліся крэўнымі сябрамі Юева. Калі яго спрабавалі разгаварыць, ён толькі стрымана ўсміхаўся і думаў: «Ганец у дарозе. Ганец імчыцца з Кіева. Калі я пакажу ім галаву Усяслава, перастане крычаць ваўкалак».
Ягоны настаўнік рамей Мілон калісьці казаў: «Кветка міндалю гіне ад марозу, бо распускаецца раней за ўсіх. Людзі ж ад залішняй балбатлівасці гінуць. Трэба стрымліваць язык розумам. Нават дзікія гусі, што ляцяць ад Кілікіі да Таўра, баючыся арлоў, бяруць у дзюбы камяні, як замкі для голасу, і ўначы бясшумна пралятаюць гэту небяспечную дарогу. Чалавек мае два вухі і адзін язык таму, што належыць двойчы пачуць і толькі адзін раз сказаць».
Але ганца ўсё не было, і Мсціслаў паступова змрачнеў, падцаваўся агульнай няўпэўненасці і страху і кожны вечар загадваў распячатаць новую амфару з віном. У застолле ён запрашаў полацкіх баяр, шчодра частаваў іх і дамагаўся, каб яны, п'яныя і безабаронныя, давалі яму роту [Рота — клятва, прысяга] вернасці. Большасць баяр давала роту (язык не адсохне), але назаўтра, астудзіўшы галаву, адумаўшыся, шмат хто з такіх баяр стараўся трымацца падалей ад княжага палаца. Некаторыя з'язджалі ў свае вотчыны. Паспрабуй адшукаць іх паміж лясоў і балот!
А нячыстая сіла ўсё болей брала ў сваю абладу горад. Амаль кожны вечар крычаў ваўкалак. Аднойчы на прыцемку па Вялікім пасадзе прамчаліся чалавек трыццаць верхавых. Яны ехалі бясшумна, без адзінага слова, у белых пахавальных саванах з галавы да пят. Жудасць ахапіла тых з палачан, хто бачыў гэта. Вялікі пасад у момант вока апусцеў. «Нябожчыкі на конях!», «Дзяды з дамавін!» — пакацілася па горадзе. На пасадзе якраз нёс варту дзецкі з Мсціслававай дружыны Вадзім. Ягоныя сябрукі разбегліся, пахаваліся хто куды, а Вадзіма страх прыкаваў да месца. Дзецкага стапталі коньмі. Ды ён паспеў закласці ў лук стралу і пусціць яе насустрач маўклівым беласаванным коннікам. Гартаваная кіеўская страла ўдарыла аднаму з верхавых у сцягно. Той зморшчыўся, выдраў стралу, злосна шпурнуў яе да сябе. Потым гэтую стралу падабралі і прынеслі князю Мсціславу. На сталёвым наканечніку была кроў, жывая чалавечая кроў. «Пераапранутыя скамарохі ездзяць па горадзе, б'юць маіх людзей! — накінуўся Мсціслаў на ваяводу Ануфрыя. — Злавіць іх! 3 іхняй скуры нарабіць пергамену! На гэтым пергамене я напішу вялікаму князю Ізяславу, што Полацк даў роту на вернасць стольнаму Кіеву».
Але Мсціслаў умеў не толькі крычаць. Ён, калі вымушала жыццё, мог цёпла, па-бацькоўску ўсміхацца. Выгнаўшы прэч Ануфрыя, ён запрасіў да сябе полацкага епіскапа Міну, схіліў перад сівабародым старым калена, папрасіў дзеля адзінай праваслаўнай царквы, дзеля сясцёр — кіеўскай і полацкай Сафіі — змякчыць сэрцы мясцовых людзей, напоўніць іх ласкай і любоўю. Назаўтра з крыжамі, харугвамі і малітвамі рушыў царкоўны клір са святой Сафіі. Урачыста і радасна галасілі над горадам званы. Густы натоўп ішоў хрэсным ходам, і ва ўсіх былі светлыя твары, светлыя думкі. Палачане крыкнулі здравіцу Мсціславу Ізяславічу, які, зняўшы баявы шлем, апрануўшы чырвоную плашчаніцу, сустрэў іх на плошчы каля Сафійскага сабора. Мужы-вечнікі і князь Мсціслаў пацалавалі крыжы згоды і міру. Горад супакоіўся, заціх, а сам Мсціслаў паехаў да бацькі ў стольны Кіеў, пакінуўшы за сябе Ануфрью.
Наступная ноч выдалася цёмная, з рэдкімі кволымі зоркамі. Вецер шумеў над соннай Дзвіной. Хвалі гурбою беглі на бераг, выкрэсваючы з халодных рачных глыбіняў каменьчыкі, водарасці, розны гаспадарчы друз, якім так багаты вялікі горад. Украла хваля пранік у балбатлівай бабы і, пацешыўшыся, зноў выкінула яго на берац даставаў купец з кашалька грошы, упусціў з дрогкіх пальцаў у ваду — прыцягнула хваля срэбныя круглячкі на пясок.