Выбрать главу

— Гняздзіла, чаму адстаеш, едзеш як мокрая курыца? Глядзі, бізун заходзіцца каля тваіх плячэй!

Маўклівы Гняздзіла ўжо даўно прывык да нечаканых успышак гаеву ў свайго маладога гаспадара і таму спакойна выслухаў чарговую пагрозу баярыча. «Хай пакрычыць, — разважаў канюшы. — Крык не бізун, ад яго скура не свярбіць».

Шчаслівы Гвай, адразу ж забыўшыся пра халопа, ехаў стрэмя ў стрэмя з Раманам, і радасна ёкала сэрца, як у маленькага зайчыка, што ўпершыню выбег у неабсяжнае поле з-пад бацькоўскага куста. Як ён любіў зараз Рамана! Старэйшы таварыш-аднадумнік уяўляўся яму Аляксандрам Македонскім. Хавайцеся ў свае пустыні, персы! Дрыжы, Індыя! Ідзе на вас магутны непераможны Аляксандр, цар цароў, і побач з ім яго адважны збраяносец. «Усё аддам за Рамана, — расчулена і ўзнёсла думаў баярыч. — Брашно сваё, і жыццё сваё. Славу разам з ім вялікую здабуду».

Рамана ж у гэты час дапяклі самыя будзённыя, самыя зямныя думкі. Яму, былому старшаму дружынніку князя Усяслава, за апошні сонцаварот столькі давялося перацярпець. На Нямізе яго паранілі кап'ём у левае плячо. Доўга лячыўся ў зялейнікаў, а калі ўзняўся на ногі, Усяслава павезлі ў Кіеў, у поруб, дружыны князевай не было. Рухнуў свет, раней такі звычны, такі ўстойлівы і зразумелы. Раней князь быў пчалінай маткаю, а яны, дружыннікі, — нястомнымі пчоламі. Па сядміцы з сёдлаў не злазілі, Полацку і князю славу здабывалі. Куды толькі не дабягалі іхнія баявыя коні! Да Ноўгарада і Смаленска, да ракі Наровы, дзе ў цёмных пушчах жывуць яцвягі, да Варажскага мора, куды нясе вясновыя крыгі Дзвіна, нямоўчны полацкі Рубон. Разбілі, запаланілі Усяслава, і няма да каго галаву прыхіліць. Не сахой ці ганчарным кругам, а мячом прывык здабываць свой хлеб Раман. Меч застаўся, вось ён, цяжка вісіць на левым сцягне. Толькі няма таго, каму гэты меч хоча верна служыць, няма князя Усяслава, а ў Полацку сядзіць Мсціслаў. Вотчынай Рагвалодавых унукаў валодаюць Яраславічы.

— Хутка прыедзем, — весела сказаў Гвай. — Ужо агонь бачу. Кацера не спіць, мяне чакае.

— Хто гэта? — спытаўся Раман, пачуўшы незнаёмае імя.

— Кацярына, малодшая сястра, — растлумачыў Гвай. — Прыгожая. Ды ты сам убачыш, Раман. Яна ўсё ведае. Яна за нас, — ціха дадаў ён.

— Што яна ведае? — рэзка спыніў каня Раман. Гвай разгубіўся.

— Што ж ведае Кацера, баярыч? — насядаў Раман. — Няўжо ты расказваў пра начную дружыну, пра ўсіх нас?

— Яна нікому не выдасць, — горача запярэчыў Гвай, і голас ягоны дрыжаў. — Гэта мая родная сястра. Яна бачыла ўва сне Рагнеду. Кацера за Полацк, за нас.

Баярыч ледзьве не плакаў. Але Раман, раптоўна адчуўшы вогненны шал крыві ва ўсім целе, крута развярнуў каня.

— Куды ж ты? — саскочыў з Дубка ў начную гразь Гвай. — Прашу цябе, Раман, брат мой названы, застанься. Прашу цябе. Вазьмі нож і адрэж мне язык, калі сястра скажа каму хоць слова. Ды я яе сам заб'ю, задушу, хоць няма на свеце чалавека радней, чым яна.

Раман пранізліва гнянуў на ўшчэнт разгубленага баярыча, падумаў, сказаў сухім чужым голасам:

— Толькі адну ноч я пабуду ў цябе. Заўтра з сонцам паеду.

I ні слова — куды паедзе, з кім паедзе. Катаваннем душы быў такі недавер для Гвая.

Цёмнай аграмадзінай выплыла маўклівая баярская сядзіба, абгароджаная шчыльным дубовым тынам. Пакуль што маўчалі сабакі, не пачулі верхавых, бо вецер дзьмуў якраз у твар начным гасцям. Толькі кропелька святла ззяла ў густой цемры — Кацера не спала, чакаючы брата.

Раптоўна, як сшалеўшы, узышліся, затрывожыліся сабакі. Звонкі гучны брэх раскалоў цішыню. Засвяціліся паходні, свечкі. Босыя ногі зашлёпалі па баярскім двары.

— Хто будзеце, начныя госці?! — пагрозна крыкнуў з-за тыну, мяркуючы па голасе, ужо стары чалавек.

— Адчыняйце! Гэта я, — адказаў Гвай.

— Хто з табою, баярыч? — не сунімаўся старэчы голас.

— Адчыняй, Сцяпан! — раздражнёна загадаў Гвай. — Са мной мой сябра, і мы здыхаем з голаду.

Грукнула цяжкая завала. Дубовая, абабітая жалезнымі палосамі брама неахвотна расчынілася. Маленькі светлагаловы дзядок з паклонам сустрэў Гвая, сказаў пабачліва:

— Шмат злых людзей, галаўнікоўраспладзілася на зямлі. Здрадныя душы ў іх. Маглі, баярыч, захапіць цябе падманам або сілаю і прывесці да сядзібы, каб за тваімі шырокімі шіячамі на двор уварвацца.

— Стары ты ўжо. Ледзь ківаешся, — весела паляпаў Гвай Сцяпана па худым плечуку.

— Стары, — згадзіўся пакорліва той. — I дурны. А вунь і баярын Аляксей ідзе. Чакаў сынка.

Гвай імкліва пайшоў насустрач бацьку. Баярын Аляксей быў высокі, з шырокай чорнай барадой, з вялікім гарбатым носам. Чэлядзь надворная, грудзячыся наўкол, трымала запаленыя паходні, і ў няроўным зменлівым святле твар у баярына то цямнеў, то рабіўся залаціста-жоўтым. На плечы баярын накінуў лісіны кажух, абшыты ўзорыстым ляшскім золатам. На нагах у яго боты з цвёрдай звярынай скуры.