Выбрать главу

Баярын з любасцю паглядзеў на дачку і раптам перахапіў позірк, які Раман кінуў на Кацеру. «Ах ты кот памаўзлівы! — у думках аж захлынуўся ад гаеву баярын. — Куды вокам учапіўся?! У дачку маю. У баярышню. А хто ты сам? Целяпаецца ля пояса меч, і ўсё. У мяне такіх мячоў поўная камора. Не, галубок. Прыйшоў з віроў і ідзі туды ж».

Баярын шумна ўзняўся, перахрысціўся на бажніцу, сказаў:

— Будзем спаць класціся. Чалядзіны, тушыце свечкі.

Раман спаў на велізарнай мядзведжай шкуры. Не, ён не спаў, падклаўшы пад галаву рукі, ляжаў на спіне, глядзеў у цемру перад сабою. Недзе павук кавенчыў муху, што на сваю бяду трапіла ў павуціну, але вельмі хутка муха змоўкла, і зрабілася ціха, ціха да дрыжыкаў ва ўсім целе, да млоснага страху. Здавалася, што раптоўна вымерла ўся баярская сядзіба — не гаварыў чалавек, не ржаў конь, не мяўкаў кот, не лопаў крыллем певень. Няўжо ўсё так моцна спіць? Няўжо Кацера таксама спіць?

Раману хацелася, каб прыгожая дзяўчына не спала, каб яна, як ён, услухоўвалася ў глухую цемру, чагосьці чакала, як і ён. Але чаго ён чакаў? Якое святло магло ўспыхнуць у апраметнай цемры, каб ад з'яўлення гэтага святла соладка і балюча ўздрыгнула душа? Ён не ведаў. Ён чакаў.

Па-кашачаму ціха ступала ноч, ваўкавокая ноч, велізарная ноч. Сваім полагам яна зацягнула неба і зямлю ад Полацка да Кіева, крочыла праз пскоўскія лясы, праз чорныя гразі смаленскія аж да цёплага васільковага мора, дзе ў шаломах мёртвых віцязяў жывуць каменнаскурыя крабы і залатапёрыя рыбы. Ноч адным сваім крылом слаба шалясцела над бяссонным Раманам, другім дакраналася да поруба, у якім пасля доўгіх размоў з пячэрскімі чарняцамі зноў пасадзілі князя Усяслава. Нікому не было паратунку ад ночы. Болыдасць людзей скаралася ёй, і людзі засыналі, хто з трывогаю, хто з надзеяй. Той жа, каго не перамагла ноч, не спаў, да драбніц прыпамінаў пражыты дзень, пражытае жыццё.

Баярыну Аляксею таксама не спалася. Пра сына Гвая і пра дачку Кацярыну думаў баярын. Не з дабром (задаві яго гарой!) прыехаў сёння гэты князеў дружыннік Раман. Зваду, смуту прынёс у сям'ю. Глянуў вогненным д'ябальскім вокам і Кацярыну да сябе, як ланцугамі, прыкаваў. Ужо казала чалядзінкам, што дужа падабаецца ёй прыгожы Усяславаў грыдзень. Праўда, тое, што кажуць жанчыны, трэба запісваць не на пергамене і не на бяросце, а на паветры і на хуткаплыннай рачной вадзе, бо ўсё ў жанчын мяняецца, ніколі няма пастаянства ў доўгавалосых і доўгаязыкіх Евіных дачок. Ды баярын добра ведаў Кацярыну і непакоіўся за яе, бо мела яна бацькаў нораў — гарачы і неадступлівы.

Адразу ж успыхнула злосць на Гвая, на сына. Дуралей, дурдоля, ярыга. Шастае па зямлі, як вецер. Няма клёпу ў галаве. Адно ведае — піць, гуляць, а як вып'е лішняе, затуманіцца і цягне на бацькаў двор усіх сваіх хаўруснікаў.

Баярын Аляксей гнеўна ўзняўся з шырокага одра, памацаў рукою і запаліў свечку. Потым пашукаў вачамі, каб якое радно накінуць на плечы, але нічога не знайшоў, злосна плюнуў. Так і пайшоў да сына ў сподняй кашулі, з адкрытай валасатай грудзінаю.

Гвай спаў, згарнуўшыся ў клубок, нешта мармытаў ува сне, чвякаў мокрымі губамі. Баярын у нейкім шаленстве схапіў сына за вуха. Яно было мяккае, ружовае.

— Уставай, змяёк ты гэткі! — злосна прашыпеў баярын. Поўную волю голасу не даў, не хацеў, каб Раман і чэлядзь пачулі.

Гвай усхапіўся, сеў. Вочы былі спалоханыя, туманныя. Баярын пляснуў сына па шчацэ, праўда, нямоцна, а толькі дзеля страху.

— Каго з сабою прыцягнуў? — пранізваючы Гвая навылёт чорнымі бліскучымі вачамі, запытаўся Аляксей.

— Бацюхна, за што караеш? — прыкрыў шчаку далонню Гвай. Ён усё яшчэ ніяк не мог прачнуцца, і думалася яму, што б'юць яго і аб нечым пытаюць у яго ўва сне.

Тады баярын пачаў дзейнічаць ужо болын спакойна і разважліва. Узяў залачоны рамейскі кубак, зачэрпнуў вады з дубовага, акаванага жалезнымі абручамі вядра і плюхнуў халоднай вадою сыну ў твар. Гвай на імгненне захліпнуўся, потым затрос галавою, залямантаваў:

— За што караеш?! У чым я вінен перад табою?

— Ціха, ірадава семя, — асадзіў сына баярын. — Каго, пытаюся, прывалок з собою?

— Я ж казаў, — нарэшце ачомаўся Гвай. — Гэта Раман. Лепшы меч Полацкай зямлі.