Выбрать главу

На дзядзінцы драўляныя пабудовы стаялі ўпрытык, не было ні пядзі вольнай зямлі. Вузкія вулачкі былі замошчаны жэрдкамі і бярвеннямі. Паўсюль бялеліся і жаўцеліся трэскі — яшчэ нядаўна тут махалі сякерамі цесляры. Шмат добрай ежы мелася для агню, для пажару, які мог усхапіцца знянацку.

Сустракаліся Белавалоду ў час ягонай праходкі па горадзе рукадзельныя людзі, купцы, баяры, але большасць мясцовага люду складалі воі-дружыннікі, у вастраверхіх шлемах, з чырвонымі шчытамі, з дзідамі ў руках, з суровасцю на тварах. Менск быў парубежным горадам Полацкай зямлі, з поўдня і захаду ў любы час маглі падступіць ворагі.

Белавалод убачыў, што за валам амаль не было пасаду. Рэдка дзе туліліся хаткі, дый тыя хацелі зрабіцца непрыкметнымі. Тут, на парубежжы, чалавек яшчэ баяўся жыць у адкрытым полі, уціскваўся, шчаміўся за гарадскую сцяну.

3 напольнага боку вала каля чэзлага балоцістага ляска стаяла змрачнаватая будыніна — пацямнелы ад снегу і дажджу дубовы зруб з каменным крыжам наверсе. Людзі чамусьці абыходзілі гэта месца. Белавалод зацікавіўся, падышоў да лесвіцы, якая была прыбіта да сцяны зруба, залез наверх і ледзь не зваліўся адтуль. Зруб амаль па самы край быў напоўнены чалавечымі касцямі. Упавалку ляжалі шкілеты і чарапы! Вялікія і маленькія, цэлыя і пашкоджаныя. «Касцерня, — здагадаўся Белавалод. — Столькі людзей аддало Богу душу ў сечах, што не хапіла і рук, і сіл закапаць іх у зямлю». 3 дрогкасцю ў нагах паплёўся ён да Ядрэйкі і даў сабе зарок ніколі болей не набліжацца да гэтага страшнага месца.

Ульяніца вельмі баялася, што менскі поп можа не абвянчаць іх, загадае вяртацца ў сваю весь, туды, дзе жывуць хросныя маці і бацька. Але Ядрэйка дамовіўся з папом, і неўзабаве ўсхваляваныя Белавалод з Ульяніцаю сталі перад аналоем. Радасць незвычайная была ў сэрцах. Сонца прамяніста ззяла над Менскам, і Ульяніцы здавалася, што гэта Бог усміхаецца ёй і Белавалоду са сваіх нябесных залатых палат.

Чорнабароды поп у прыгожай рызе, абшытай спадолу залатымі карункамі, праспяваў святую песню, гледзячы ў стары пажоўклы пергамен. Потым узяў Белавалода за чупрыну, запытаўся строгім голасам:

— Скажы мне, жаніх, ці можаш ты быць мужам гэтай маладой? Ці не будзеш біць яе калі-небудзь кулаком або кіем? Пакінеш яе ці не, калі будзе яна хворая, пакалечаная, карослівая?

— Клянуся Богам, — адказаў Белавалод, — што буду ёй добрым мужам аж да самага канання.

Тады запытаўся поп і ў Ульяніцы, ці будзе яна клапаціцца пра сям'ю, ці будзе яна даглядаць мужа, калі Бог пашле на яго кульгавасць, сухарукасць або слепату. Ульяніца паклялася быць вернай мужу да магільнага жвіру. Задаволены поп разам з дзякам надзеў маладым на галовы вянкі, сплеценыя з галінак дрэў і лугавых кветак. Вянкі былі абвіты ядвабнымі стужкамі, і на тых стужках былі словы: «Расціце і размнажайцеся». Потым поп, дзячок і Ядрэйка выпілі мёду.

Пасля вянчання ў царкве вярнуліся да Ядрэйкі і, дачакаўшыся змроку, папрасілі згоды на свой шлюб у старых багоў, у Рода і ў парадзіх. Ядрэйчыха поўнай жменяю сыпала на галовы гарох і жыта. Сўхія гарошыны лёгенька стукаліся Ульяніцы ў лоб і шчокі, каціліся ва ўсе бакі.

Белавалод адразу ж упрогся ў працу. Дастаў з хатулёў і торбаў усё сваё начынне, каб заўсёды быў пад рукою агонь, змайстраваў побач з істопкай невялікую гліняную печачку, наладзіў кавадла, малаткі і малаточкі, і неўзабаве з раніцы да самага вечара стаў чуцен з істопкі дробны няспынны стук. Здавалася, дзяцел дзяўбе старадрэвіну. Ядрэйкавы дзеці часцяком прыбягалі ў істопку, садзіліся наўкол і глядзелі на звяркоў і птушак, што, як жывыя, выплывалі з таемнай глыбіні металу. Белавалоду хацелася як мага хутчэй збыць тавар, зарабіць паболей нагатаў [Нагата — грашовая адзінка, дваццатая частка грыўні] і выкупіць у Ядрэйкі істопку.

Ульяніца варыла есці, мыла і шыла, разам з жанчынамі хадзіла за гарадскі вал у грыбы і арэхі. Аднойчы купіла каля вала рагатую жаўтавокую казу, прывяла на павадку ў істопку. Белавалод адгарадзіў куточак, і пачала каза жыць разам з імі, ды такая аказалася разумніца, удаліца, што яны не маглі нарадавацца, слухаючы яе прарэзлівае, заўсёды нечаканае мэканне, п'ючы салодкае тлустае малако.

Але міналі дні, і сум пачаў тачыць Ульяніцу. Белавалод, заняты сваім рукадзеллем, спачатку не заўважаў нічога, грукаў і грукаў малаточкамі. Ды хмаркі на светлым жончыным твары рабіліся ўсё больш цямнейшыя, і аднойчы Белавалод ласкава ўзяў Ульяніцу за плечы, запытаўся з трывогаю:

— Што з табою?

Слёзы, як спорны дождж, пырснулі ў яе з вачэй.