I вось цяпер, седзячы на дубовай падлозе пад пільнай аховай безгалосых парадзіх, Кацера адчувала, як ажывае, пякуча звініць у глыбіні душы таемная трывожная струна, якую крануў, сам таго, пэўна, не заўважыўшы, малады Усяславаў дружыннік. Вялікі страх браў Кацеру, але не клетніка яна ўжо баялася, не хітрага бясшумнага дамавіка з мяккімі валасатымі пальцамі, а таго нечаканага пачуцця, што ўспыхнула ў ёй і разгаралася, і не было ад зманлівага салодкага полымя ніякага паратунку. У дзікаватай, заглыбленай у свае незразумелыя староннім думкі дзяўчыне прачыналася жанчына. I не адну толькі радасць несла з сабой гэтае прачынанне. Былі ў ім туга па незваротных юных днях, якія болей не паўторацца, па ранішніх беласнежных лілеях, якія ўсплывуць, вядома ж, не раз яшчэ ўсплывуць з чорных прадонняў азёр, але ўжо не ддя яе. Дзявочая душа, кожная ў свой час, павінна перарадзіцца, пераліцца ў душу жаночую, больш мудрую і шчодрую. «Навошта Гвай запрасіў да нас Рамана? — разгублена думала Кацера. — Каб я яго не ўбачыла, я спявала б свае песенькі, слухала шум лесу і ракі. I ўсё было б добра, усё было б добра...» У такіх думках, у такіх бяссонных мроях мінулася ноч.
Назаўтра баярыня Вольга, убачыўшы дачку, слаба шіяснула хворымі рукамі, усклікнула:
— Авохці мне! Што з табой, Кацера? Ці здаровая ты?
— Здаровая, матуля, — адказала Кацера і пацалавала маці ў бледную халодную шчаку. Яна любіла маці, моцна любіла, але жаласлівай любоўю, і таму ніколі не адкрывала ёй сваіх сардэчных таямніцаў.
Баярын Аляксей адразу ж здагадаўся, які чарвяк точыць румяны яблычак. «I сына і дачку хоча ў адну кішэнь увапхнуць», — з гняўлівай злосцю падумаў ён пра Рамана. Але госця не гоняць з двара, вялікі грэх і сорам адмовіць у прытулку падарожніку, і баярын, прыязна ўсміхаючыся, зноў пачаў частаваць Рамана. Улучыўшы ж хвілінку, загадаў свайму вернаму цівуну Макарыю конна імчаць у Полацк і перадаць ваяводу Ануфрыю аб змове, якая учыняецца супраць яго і Юева. Макарыю не трэба было паўтараць, — толькі рыжы конскі хвост мільгануў над Дзвіной пасля баярскіх слоў.
Гвай піў мала, стараўся не глядзець у вочы Раману. Каб хто сказаў яму раней, што ён, Гвай, можа зрабіцца здраднікам, прадаць блізкага чалавека, ён раскалоў бы за такія словы крыўдзіцелю чэрап. Ды не ўстаяў перад бацькам, зламаўся, расказаў пра начную дружыну, пра ўсе клятвы і адчуваў цяпер сябе нібы ў пекле на гарачых вострых вілах.
А Кацера з Раманам усё смялей усміхаліся адно аднаму, ужо разам кветкі рвалі на стромкім беразе Дзвіны. I столькі радасці было ў вачах, што кожны, хто глянуў бы на іх у гэты час, адразу б сказаў: «Закахаліся. 3 адной крыніцы паіў іх Бог».
«Па кажуху і рукаў шукай», — шалеючы ад гневу, думаў між тым баярын Аляксей. Ніколі таму не быць, каб баярская дачка мілавалася з бязродзічам. Што з таго, што гэты Раман княжы дружыннік? Дзе ягоны князь? Сядзіць, як чарвяк, пад зямлёю. Князь толькі той, хто сілу мае, уладу, харобрую дружыну, перад кім сама шапка з галавы на зямлю валіцца.
Кацера ж, як сапраўднае дзіця лугоў і пушчаў, цалкам аддавалася сваёй радасці. Весела і хораша было ёй. Струна ў глыбіні душы спявала на поўны голас, і Кацера, не хацела спыняць гэту шчаслівую песню.
— Вой, — сказала яна, смеючыся, Раману, — Гвай хваліў цябе, што дужа добра ты мячом і дзідай б'ешся. Праўда?
— Можа, і праўда, — сціпла прамовіў Раман.
— А ці можаш ты ў казіны рог згуляць?
— Ніколі не гуляў, — прызнаўся Раман.
— Эх ты. А яшчэ Усяславаў грыдзень. Ілядзі.
Кацера хуценька сабрала чалавек дваццаць маладых чалядзінаў, баярскіх радовічаў, усіх, хто быў у гэты час на двары. Яны ўзялі загадзя падрыхтаваныя доўгія арэхавыя кіі, круглы драўляны шар, падзяліліся на дзве дружыны і з аглушальным радасным лямантам пачалі заганяць шар за выкапаную ў зямлі рысу. Кожная дружына імкнулася як найхутчэй загнаць шар за рысу праціўніка. Вэрхал стаяў несусветны, пот блішчаў на шчоках, з гучным ляскам сутыкаліся, скрыжоўваліся кіі. Відно па ўсяму, не першы раз бачыў шырокі баярскі двор такую гульню-сечу. Але самае нечаканае ддя Рамана было тое, што прыгожая Кацера таксама схапіла кій і рынулася ў самую гушчу гульцоў. «Ну й дзяўчына», — аж прыцмокнуў языком Раман.