Усе апусціліся на калені. Вецер трывожна зашумеў над узгоркам. У возеры захвалявалася, пацямнела вада. Раптам па змрочным небе, распырскваючы бледна-залатыя іскры, слізганула буйная хвастатая зорка. «Нябёсы даюць нам добры знак», — з радасцю падумала большасць прысутных. «Нябесны камень паляцеў, — падумаў баярыч Гвай. — Упадзе за Дзвіной у пушчу, і памрэш, не знойдзеш яго». А баярскі халоп Гняздзіла, які трымаў на повадзе коней, толькі лёгка ўздыхнуў — зноў цмок панёс некаму багацце. Калі яркая палоса ў неба — золата панёс, калі бледная — срэбра, калі цёмная — хлеб і зерне. Гаршчок срэбра нехта знойдзе раніцою на сваім парозе.
— Братанічы, сустрэнемся роўна праз сядміцу на гэтым самым месцы, — узняўся з каленцаў Раман. — Хай кожны з вас будзе адважным і моцным, як тур, маўклівым і пільным, як начная сава. Рыхтуйцеся, чакайце, збірайце верных людзей, а я за гэты час пастараюся сустрэцца з княгіняй Крутаславай у задзвінскай пушчы.
Ён кожнага абняў і тройчы пацалаваў, кожнаму паціснуў дзясніцу. Потым лёгка ўскочыў на каня, якога падвёў Гняздзіла, ударыў каня рукою па шыі і, узляцеўшы на самую вяршыню былога капішча, крыкнуў адтуль:
— Рубон!
— Рубон! — адказалі яму ўсе і пачалі садзіцца на коней. У каго ж не было каня, кіраваўся ў сваю дарогу пешкі. Неўзабаве з цемры пачулася, як Раманаў конь, збегшы з узгорка, зацопаў па балоце.
Гвай сеў на свайго Дубка, паехаў следам за Раманам. Амаль цэлае попрышча ехаў адзін, потым гняўліва спыніў каня, свіснуў, нецярпліва крыкнуў:
— Гняздзіла!
— Я тут, баярыч, — азваўся з цемры Гняздзіла.
— Дзе ты кешкаешся, чортаў халоп?
Гняздзіла на чорным кані адразу ж пад'ехаў да гаспадара. Белыя доўгія валасы ўзвіхурыў начны вецер.
— Тваё месца каля мяне, ззаду мяне, — строга сказаў Гвай. — Чаму я ніколі не магу цебя дагукацца?
Гняздзіла маўчаў.
Былі яны адналеткі, баярыч і халоп. Гняздзілу ў свой час вывелі з палонам з Тураўскай зямлі, а быў ён да свайго халопства сынам вольнага смерда. Моцны, кемлівы і спрытны, ён нядоўга хадзіў на баярскім полі за сахою, выбіўся ў баярскія канюшыя, бо дужа любіў коней, мог звалодаць з самым гарачым скакуном.
— Здаецца, Дубок прыкульгвае на левую пярэднюю нагу, — пасля працяглага маўчання сказаў баярыч.
Гняздзіла адразу ж саскочыў са свайго каня, са словамі: «Дазволь, баярыч», падняў Дубку нагу, пагладзіў яе, паціскаў вялізнымі пальцамі, потым нечакана рэзка трасянуў.
— Гатова, баярыч, — сціпла выдыхнуў ён.
Гвай з недаверам чмыхнуў носам, але адчуў, што конь пайшоў лягчэй, весялей.
Яны кіраваліся на паўднёвы ўсход ад Полацка, у тое месца, дзе рака Сосніца ўліваецца ў Дзвіну. Там была вотчына бацькі Гвая баярына Аляксея, на крутой выспе стаяла сядзіба, абгароджаная дубовым тынам.
Маўклівая ноч церусіла над пушчамі і балотамі свой адвечны сум. Страхотна было і няўтульна. Гразь чвякала пад конскімі капытамі. Кажаны, што гняздзіліся ў тоўстых дуплістых вербах, здаецца, гатовы былі сесці на галаву. Маладыя зайцы і птушкі, палохаючы коней, зрываліся са сваіх цёплых ляжанак і гнёздаў. У цёмнай непраходнасці лясоў чуліся трэск і сапенне — ішло вялікае цяжкое звяр'ё. Начная зямля гула, уздрыгвала, калацілася, бо столькі сіл бушавала ў ёй і на ёй, столькі жыццяў загаралася і тухла ў змроку.
Раптам леваруч ад Гвая з Гняздзілам з невялікага бярэзніку пачуўся ціхі працяглы свіст. Старонняму вуху магло здацца, быццам падала голас нейкая начная птушка, але баярыч ведаў, што гэта свішча Раман. Ён увесь радасна страпянуўся, паджучыў Дубка, памчаўся туды, дзе слаба свяціліся тонкія бярозы. Гняздзіла моўчкі шнураваў за ім.
— Ты, Раман? — ціха выгукнуў Гвай у змрок.
— Я.
Раман выйшаў з бярэзніку. Непадалёку асцярожна скуб траву конь.
— Ці дазволіш, баярыч, у цябе пераначаваць? — запытаўся Раман у Гвая, узяўшыся за ягонае стрэмя.
— Аб чым кажаш, Раман? Радасць для мяне будзе вялікая, калі ты паедзеш са мною. Мой дом — твой дом.
— А твой бацька? Баярын Аляксей, я чуў, строгі, — усё не мог рашыцца, усё распытваў Раман.
— Бацька чалавек збожны, міласэрны, — успыхнуў Гвай. — Мала што хто гаворыць? Каб ён ды не пусціў на парог госця, асабліва палачаніна?
— Тады — у сядло!
Раман лёгка ўскочыў на каня, паехаў побач з Гваем. Баярыч быў, вядома ж, задаволены, што чалавек, на якога ён ледзь не маліўся, будзе начаваць у ягоным доме, але словы пра бацьку, сказаныя Раманам, непрыемна ўкалолі самалюбства, і ён, каб неяк згладзіць, выгнаць з душы няёмкасць, накінуўся на свайго халопа.