Спала рака. Спаў горад. Ваўкалак не крычаў.
У гэты самы час каля возера Валовае, што, як бліскучы сподак, ляжыць у полі побач з горадам, сустрэлася некалькі чалавек. Яны моўчкі вынырнулі з цемры, з цішыні, моўчкі ўзышлі на ўзгорак, сталі на калені перад невялікім ідалам. Грубатвары ідал быў вычасаны з чырвонага цвёрдага пясчаніку. Калісьці тут высока і горда стаяў залатавусы каменны Пярун, было паганскае капішча, было заўсёды шматлюдна і шумна, але прыйшлі з полацкай Сафіі хрысціяне, усё зруйнавалі, знішчылі, і застаўся толькі гэты сціплы ідал. Удзень яго хавалі пад карчом на беразе возера, а ўначы моцныя і адначасна мяккія, пяшчотныя рукі даставалі яго з вады, ставілі на самай вяршыні ўзгорка.
Маўклівью начныя людзі памаліліся ідалу, потым усклікнулі ціха, але з прытоенай сілаю:
— Рубон!
Гэта быў баявы кліч палачан, з гэтым словам полацкія дружыны ішлі ў бой пад Ноўгарадам і на Нямізе.
Некалькі імгненняў усе маўчалі. Маўчаў ідал. Святло ад слабой мільгатлівай зоркі падала на пукаты чырвоны лоб.
— Што рабіць? — парушыў цішыню малады звонкі голас. Той, што сказаў гэтыя словы, хваляваўся, голас ягоны дрыжаў.
— Трэба падумаць, баярыч Гвай. Трэба моцна падумаць, — прагучала ў цемры. — Бачыш: Полацк стаіць. Ноч. Сабакі выюць на звяр'ё.
— Ноч не скончыцца, калі мы ўсе будем спаць, — гучна і рэзка сказаў Гвай. Ён зашумеў цёмным плашчом, нецярпліва тупнуў нагою. — Бяда па бядзе як па нітцы ідзе. Няўжо ты гэтага не заўважаеш, Раман? А можа, ты таксама прынясеш роту Мсціславу?
Адразу ж за гэтымі словамі пачуўся звон металу — раз'юшаны Раман выхапіў з похваў меч. Некалькі чалавек парывіста кінуліся між імі.
— Што вы робіце? Не трэба! — захваляваліся ўсе. — Пачуюць у горадзе, і нам нездабраваць. Мірыцеся! Хутчэй мірыцеся!
— Прабач, Раман, — ціхім голасам сказаў Гвай. — Я зняважыў цябе, але, павер, я не хацеў гэтага. Само слова выскачыла. Цябе ўчора паранілі стралой на пасадзе, ты праліў кроў за Полацк, а я...
Раман шумна, узбуджана дыхаў. Усё ўнутры яго клекатала ад абурэння і крыўды. Ён, яшчэ трымаючы ў правай руцэ меч, левай моцна, усімі пальцамі, сціснуў сабе лоб, стаяў, як нежывы.
— Ты мяне да кораню з'ядаеш, баярыч, — сказаў ён нарэшце Гваю. — Ты мяне проста ў сэрца б'еш. Цяжка слухаць твае словы. Але я ведаю, што не ад злосці да мяне ты іх кажаш, бо справядлівая ў цябе душа. Пра Полацк ты думаеш, пра вотчыну Рагвалода, пра зямлю Усяслава, князя нашага, які ў Кіеве ў цёмным порубе сядзіць. Вернасць Усяславу мы даказалі справаю. Гняздзіла, — ціха паклікаў ён, — дзе ты?
— Я тут, — стаў перад Раманам высокі шыракаплечы чалавек.
Раман паклаў руку на ягонае плячо.
— Добры з цябе ваўкалак. Так выеш, аж сэрца калоціцца. Князю Мсціславу ад твайго выцця не спіцца на дзядзінцы.
Усе ціха засмяяліся. Усе падыходзілі да Гняздзілы і паляпвалі яго па плячы.
— Братанічы, — звярнуўся да ўсіх Раман, — дзякуй вам за адвагу, дружына мая начная. Калі Бог злучыць, чалавек не разлучыць. Я веру, што ніякая сіла не разлучыць нас, бо за Полацк свой меч мы ўзнялі. «Там, дзе вас двое, там і царква мая», — сказаў Хрыстос. Нас не двое, нас болей, і мы ведаем, якой справе наш меч служыць. Але нельга ўвесь час толькі палохаць князя Мсціслава. Мсціслаў, як і ўсе кіеўскія князі, непалахлівы, баявым кап'ём ускормлены. Трэба ў чыстае поле выходзіць, біцца трэба, ды малая ў нас раць. Стопчуць нас кіяне, як на Нямізе стапталі. Я быў там, я памятаю.
Ён змоўк. Усе глядзелі на яго і ведалі, што ён зараз бачыць душой сваёю. Бачыў Раман зледзянелую Нямігу, каляны густы снец чырвоныя шчыты палачан і кіян, залітыя крывёю кальчугі, сцягі і мячы, агонь яраснай сечы і цяжкія суровыя слёзы паражэння на вачах у князя Усяслава.
— Што ж рабіць? — нецярпліва выгукнуў Гвай.
— Я памятаю, — быццам не пачуўшы Гвая, казаў далей Раман. — Потым князя Усяслава схапілі каля Ршы, у поруб завезлі. Сям'я ягоная з княгіняй Крутаславай і часткай дружыны стаіліся ў пупгчы, за Дзвіной. У Полацк Мсціслаў з вялікай сілаю прыйшоў, сеў на полацкі сталец. Баярства нашае патрохі да новага князя прывыкае, ужо і роту некаторыя прынеслі Мсціславу. Пройдзе сонцаварот, другі, і забудземся ўсе пра Усяслава, пра Рагнеду, бо мёд і пры Мсціславе салодкі і п'яны.
— Не забудземся! — усклікнуў Гвай. Адабральным гулам яго падтрымалі ўсе іншыя.
Раман уладна ўзняў угору дзясніцу ў баявой пальчатцы, патрабуючы цішыні.
— А пакуль не забыліся, — сурова сказаў ён, — пакуль помніце Палату і Рагнеду, давайце зноў станем на калені і паклянёмся душамі продкаў, якія слухаюць нас зараз і глядзяць на нас, што ніколі не здрадзім ні адзін адному, ні справе, якая злучыла нас.