У гэты міг аднекуль зверху, здавалася, з самага неба, прагучаў голас, які пачулі ўсе.
— Бацька! — адчайна крыкнула Кацера. — Глянь сюды! Калі ты не адпусціш жывым воя, я скокну ўніз, я разаб'юся!
Усе ўскінулі галовы. Кацера стаяла на самым вільчыку церама. Адной рукою яна трымалася за дубовы шост, на якім мацаваўся вясёлы расфарбаваны пеўнік, нагу занесла над безданню. Ніхто не мог даўмецца, калі і як баярышня апынулася там. 3-пад чырвонага какошніка вырываліся светлыя струмені валасоў.
Баярын Аляксей пахмурна глядзеў на дачку, потым вяла махнуў рукою. Твар у яго зрабіўся змаршчакаваты, стары. Чаляднікі выпусцілі з рук камяні, бязладнай маўклівай гурбою падаліся туды, адкуль выбеглі. Толькі сабакі засталіся нерухома ляжаць пасярод двара.
— Беражы цябе Бог, баярышня Кацярына. Век цябе не забуду, — сказаў Раман, цяжка ўзнімаючыся на ногі. Смылелі плечы, камень разбіў калена.
— I я цябе не забуду, Раман, — пабляднела Кацера. — Вазьмі мой абярог, няхай сілу табе дасць у далёкай дарозе-пуцявіне.
Яна заняла з тонкага смуглага запясця срэбны бранзалет, кінула зверху. Раман спаймаў бранзалет, пацалаваў, пакланіўся Кацеры.
— Дайце каня княжаму дружынніку, — загадаў баярын.
Адразу ж на апусцелы двор, трымаючы Раманавага каня на повадзе, вылецеў на вараным кані Гняздзіла, пэўна, даўно чакаў гэтага імгнення. Раман, прыкусваючы губу, павольна ўзлез на каня, яшчэ раз нізка пакланіўся Кацеры. Стары Сцяпан адчыніў браму, а сам усё глядзеў на сваіх нерухомых сабак, над якімі ўжо густа кружыліся мухі. Такія былі добрыя псяюкі!
— А гэты куды едзе? — ачнуўшыся ад здранцвення, тыцнуў пальцам баярын Аляксей у свайго канюшага Гняздзілу.
— Няхай едзе, — умольна папрасіў бацьку Гвай і апусціў вочы долу. — За мяне...
Баярын уважліва паглядзеў на сына, зморшчыўся, плюнуў і старэчай хадою пайшоў у церам...
Белавалод з Ульяніцаю, як і абяцаў Ядрэйка, атабарыліся ў ягонай істопцы. Не надта каб раскошнае было жытло, не княскае і не баярскае, але яны былі разам, заўсёды разам, мелі дах над галавою, ложак. А што яшчэ трэба закаханым?
Жонка і дзеці сустрэлі Ядрэйку як прыхадня з таго свету. Жонка спачатку абамлела, меншы сынок схаваўся ў дзежку. Дзве сядміцы не было чалавека дома, звёз чалавека ў пушчу Іван Вогненная Рука, і вось зноў стаіць ён на парозе, пачэсвае круглы жываток і ўсміхаецца.
— А вось і я! — весела закрычаў Ядрэйка, азіраючы сваю хатку. — Жонка ці звонка, дзеткі ці гудуць? Ды чаго ты, жонка, снапом валішся? — Ён з бярозавага карца папырскаў вадзічкаю ёй на твар. — Мерцвякоў назад не носяць, але ж я, дзякуй Богу, яшчэ не мярцвяк. Я яшчэ такі жывы, жонка, і ўначы ты гэта зразумееш. Паглядзі, якіх я двух анёлаў прывёў. У пушчы знайшоў, а мо яны мяне знайшлі. А дзе ж мае дзеткі? Дзе мае грыбкі-баравікі, лісічкі-сястрычкі?
Неўзабаве хатка напоўнілася радасцю, шумам, смехам, слязьмі — усім тым, што злучае пасля доўгай ростані людзей, калі гэтыя людзі любяць адно аднаго. Белавалод з Ульяніцаю пазіралі на гэты вясёлы вэрхал, на белагаловых дзяцей, што дружна палезлі на Ядрэйку, як мурашкі на сагрэты сонцам пянёк, пазіралі на самога гаспадара, які нібы звар'яцеў ад доўгачаканай сустрэчы — то мяўкаў катом, то кукарэкаў пэўнем, шчасліва ціскаючы і абдымаючы дзяцей.
— Ого-го! — крычаў Ядрэйка. — Які ж яшчэ жывы! Нясі, жонка, мёд, нясі рыбу, усё, што ёсць!
Белавалод, уладкаваўшыся ў Ядрэйкавай істопцы, адразу пайшоў аглядаць горад, куды яго з Ульяніцаю прывёў лёс. Менск мясціўся ў сутоку Свіслачы і Нямігі, усцяж якіх рос густы лес. Горад ставілі на раўніне, толькі з паўночнага боку быў невялікі ўзгорак на правым беразе Свіслачы, і таму мяняне збудавалі магутны абарончы вал. Чатыры сонцавароты секлі лес, потым сасновыя бярвенні паклалі ў восем слаёў, засыпалі зямлёй, перамешанай з рачным глеем. Вал каля самага свайго падножжа быў шырынёю ў пятнаццаць сажняў. 3 унутранага боку вала ішла яшчэ адна паласа ўмацаванняў — складзеныя з драўляных зрубаў клеці, набітыя вязкай зямлёю. Пад сонцам і ветрам зямля гэтая ператварылася ў сапраўдны камень. Другая паласа ўмацаванняў была значна вышэйшая за першую, каля дзевяці сажняў. Як падумалася Белавалоду, не толькі ад нападу ворагаў клалі вакол горада столькі бярвенняў і зямлі. Ворагам тут, на балоцістай раўніне, была яшчэ й вада. Ад паводак ратаваліся мяняне, узводзячы магутны вал.
Уязная брама з дубовай вежаю была прарэзана ў паўднёвай частцы вала. Вуліца Вялікая вяла ад брамы праз увесь дзядзінец да драўлянай царквы. Побач з царквою ляжалі кучы вялізных камянёў, і круглых, і абчасаных. Відно па ўсяму, Менск збіраўся будаваць каменны храм.